Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўрапарлямэнт ухваліў падвышэньне мытаў на азотныя ўгнаеньні і сельскагаспадарчую прадукцыю зь Беларусі і Расеі


Эўрапарлямэнт, архіўнае фота
Эўрапарлямэнт, архіўнае фота

З часам новыя мыты зробяць такія пастаўкі эканамічна нявыгаднымі.

Падчас галасавання ў Эўрапейскім Парлямэнце ў Брусэлі 22 траўня заканадаўцы Эўразьвязу пераважнай большасьцю прагаласавалі за ўвядзеньне прагрэсіўных мытаў на азотныя ўгнаеньні зь Беларусі і Расеі, пачынаючы з 1 ліпеня.

Такім чынам Эўрапейскі Зьвяз зрабіў важны крок наперад для пазбаўленьня ад імпарту азотных угнаеньняў з Расеі і Беларусі.

Але Масква і Менск не адразу адчуюць наступствы. Дзейныя тарыфы ў 6,5% на ўгнаеньні зь дзьвюх краін застануцца, але да іх дададуць мыты ад 40 да 45 эўра за тону да сярэдзіны 2026 году.

Як чакаецца, пры такіх тарыфах гандаль будзе працягвацца.

Але потым мыты будуць паступова расьці да 430 эўра за тону ў 2028 годзе, купляць прадукцыю зь Беларусі і Расеі будзе эканамічна немэтазгодна.

У 2023 годзе ЭЗ імпартаваў з Расеі 3,6 мільёна тон азотных угнаеньняў на суму 1,28 мільярда эўра. Гэта склала 25% агульнага аб’ёму імпарту ЭЗ, што зрабіла Расею найбуйнейшым экспартэрам у ЭЗ. Летась тэндэнцыя росту працягвалася: было пастаўлена 4,4 мільёна тон расейскіх угнаеньняў, або 30% агульнага аб’ёму імпарту.

Аб’ём гандлю ўгнаеньнямі зь Беларусьсю невялікі, усяго 30 мільёнаў эўра летась, але Брусэль вырашыў нацэліцца і на яго з прычыны цесных палітычных і эканамічных сувязяў паміж Менскам і Масквой, а таксама перадухіленьня паставак расейскіх угнаеньняў празь Беларусь, калі мытны рэжым ня будзе сынхранізаваны.

Прапанова, узгодненая 22 траўня, таксама павялічыла на 50% тарыфы ЭЗ для расейскай і беларускай сельскагаспадарчай прадукцыі, такой як цукар, воцат, мука і корм для жывёлы.

28 студзеня Эўракамісія зацьвердзіла прапанову ўвесьці мыта на шэраг сельскагаспадарчых тавараў зь Беларусі і Расеі, а таксама на пэўныя азотныя ўгнаеньні. Мэта — зьнізіць залежнасьць ад імпарту з Расеі і Беларусі. Такі імпарт, асабліва ўгнаеньняў, робіць ЭЗ уразьлівым на патэнцыйныя прымусовыя дзеяньні Расеі і, такім чынам, становіць пагрозу для харчовай бясьпекі ЭЗ.

Павышэньне мыта на сельскагаспадарчыя тавары з 0% або нізкіх ставак да 50% закране, сярод іншага, мяса і мясныя субпрадукты, малочную прадукцыю, збожжа, садавіну, гародніну, алеі (аліўкавы, сланечнікавы, какосавы, кунжутны і інш.) і тлушчы, каву, гарбату, какаву, цукар, кандытарскія вырабы і інш.

Таксама плянуецца, што беларуская і расейская прадукцыя будзе выключаная з мытных квотаў Эўразьвязу. Гэта перадухіліць пастаўкі зь ніжэйшымі тарыфамі.

Абмежаваньні, згодна з прапановай Эўракамісіі, уводзяць таму, што ў 2023 годзе залежнасьць ад расейскіх угнаеньняў у ЭЗ перавышала 25%, а гэта «стварае пагрозу для стабільнасьці рынку ЭЗ».

«Беларускі экспарт сельскагаспадарчай прадукцыі й угнаеньняў хоць і менш значны (агульны аб’ём €92 млн і €29,6 млн адпаведна), але ўключаны ў санкцыйны мэханізм, каб перадухіліць нелегальны транзыт расейскай прадукцыі празь Беларусь», — гаворыцца ў дакумэнце.

Новыя абмежаваньні — частка шырэйшай палітыкі эканамічнага ціску на Расею і Беларусь за падтрымку вайны супраць Украіны.

Чакаецца, што ў выніку ўвядзеньня новага мыта імпарт беларускіх і расейскіх тавараў, ахопленых рэглямэнтам, практычна спыніцца.

Эўразьвяз плянуе замясьціць пастаўкі за кошт уласнай вытворчасьці або альтэрнатыўных пастаўнікоў. Для ўгнаеньняў гэта могуць быць, напрыклад, Альжыр і Эгіпет.

  • Чакаецца, што мыта ўвядуць праз чатыры тыдні пасьля публікацыі рэглямэнту.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG