Дваццаць год таму ў Швэцыі штогод на дарогах гінулі больш за 500 чалавек. Гэта амаль 60 ахвяраў на 1 мільён чалавек. У 2017 годзе ў выніку ДТЗ у Швэцыі загінулі толькі 253 чалавекі або ў сярэднім 25 чалавек на 1 мільён насельніцтва. Гэта найніжэйшыя лічбы ў ЭЗ: яшчэ менш людзей сёньня гінуць на дарогах у Нарвэгіі, якая не ўваходзіць у Эўразьвяз.
Для параўнаньня, у Расіі ў 2017 годзе колькасьць загінуўшых на дарогах у пераліку на 1 мільён чалавек склала 130 загінулых, больш чым у пяць разоў больш, чым у Швэцыі. У Беларусі — у сярэднім 62 ахвяры ДТЗ на мільён жыхароў.
У 1997 годзе парлямэнт Швэцыі прыняў стратэгію Vision Zero.
Карэспандэнт тэлеканала Настоящее время Багдан Арлоў паразмаўляў са спэцыялістам па бясьпецы Транспартнай адміністрацыі Швэцыі Матсам-Окэ Бэлін і даведаўся, што і як зрабіла скандынаўская краіна, каб яе дарогі сталі больш бясьпечнымі.
- Зьмянілі падыход да пытаньня дарожнай бясьпекі. Адказнымі сталі стваральнікі дарожнай сыстэмы.
«Ёсьць розныя людзі, якія зьдзяйсняюць самыя ідыёцкія ўчынкі на дарогах і вуліцах. Таму адказнасьць за бяспеку на дарогах аўтаматычна кладзецца на нас, стваральнікаў дарожнай сыстэмы», — кажа Бэлін.
- Замянілі звычайныя двухпалосныя дарогі на дарогі «2 + 1». Яны ў разы таньней за аўтамагістралі і больш як на 90% бясьпечней за звычайныя. Такіх дарог у Швэцыі пабудавалі больш за 3000 кілямэтраў.
- Аддалі перавагу руху па коле клясычным чатырохбаковым скрыжаваньням.
«Традыцыйны падыход для вырашэньня пытаньня бясьпекі на гэтым скрыжаваньні — устаноўка сьвятлафора. Ён сапраўды зьнізіць колькасьць аварый, але тыя, якія адбудуцца, насупраць будуць вельмі сур’ёзнымі. Бо клясычны сцэнар аварыі на сьвятлафоры — калі хтосьці па памылцы едзе на чырвоны: у гэтым выпадку з-за высокай хуткасьці і вялікі кінэтычнай энэргіі зыход часта бывае трагічны.
Але калі мы зробім колавае скрыжаваньне — вынік будзе іншым. Колькасьць аварый на ім можа трохі ўзрасьці: бо праяжджаць круг крыху больш складана, чым проста паварочваць. Але ДТЗ будуць лягчэйшымі, так як перад колам вадзіцелі скідаюць хуткасьць», — так Бэлін тлумачыць перавагу новага падыходу.
- На шматлікіх участках у горадзе хуткасьць аўтамабіля абмежаваная да 30 кілямэтраў на гадзіну.
«Калі вы неабаронены ўдзельнік дарожнага руху, напрыклад, пешаход або роварыст, і вас зьбівае машына на хуткасьці 50 кілямэтраў у гадзіну, то рызыка загінуць у вас каля 80%. Але калі хуткасьць аўтамабіля складае ўсяго 30 кілямэтраў у гадзіну — шанцы загінуць у вас менш за 10%», — прыводзіць статыстыку спэцыяліст па бясьпецы.
- Прыярытэт на дарозе аддадзены неабароненым удзельнікам дарожнага руху: пешаходам і роварыстам, бо яны больш уразьлівыя, чым аўтамабілісты.
- Усталявалі добрыя загараджальныя сеткі каля месцаў міграцыі буйных жывёл
- Стымулююць прафэсійных кіроўцаў усталёўваць у аўтамабілях сыстэму Alсolock — яна не дазволіць завесьці аўтамабіль, калі кіроўца ня пройдзе тэст на алькаголь. Такімі сыстэмамі абсталяваныя 90% школьных аўтобусаў.