Лідэр ультранацыяналістычнага «Альянсу за аб’яднаньне румынаў» (AUR) Джорджэ Сім’ён абвясьціў намер аспрэчыць вынікі прэзыдэнцкіх выбараў у Румыніі, перамогу на якіх атрымаў яго супернік, незалежны кандыдат Нікушор Дан.
«Я афіцыйна патрабую, каб Канстытуцыйны суд ануляваў вынікі прэзыдэнцкіх выбараў у Румыніі. З тых жа прычынаў, зь якіх былі скасаваныя сьнежаньскія выбары: вонкавае ўмяшаньне дзяржаўных і недзяржаўных субʼектаў», — напісаў Сім’ён у сацыяльнай сетцы X.
У свой камэнтар ён уставіў значкі сьцягоў Малдовы і Францыі.
Мэр Бухарэсту Нікушор Дан, праэўрапейскі палітык-цэнтрыст, набраў у другім туры 18 траўня амаль 54% галасоў, апярэдзіўшы Джорджэ Сім’ёна, які атрымаў 46%. Пасьля аб’яўленьня афіцыйных вынікаў гонкі Сім’ён прызнаў паразу і павіншаваў Дана зь перамогай.
Прыхільнікі ультраправага палітыка апублікавалі ў інтэрнэце мноства камэнтароў,вінавацячы ўлады ў «крадзяжы перамогі Сім’ёна».
Служба вонкавай выведкі Францыі, як адзначае France-Presse, у панядзелак зьняпраўдзіла заявы заснавальніка Telegram Паўла Дурава аб тым, што кіраўнік спэцслужбы перад выбарамі нібыта прасіў бізнэсмэна заблякаваць на плятформе пракансэрватыўныя румынскія акаўнты.
Паўторныя прэзыдэнцкія выбары ў Румыніі былі прызначаныя пасьля таго, як у пачатку сьнежня 2024 году Канстытуцыйны суд скасаваў вынікі першага туру ў лістападзе, у якім перамог Кэлін Джарджэску (уваходзіў у «Альянс за абʼяднаньне румынаў» раней). Суд спаслаўся на інфармацыю аб умяшаньні Расеі ў выбарчую кампанію на карысьць Джарджэску, што Масква і сам былы кандыдат адмаўляюць.
Цяпер Кэлін Джарджэску пад сьледзтвам.