17 траўня ў Беларускім музэі імя Луцкевіча ў Вільні пачынае працу выстава Марыі Гвардзейцавай пад назвай «Горкія зёлкі». У ёй памяць пра Галакост асэнсоўваецца праз прызму прыроды, паведамілі арганізатары выставы.
Мастачка Марыя Гвардзейцава наведала 12 месцаў масавых пахаваньняў ахвяраў Галакосту ва Ўсходняй Эўропе і сабрала расьліны зь іх.
Гэтыя зёлкі, высушаныя і захаваныя ў батанічных атлясах, сталі асноваю сэрыі каляжаў і інсталяцыяў.
На выставе сушаныя расьліны суседзяць з чалавечымі валасамі і лятэкснымі слаямі, што імітуюць скуру. На думку стваральнікаў экспазыцыі, гэта паказвае, як памяць увасабляецца ў зямлі, целе і расьлінах.
«Гэты праект пра зёлкі, лясы і помнікі — пра ўсё, што засталося ад соцень тысяч забітых людзей», — кажа Гвардзейцава.
Мастачка пераасэнсоўвае словы Ганны Арэнт і пытаецца: «Наколькі трэба забыцца, каб памятаць?»
Куратарка выставы Мая Кацнельсон адзначае:
«Памяць выходзіць за межы афіцыйных помнікаў: „Горкія зёлкі“ бачаць лясы і травы як жывыя мэмарыялы, як ціхіх захавальнікаў памяці».
Выстава адкрыецца вэрнісажам 17 траўня а 16-й гадзіне і будзе працаваць да 17 ліпеня ў Беларускім музэі імя Луцкевіча на вуліцы Віленскай, 20.
Форум