Пра сьмерць Сяргея Міцкевіча паведамілі ў сям’і. Зусім нядаўна — 5 траўня — ён адсьвяткаваў 78-годзьдзе.
У Сяргея Міцкевіча застаўся сын Яраслаў.
Маці Сяргея Міцкевіча Натальля Іванаўна — дачка Янкі Маўра, а бацька Міхась Канстанцінавіч — сын Якуба Коласа. Сяргей быў старэйшым у сям’і з трыма дзецьмі. Яго сястра — Марыя, брат — Кастусь.
Сяргей Міцкевіч браў удзел ва ўшанаваньні памяці Якуба Коласа. Напрыклад, ён перадаў Коласаўскаму музэю ў Менску зборнік апавяданьняў «Раніца жыцьця», які ў 1951 годзе падарыў яму дзед.
Адметнай была гісторыя знаёмства бацькоў. Міхась Міцкевіч ехаў у Маскву і пры нагодзе забраў забытае Натальляй Фёдаравай (сапраўднае прозьвішча Янкі Маўра Фёдараў) студэнцкае пасьведчаньне, каб перадаць яго. Яны пазнаёміліся, а затым ажаніліся. Што цікава — сустрэча будучых сужэнцаў адбылася праз сорак гадоў пасьля знаёмства іх бацькоў.
Янка Маўр і Якуб Колас пазнаёміліся ў 1906 годзе ў Мікалаеўшчыне на нелегальным настаўніцкім зьезьдзе, за што потым іх перасьледавалі царскія ўлады.
Разьвітаньне зь Сяргеем Міцкевічам адбудзецца 22 траўня аб 11-й гадзіне ў рытуальнай залі на вуліцы Кульман, 33А.
Форум