Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«З нашай групы іспыт здалі 10%». Як беларускія лекары пацьвярджаюць свае ўменьні ў Польшчы


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Мэдыяпраект фонду ByMedSol «Белыя Халаты» апублікаваў падрабязны дапаможнік «Як пацьвердзіць беларускі мэдычны дыплём у Польшчы». Пагаварылі зь яго стваральнікамі.

Новы дапаможнік фонду ByMedSol дапамагае ня толькі разабрацца ўва ўсіх бюракратычных нюансах, але і падрабязна апавядае пра вялікі пералік дакумэнтаў, асаблівасьці ўсіх польскіх тэстаў і экзамэнаў, пра падводныя камяні, дае парады ў пошуку працы, мае мноства карысных спасылак. Дакумэнт у адкрытым доступе.

«Усё даводзіцца рабіць на энтузіязьме, на валянтэрстве»

Каардынатарка Фонду мэдычнай салідарнасьці Лідзія Тарасенка ў размове з Свабодай кажа, што гэта ўжо трэцяя рэдакцыя дапаможніка, бо праходзіць час, мяняюцца правілы і яго даводзіцца актуалізаваць.

«Першы раз мы ў 2022 годзе кінулі кліч, запрасілі людзей, якія хочуць дапамагчы калегам. Сабраліся каля 40 чалавек, што працавалі некалькі месяцаў, каб напісаць гайды для розных краін. На той момант гэта былі дактары і мэдсёстры з Польшчы, Вялікай Брытаніі, Чэхіі, Літвы і Швэцыі. Яны распрацоўвалі сыстэму для кожнай краіны. Шчыра кажучы, праект задумвалі як даведачны, дапаможны, а атрымалася ўсё вельмі душэўна», — кажа спадарыня Лідзія.

Людзі, якія працавалі над дапаможнікам, ня толькі шукалі і вывучалі дакумэнты, але і самі праходзілі розныя стадыі няпростых шляхоў пацьверджаньня беларускіх дыплёмаў. У некаторых краінах усё больш-менш стабільна, а вось у Польшчы па-рознаму: многае залежыць ад ваяводзтва, ад шпіталя, дзе чалавек спрабуе пацьвердзіць свой беларускі дыплём, і гэта ускладняе працэс, тлумачыць каардынатарка Фонду мэдычнай салідарнасьці.

«У Польшчы ня ўдасца толькі паглядзець дакумэнты і сказаць: будзе так. Некаторыя рэчы дакладна ня вызначаныя заканадаўствам, і працэс пацьверджаньня дакумэнтаў часам залежыць ад канкрэтнага інспэктара, які займаецца вашымі дакумэнтамі — чалавечы фактар! Гэта моцна ўскладняе працу, пастаянна даводзіцца рабіць зноскі: у нейкім ваяводзтве такія асаблівасьці, у іншым крыху адрозьніваецца пакет дакумэнтаў», — тлумачыць Лідзія Тарасенка.

Лідзія Тарасенка
Лідзія Тарасенка

Каардынатарка Фонду мэдычнай салідарнасьці спрабавала падлічыць, колькі чалавека-гадзін пайшло нават не на напісаньне, а толькі на зьмены ў апошняй рэдакцыі тэксту. Атрымалася як мінімум 80 чалавека-гадзін — то бо два поўныя працоўныя тыдні, ня лічачы часу на праверку памылак, рэдагаваньне.

Усё даводзіцца рабіць на энтузіязьме, на валянтэрстве, адзначае спадарыня Тарасенка. І запэўнівае, што дапаможнік для Польшчы атрымаўся самы поўны — ажно на 50 старонках.

«Я буду вельмі ўдзячная, калі людзі будуць прысылаць праўкі, бо сытуацыя мяняецца, хтосьці можа падзяліцца асабістым досьведам. Наш гайд распаўсюджваецца абсалютна бясплатна.

І ў ім ня толькі сухая даведачная інфармацыя, але і клопат пра людзей, парады і прыклады», — кажа каардынатарка Фонду мэдычнай салідарнасьці.

Калі пацьвердзіць дыплём прасьцей

У Польшчы ёсьць два шляхі для выпускнікоў беларускіх мэдычных ўнівэрсытэтаў, каб атрымаць працу паводле спэцыяльнасьці. Першы — клясычны шлях: пацьверджаньне дыплёму (здача настрыфікацыйнага іспыту і моўнага мэдычнага экзамэну). Другі — часовая праца без пацьверджаньня дыплёму паводле спрошчанай схемы (на 5 гадоў, але гэта не пазбаўляе неабходнасьці пацьвердзіць дыплём праз пэўны час).

На думку Лідзіі Тарасенкі, ува ўсіх мэдыкаў розныя шляхі. Хтосьці плянаваў пераезд загадзя і рыхтаваўся, вывучаў мову і спрабаваў здаваць экзамэны ў Польшчы, яшчэ знаходзячыся ў Беларусі.

«Калі вы толькі скончылі ўнівэрсытэт — гэта найлепшы час, каб пераехаць: вы траціце менш часу і праходзіце гэты шлях найменш хваравіта, бо яшчэ памятаеце ўнівэрсытэцкую праграму. Трэба здаць моўны экзамэн і проста пацьвердзіць дыплём — гэта адна працэдура. Учорашнія студэнты спэцыялізацыі ня маюць, ім дастаткова пацьвердзіць дыплём, і далей яны ўваходзяць у той жа цыкль, што і ўсе выпускнікі польскіх мэдычных ВНУ. А калі ў доктара ў Беларусі была практыка, вузкая спэцыялізацыя, яму ўсё адно трэба аднаўляць спэцыялізацыю. І гэта можа заняць шмат гадоў. Тут няма агульнага сцэнара, ува ўсіх па-рознаму», — тлумачыць Лідзія Тарасенка.

