Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАЛІТВЯЗЬНЯЎ СПЭЦПРЫЁМНІКА-РАЗЬМЕРКАВАЛЬНІКА НА АКРЭСЬЦІНА СТАЛА НАПАЛОВУ МЕНЕЙ


Любоў Лунёва, Менск

У спэцпрыёмніку застаюцца 10 палітвязьняў. Сярод іх лідэр Маладога Фронту Павал Севярынец, лідэр БНФ Вінцук Вячорка, Вячаслаў Сіўчык, 65-гадовы Ўладзімер Кішкурна, Павал Знавец, некалькі сяброў Маладога Фронту і сябра моладзевага руху “Зубр” Яўген Афнагель.

Учора 6 чалавек выйшлі на волю. Гэта сакратар управы Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Уладзімер Юхо і сябры руху “Зубр” Ігар Віньнікаў, Тацяна Ялавая, Зьміцер Бародка, Лявон Навіцкі і Алег Корбан. Уладзімера Юхо затрымалі за ўдзел у сьвяткаваньні 85-х угодкаў БНР 23 сакавіка, а сяброў “Зубру” — увогуле прэвэнтыўна, за гадзіну да пачатку мітынгу 25 сакавіка на плошчы Якуба Коласа.

Уладзімер Юхо ўпершыню сьвяткаваў Дзень Волі за кратамі спэцпрыёмніка. Ён сядзеў у адной камэры зь лідэрам Маладога Фронту Паўлам Севярынцам, ягонымі паплечнікамі Дзянісам Дашкевічам, Алегам Мядзьведзевым і Зьмітром Філіповічам, сябрам КХП БНФ Валянцінам Малышкам і сябрам АГП Юрыем Фабішэўскім. Спадар Юхо распавёў, што яны бавілі час у палітычных дыскусіях.

(Юхо: ) “Мы абмяркоўвалі сытуацыю, якая існуе ў нашай краіне, а таксама ў Іраку. У нас там было некалькі газэтаў, дык абмяркоўвалі паводле прэсы. Правялі ў камэры выбары прэзыдэнта на ініцыятыву Паўла Севярынца. Кожны вылучаў двух кандыдатаў у прэзыдэнты. Вылучылі Івонку Сурвіллу, Зянона Пазьняка, Міколу Статкевіча, а, паколькі быў прадстаўнік АГП, то й Лябедзьку… Усяго дзевяць чалавек. Усім была дадзеная магчымасьць агітаваць. У другі тур выйшлі Івонка Сурвілла, Мікалай Статкевіч і Зянон Пазьняк. Перамог Пазьняк. На другім месцы Мікалай Статкевіч, а потым Івонка Сурвілла. За кратамі мы вывучылі некалькі новых беларускіх песень. Абмяркоўвалі праблемы, якія тычыліся беларускага адраджэньня”.

Каардынатар руху “Зубр” у Барысаве Зьміцер Бародка са сваімі сябрамі вырашыў не абскарджваць рашэньне суду, бо ня бачыць у гэтым судовай пэрспэктывы.

(Бародка: ) “Нас трымалі ў розных камэрах. Я быў у адной камэры зь Вінцуком Вячоркам, Яўгенам Афнагелем і Ўладзімерам Кішкурнам. Астатніх маіх сяброў трымалі ў іншай камэры. Супрацоўнікі спэцпрыёмніка абыходзіліся з намі больш-менш нармалёва. Я б нават сказаў — ветліва. Яны выконвалі нашы невялікія просьбы”.

Цягам тыдня выйдуць на волю яшчэ некалькі палітвязьняў, арыштаваных на 10 сутак.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG