У адпаведнасьці з прапановамі Нацыянальнай акадэміі навук у Чырвоную кнігу Беларусі сёлета дадалі 13 відаў жывёл і 5 відаў расьлін, паведаміла на прэс-канфэрэнцыі 21 траўня ў Менску начальніца упраўленьня біялягічнай і ляндшафтнай разнастайнасьці Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя Тацяна Жалязнова.
Пры гэтым, паводле яе слоў, з Чырвонай кнігі выключылі 13 відаў жывёл і 58 відаў расьлін. Такім чынам, у 2025 годзе з гэтага пераліку выключылі амаль у чатыры разы больш відаў, чым унесьлі, адзначае „Позірк“.
Цяпер у Чырвонай кнізе налічваецца 213 відаў жывёл і 310 відаў дзікарослых расьлін, якія знаходзяцца пад пагрозай зьнікненьня, паведаміла Жалязнова.
Паводле слоў чыноўніцы, у канцы гэтага году плянуецца выпусьціць ілюстраванае пятае выданьне Чырвонай кнігі з інфармацыяй пра месцы пражываньня, біялягічныя асаблівасьці, мэтады аховы розных відаў дзікіх жывёл і дзікарослых расьлін.
У Беларусі, як заявіла прадстаўніца міністэрства, рэалізуецца 30 плянаў захаваньня рэдкіх і дзікарослых расьлін, што знаходзяцца пад пагрозай зьнікненьня, уключаных у Чырвоную кнігу, а таксама 13 плянаў захаваньня дзікіх жывёл.
31 сакавіка набыла моц пастанова Мінпрыроды № 10 ад 14 сакавіка „Аб рэдкіх відах дзікіх жывёл і дзікарослых расьлін, што знаходзяцца пад пагрозай зьнікненьня, якія ўключаюцца ў Чырвоную кнігу Беларусі“. Яна панізіла ахоўны статус зубра, мядзьведзя, рысі і барсука. У сьпісе відаў дзікіх жывёл, што маюць статус рэдкіх ці знаходзяцца пад пагрозай зьнікненьня на тэрыторыі краіны, якія ўключаюцца ў Чырвоную кнігу, яны цяпер толькі ў чацьвёртай групе, а былі ў трэцяй.
Усе пазыцыі ў Чырвонай кнізе падзеленыя на чатыры групы. Першая катэгорыя нацыянальнай прыродаахоўнай значнасьці (у яе ўваходзіць 32 віды) вызначаецца для відаў з найбольш высокай рызыкай зьнікненьня, чацьвёртая — для тых, чыя колькасьць „схільная да ваганьняў“.
18 сакавіка 2024 году Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ, які карэктуе правілы паляваньня і вядзеньня паляўнічай гаспадаркі.
23 красавіка ўрад дазволіў паляваньне на тэрыторыі Беларусі на мядзьведзя і рысь, вызначыўшы на яго адпаведную таксу.
Якім яшчэ жывёлам зьмянілі ахоўны статус?
У Чырвоную кнігу дадалі такія віды, як звычайная туркаўка, касматаногі сыч, конь Пржавальскага, блакітніца арыён, шаўкапрад дубовы цёмнакрылы.
У той жа час да найменш ахоўванай чацьвёртай ступені панізілі статус зубра (раней быў у трэцяй катэгорыі), бурага мядзьведзя (быў у першай, найвышэйшай для аховы), барсука і рысі (абодва віды былі ў другой катэгорыі).
З трэцяй да першай павысілі катэгорыю аховы звычайнага хамяка, з чацьвёртай да трэцяй — шэрага вушана.
Уключылі ў Чырвоную кнігу зь першай катэгорыяй аховы гіганцкую вячэрніцу (від кажаноў. — РС), унікальнае буйное паселішча якой нядаўна знайшлі ў Жыткавіцкім раёне Гомельскай вобласьці.
Што да птушак, з Чырвонай кнігі выключылі аўдотку як від, які ўжо не жыве на тэрыторыі Беларусі (раней фіксаваўся на тэрыторыі Брагінскага і Хвойніцкага раёнаў, зьнік таксама на тэрыторыі Паўночнай Украіны).
Форум