Ці гэта толькі артэфакты і шкляныя вітрыны — ці ўсё ж людзі, сэнс і супольнасьць?
Беларусы цяпер жывуць па ўсім сьвеце і ствараюць музэі, архівы і культурныя ініцыятывы, якія захоўваюць тое, што цяжка перавезьці ў валізцы: мову, памяць, адчуваньне сябе. Гэта ня толькі пра мінулае — гэта пра тое, як фармуецца глябальная гісторыя Беларусі і беларускай нацыі.
Ад Лёндану да Нью-Ёрку, ад Вільні да Варшавы — беларускія музэйныя ініцыятывы ствараюць мапу памяці, супраціву і спадчыны. У гэтым тэксьце — кароткі агляд музэяў, дзе можна адчуць, як гучыць беларуская гісторыя за мяжой. І, магчыма, захацець далучыцца да яе.
Вялікая Брытанія, Лёндан. Музэй пры бібліятэцы імя Скарыны
На ціхай лёнданскай вуліцы паміж віктарыянскіх дамкоў стаіць будынак, які беларускія эмігранты між сабой называюць проста — Скарынаўка. Тут, у сэрцы Брытаніі, захоўваюцца старажытныя выданьні, слуцкія паясы, манэты ВКЛ, але галоўнае — дух людзей, што не згубілі Беларусь нават па-за яе межамі.
Скарынаўская бібліятэка і музэй дзейнічае з 1971 году — пачыналася ўсё з калекцыі, сабранай біскупам Чэславам Сіповічам, справу працягнуў айцец Аляксандар Надсан, легендарны душпастыр і знаўца беларускае культуры. Сёньня тут захоўваюцца тысячы кніг і архіваў, у тым ліку фрагмэнты кніг Францішка Скарыны, Статут ВКЛ і рэдкія газэты беларускай эміграцыі, унікальны рукапісны зборнік лягерных вершаў Ларысы Геніюш.
У Скарынаўцы ладзяць прэзэнтацыі, сустрэчы, канцэрты. Зусім нядаўна каманда пачала працу над новай экспазыцыяй — «Музэй Адраджэньня», якая раскажа пра гісторыю беларускага нацыянальнага руху.
Літва, Вільня. Музэй імя Івана Луцкевіча
У Вільні, горадзе, дзе друкаваліся першыя беларускія кнігі, дзейнічала Рада БНР, дзе і цяпер чуваць беларускае слова, існуе музэй, названы ў гонар Івана Луцкевіча, аднаго з бацькоў беларускага Адраджэньня. Ён пераняў традыцыю міжваеннага Беларускага музэю, які пачынаўся з калекцыі Івана Луцкевіча, а кіраваў ім ягоны брат Антон.
Душа сучаснага музэю — людзі, якія дваццаць гадоў зьбіраюць гісторыю віленскіх беларусаў. У экспазыцыі — вышыванкі, фатаздымкі, мапы, газэты, лісты, нават сшыткі вучняў беларускай гімназіі 1920-х. Побач — архіў пратэстаў 2020 году, сьцягі, паштоўкі, успаміны сучасных беларусаў, што зноў вымушаныя змагацца і апынуліся ў Вільні.
Гэта не музэй толькі пра мінулае. Гэта мост паміж эпохамі — ад Луцкевічаў да валянтэраў палку Каліноўскага. Тут можна сесьці за кольківекавы стол, разгарнуць стары фотаальбом і пачуць сучасны голас.
Польшча, Студзіводы. Музэй Малой Бацькаўшчыны
Музэй у вёсцы Студзіводы пад Бельскам Падляскім працуе з 1993 году. Яго заснаваў Дарафей Фіёнік — краязнаўца, які хацеў захаваць побыт, мову і культуру беларусаў Падляшша. З таго часу музэй ператварыўся ў актыўны этнаграфічны цэнтар, дзе сабраныя сотні прадметаў зь вясковага жыцьця: кросны, посуд, строі, абразы, фота і кнігі.
У музэі праводзяцца фальклёрныя сьвяты, выставы, майстар-клясы. Тут месьціцца гурт «Жэмэрва», які запісвае і выконвае мясцовыя народныя песьні. Музэй выдае штомесячны бюлетэнь «Бельскі Гостінэць» і дыскі з аўтэнтычным сьпевам.
Польшча, Гайнаўка. Беларускі музэй — цэнтар культуры на Падляшшы
Беларускі музэй у Гайнаўцы працуе з 1990-х гадоў, гэта асноўная музэйная ўстанова ў Польшчы, якая спэцыялізуецца на гісторыі і культуры мясцовых беларусаў. Тут ня толькі экспазыцыя, але і культурны цэнтар, дзе ладзяць канцэрты, выставы, майстар-клясы і фэстывалі.
У сталай экспазыцыі — прадметы сялянскага побыту, народнае адзеньне, рамесныя інструмэнты, дакумэнты, фота і выданьні пра жыцьцё беларусаў на Падляшшы. Музэй мае добрыя сувязі зь беларускай грамадой, супрацоўнічае з школамі, творчымі калектывамі, мясцовымі аўтарамі. Штогод бярэ ўдзел у акцыі «Ноч музэяў», ладзіць фэст «І тут жывуць людзі» ў розных вёсках Падляшша.
Польшча, Варшава. Музэй Вольнай Беларусі
Музэй Вольнай Беларусі адкрыўся ў Варшаве ў 2022 годзе. Гэта адказ беларускай эміграцыі на падзеі 2020 году, рэпрэсіі і вайну. Музэй стваралі валянтэры, у тым ліку з Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня. Прастору для экспазыцыі бясплатна вылучыла адміністрацыя Варшавы.
Асноўныя тэмы — пратэсты, палітвязьні, эміграцыя, салідарнасьць, вайна ва Ўкраіне. У экспазыцыі — рэчы і дакумэнты ўдзельнікаў пратэстаў, сымбалічныя артэфакты (напрыклад, сукенка «бел-чырвона-белай нявесты», шаўроны палку Каліноўскага, лісты з турмаў). На сьценах — тысячы імёнаў палітвязьняў.
Музэй працуе як культурны і грамадзкі цэнтар: тут адбываюцца лекцыі, сустрэчы, выставы, канцэрты, арт-праекты. Ён удзельнічае ў «Ночы музэяў», штогод рыхтуе спэцыяльную праграму.
ЗША, Нью-Ёрк. Архівы Фундацыі Крачэўскага
Фундацыя імя Пётры Крачэўскага — адна з найстарэйшых беларускіх установаў у ЗША. Яе заснавалі ў 1959 годзе ў Нью-Ёрку эмігранты, зьвязаныя з Радай БНР. Сёньня яна займаецца захаваньнем архіваў, выданьнем кніг і падтрыманьнем беларускае справы ў Амэрыцы.
У Фундацыі захоўваюцца асабістыя архівы дзеячоў, фатаздымкі, пэрыёдыка, дакумэнты беларускіх арганізацыяў, мастацкія працы, рэлігійныя артэфакты, у тым ліку зь лягераў уцекачоў і эміграцыі 1940–50-х гадоў. Некаторыя ўнікальныя матэрыялы могуць стаць асноваю для музэйнай экспазыцыі.
Хоць гэта не музэй у звыклым сэнсе, Фундацыя выконвае музэйную функцыю: тут можна працаваць з архівамі, праводзяць прэзэнтацыі, імпрэзы да беларускіх сьвятаў, лекцыі і сустрэчы.
Форум