Суд назваў скаргу Сім’ёна, які прайграў другі тур выбараў, неабгрунтаванай. Пра гэта паведамляе Румынская служба Радыё Свабода.
Джорджэ Сім’ён у сваім пазове заявіў, што на вынікі выбараў паўплывалі вонкавыя сілы. Ён нагадаў, што акурат з гэтай прычыны Канстытуцыйны суд адмяніў у лістападзе вынікі першага туру папярэдніх выбараў, які выйграў яго палітычны саюзьнік, правы папуліст Кэлін Джарджэску.
Джорджэ Сім’ён заявіў, што замежныя дзяржавы, у прыватнасьці, Францыя, "куплялі галасы", накіроўваючы сродкі ў Малдову, і што некаторыя зь бюлетэняў за суперніка Сіміёна нібыта былі падробленымі. Доказаў гэтых заяў ён не падаў.
Мэр Бухарэсту Нікушор Дан, праэўрапейскі палітык-цэнтрыст, набраў у другім туры 18 траўня амаль 54% галасоў, апярэдзіўшы Джорджэ Сім’ёна, які атрымаў 46%. Пасьля аб’яўленьня афіцыйных вынікаў гонкі Сім’ён прызнаў паразу і павіншаваў Дана зь перамогай.
Прыхільнікі ультраправага палітыка апублікавалі ў інтэрнэце мноства камэнтароў, вінавацячы ўлады ў «крадзяжы перамогі Сім’ёна».
Служба вонкавай выведкі Францыі, як адзначае France-Presse, у панядзелак зьняпраўдзіла заявы заснавальніка Telegram Паўла Дурава аб тым, што кіраўнік спэцслужбы перад выбарамі нібыта прасіў бізнэсмэна заблякаваць на плятформе пракансэрватыўныя румынскія акаўнты.
Паўторныя прэзыдэнцкія выбары ў Румыніі былі прызначаныя пасьля таго, як у пачатку сьнежня 2024 году Канстытуцыйны суд скасаваў вынікі першага туру ў лістападзе, у якім перамог Келін Джарджэску (уваходзіў у «Альянс за абʼяднаньне румынаў» раней). Суд спаслаўся на інфармацыю аб умяшаньні Расеі ў выбарчую кампанію на карысьць Джарджэску, што Масква і сам былы кандыдат адмаўляюць.
Цяпер Кэлін Джарджэску пад сьледзтвам.
Форум