Як піша Reuters, невядомы ўзброены чалавек або людзі застрэлілі былога ўкраінскага палітыка Андрэя Партнова ў сераду раніцай каля школы ў багатым прадмесьці Мадрыду. Агенцтва спаслалася на крыніцу ў паліцыі, блізкую да расьсьледаваньня.
А 9:15 раніцы паліцыя атрымала званок аб стральбе па грамадзяніне Ўкраіны мясцовага часу каля элітнай Амэрыканскай школы Мадрыду, разьмешчанай у Пасуэлё дэ Аляркон, паведаміла мадрыдзкая паліцыя Reuters, не называючы імя ахвяры.
Пазьней, паводле агенцтва AP, гішпанскія ўлады паведамілі, што каля школы ў Мадрыдзе ў сераду быў застрэлены дарадца экс-прэзыдэнта Украіны Віктара Януковіча. Міністэрства ўнутраных справаў Гішпаніі ідэнтыфікавала ахвяру як Андрэя Партнова. Улады паведамілі, што ён быў застрэлены а 9:15 раніцы мясцовага часу.
Пра тое, што былы намесьнік кіраўніка адміністрацыі экс-прэзыдэнта Віктара Януковіча Андрэй Партноў застрэлены ў Гішпаніі, паведамляюць таксама мясцовыя мэдыя.
Супрацоўнікі судовай паліцыі і 5-й групы прыбылі на месца здарэньня і ўзялі на сябе расьсьледаваньне.
«Афіцыйныя крыніцы пацьвярджаюць, што пацярпелы атрымаў некалькі стрэлаў, калі зьбіраўся сесьці ў машыну. Некалькі чалавек стрэлілі яму ў сьпіну і галаву, а потым зьніклі зь месца здарэньня ў лесе», — сказаў прадстаўнік паліцыі Ўкраінскай служба Радыё Свабода.
Забойства Партнова ў Мадрыдзе «Схемам», праекту Ўкраінскай службы Радыё Свабода, пацьвердзіла адна з крыніцаў у Сілах абароны і выведкі Ўкраіны.
Адна з адвакатак Партнова Ганна Косінава паведаміла праз тэлефон, што «ня можа ні зьняпраўдзіць, ні пацьвердзіць гэтую інфармацыю».
Хто такі Партноў
Андрэй Партноў — украінскі юрыст, палітык, шчыльна зьвязаны з экс-прэзыдэнтам Віктарам Януковічам, ён быў дэпутатам Вярхоўнай Рады і займаў пасаду першага намесьніка кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі з 2010 па 2014 год.
Падчас прэзыдэнцтва Януковіча Партноў лічыўся прарасейскай палітычнай фігурай і ўдзельнічаў у распрацаваньні заканадаўства, накіраванага на перасьлед удзельнікаў рэвалюцыі 2014 году ва Ўкраіне.
Партноў пакінуў Украіну пасьля падзеньня Януковіча, жыў у Расеі і Аўстрыі, перш чым вярнуцца на радзіму пасьля абраньня цяперашняга прэзыдэнта Ўладзіміра Зяленскага ў 2019 годзе.
Злучаныя Штаты ўвялі супраць яго санкцыі ў 2021 годзе за меркаваную карупцыю, заявіўшы, што ён выкарыстаў свой уплыў у судовай сыстэме і праваахоўных органах, каб купіць доступ да ўкраінскіх судоў і падарваць намаганьні па рэформах.
Паводле паведамленьняў СМІ, ён выкарыстаў свае сувязі ў сфэрах улады, каб зноў уцячы з Украіны ў 2022 годзе, нягледзячы на забарону на выезд з краіны мужчынам, якія прызываюцца на вайсковую службу, падчас расейскага ўварваньня.
Форум