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

4–6 гадоў рэзыдэнтуры

Калі чалавек хоча працаваць як лекар-адмысловец (пацьвердзіўшы спэцыяльнасьць, атрыманую у Беларусі), трэба паступіць у рэзыдэнтуру і адвучыцца ад 4 да 6 гадоў, а пасьля пасьпяхова здаць дзяржаўны іспыт (Państwowy Egzamin Specjalizacyjny — PES).

«Хтосьці спэцыялізацыю пацьвярджае хутчэй, хтосьці даўжэй, а камусьці даводзіцца ўсё праходзіць з нуля. Гэта нялёгка, бо часам у сталым узросьце доктар зноў становіцца студэнтам», — кажа Лідзія Тарасенка.

Усе экзамэны платныя. У красавіку 2025 годe кошт настрыфікацыйнага экзамэну ў мэдыцыне складаў 4685 zł (каля 1100 эўра), моўнага экзамэну — пачынаючы ад 700 zł. Плюс пераклад, апастыль дакумэнтаў, платныя моўныя курсы, іншыя выдаткі).

Але ёсьць і добрая навіна. Прынята адмысловая праграма SALT — для экс-палітзьняволеных альбо пацярпелых ад рэпрэсій, якія пацьвярджаюць дыплём за мяжой. Зараз можна атрымаць да 10 000 эўра на пакрыцьцё выдаткаў, зьвязаных з настрыфікацыяй мэдычных дыплёмаў.

«Хоць я не хачу згушчаць фарбы — калі было б так дрэнна і цяжка, ніхто б ня ехаў у тую ж Польшчу. А зьяжджаюць многія. Не ад добрага жыцьця. Прычым і да 2020 году эміграцыя дактароў зь Беларусі была высокай. Пры дастатковым узроўні матывацыі, асабліва калі чалавек можа загадзя рыхтавацца да пераезду, вучыць мову — у яго ўсё атрымаецца. Узровень жыцьця доктара ў Польшчы істотна адрозьніваецца ад узроўню жыцьця ў Беларусі — і заробкам, і ўмовамі працы, і сацыяльнай абаронай», — запэўнівае Лідзія Тарасенка.

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

«З нашай групы экзамэн здалі толькі 10%»

Беларускія мэдыкі, якія ў Польшчы спрабавалі пацьвердзіць свае дыплёмы, як правіла, ня вельмі ахвотна апавядаюць пра гэта, бо шлях гэты надзвычай цяжкі і пакручасты. Нават калі дактары былі пасьпяховымі ў Беларусі. У Беластоку ў 2024 годзе 58% беларускіх лекараў пацьвердзілі свае дыплёмы зь першай спробы. У Быдгашчы — 23%. У Зялёнай Гуры — 51%.

Артапэд Сяргей, які нядаўна ўладкаваўся на сталую працу ў прэстыжны прыватны мэдычны цэнтар у Варшаве, прызнаецца, што, нягледзячы на «чырвоны» беларускі дыплём, ён пацьвярджаў яго ў польскай рэзыдэнтуры цягам 5 гадоў. Прычынай стала тое, што ў яго амаль не было практыкі ў Беларусі і спэцыялізацыю ён фактычна атрымліваў наноў.

Доктарка-эндаскапістка Ірына скончыла Менскі мэдычны ўнівэрсытэт у 1996-м. У апошнія гады працавала ў прыватным беларускім мэдычным цэнтры «ЛОДЭ». Прызнаецца, што цэлы год у Польшчы сур’ёзна рыхтавалася да здачы іспыту на пацьверджаньне дыплёму, не працавала.

«Аднак мае веды ў многім страцілі актуальнасьць — мэдыцына вельмі хутка крочыць наперад. У істоце ты наноў здаеш іспыт за ўсе гады навучаньня: ад пэдыятрыі і хірургіі да анатоміі, біяхіміі і гісталёгіі. З нашай групы ў Беластоку экзамэн здалі 10%. Мне пашчасьціла здаць зь першага разу. Зараз працую як малодшы доктар пад наглядам польскага адмыслоўцы. Каб працаваць самастойна, трэба прайсьці яшчэ стаж і некалькі іспытаў», — кажа Ірына.

«Эмігруюць найбольш адказныя»

Беларускія лекары ня хочуць называць свой заробак у Польшчы, аднак адзначаюць, што самы мінімальны, зь якога яны пачынаюць у Польшчы, істотна перавышае іхны заробак у прыватных беларускіх мэдычных цэнтрах. Згодна з афіцыйнай інфармацыяй, дактары без спэцыялізацыі ў Польшчы атрымліваюць мінімум 2500 даляраў.

Што да ўзроўню падрыхтаванасьці беларускіх мэдыкаў, яшчэ 5 гадоў таму ўсё было значна лепей, адзначае Лідзія Тарасенка.

«Але беларуская мэдычная адукацыя ўжо даўно істотна адстае ад суседзяў, ад той жа Польшчы, на жаль. І ў тэхналягічнасьці мэтодык, і ў даступнасьці да матэрыялаў, тэхналёгіяў, якія бачаць студэнты. На жаль, разрыў зь цягам часу толькі павялічваецца не на карысьць Беларусі.

Хоць у нас цудоўная нацыя: эмігруюць найбольш адказныя, найбольш здольныя беларусы, за якіх ня сорамна. Шчыра кажу: колькі бачу калег — адчуваю проста гонар за іх! І за чалавечыя якасьці, і за прафэсійныя, за тое, як людзі ставяцца да сваёй працы — я ня толькі пра мэдыкаў кажу», — запэўнівае суразмоўца.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG