Тым часам прадстаўнікі татарскай этнічнай меншасьці зазнаюць новыя рэпрэсіі на сваёй зямлі пад расейскай акупацыяй, піша Ўкраінская служба Радыё Свабода.
Крымскія татары — цюркамоўная, пераважна мусульманская этнічная група карэннага насельніцтва Крыма.
У 1944 годзе з 18 да 20 траўня савецкія сілы бясьпекі арыштавалі як мінімум 200 тысяч крымскіх татараў і выселілі іх ва Ўзбэкістан і іншыя аддаленыя мясьціны Савецкага Саюзу. Дзясяткі тысяч загінулі падчас дэпартацыі і ў цяжкіх умовах першых гадоў выгнаньня.
Татарская меншасьць зноў апынулася пад ударам пасьля захопу Крыма Расеяй у 2014 годзе, кажа праваабаронца Муміна Саліева.
«Ужо ёсьць дзясяткі крымінальных спраў, сотні адміністрацыйных пакараньняў. Больш за сто дзяцей засталіся без бацькоў», — казала Саліева ў дакумэнтальным фільме Ўкраінскай службы Радыё Свабода 2024 году «Ціхая дэпартацыя».
«Усё гэта сьведчыць пра тое, што мы назіраем не асобныя выпадкі дыскрымінацыі. Гэта ня што іншае, як рэпрэсіі супраць усяго крымска-татарскага народу», — адзначыла Саліева.
Мужа Саліевай, Сэйрана, абвінавацілі ў тэрарызьме за тое, што ён дакумэнтаваў парушэньні правоў чалавека пасьля незаконнай акупацыі Крыма Расеяй. У2020 годзе яго асудзілі на 15 гадоў зьняволеньня.
«Па сутнасьці, [яго арыштавалі] празь яго журналістыку, асьвятленьне судовых працэсаў, якія адбываліся ў Крыме, і ўдзел ў грамадзкіх кампаніях абароны палітычных зьняволеных», — сказала яна.
Муж Саліевай расьсьледаваў паведамленьні аб арыштах, зьнікненьнях і забойствах татарскіх актывістаў. У траўні 2016 году рэпрэсіі ўзмацніліся і сілавікі прыехалі ў Бахчысарай, дзе жылі Саліевы.
Саліева працягвае дакумэнтаваць парушэньні правоў чалавека і падтрымліваць людзей, чыіх блізкіх арыштавалі.
Яна таксама гадуе чацьвярых дзяцей. Наймалодшая — 7-гадовая — Сафія, была зусім немаўляткам, калі арыштавалі яе бацьку. Дзяўчынка ведала яго толькі па фотаздымках, пакуль не пабачыла на спатканьні ў турме.
«Яна падышла да яго і абняла яго за ногі. Яна паглядзела на яго і сказала: „Дык гэта ты, мой тата“. А ён падняў яе на рукі, пачаў туліць, абдымаць, — успамінае Саліева. — Яна гуляла зь ягонай барадой. Ён плакаў. Яна пацалавала яго і выцерла сьлёзы».
У 1989 годзе крымскім татарам нарэшце дазволілі вярнуцца на радзіму. Праз два гады, калі Ўкраіна абвясьціла незалежнасьць, крымскія татары пачалі ствараць свае школы, мячэці і СМІ.
Але ўсё гэта спынілася ў 2014 годзе, і многія татары вырашылі пакінуць Крым, каб унікнуць перасьледу з боку кантраляваных Расеяй уладаў.
Рынат Параламаў — адзін з новых крымскататарскіх прадстаўнікоў дыяспары, раскіданай па ўсёй Эўропе. Ён уцёк у Нямеччыну ў 2022 годзе пасьля таго, як заявіў, што яго катавалі Фэдэральныя службы бясьпекі Расеі.
Параламава арыштавалі ў 2017 годзе і прымусілі стаць інфарматарам. Ён сказаў, што яго зьбівалі і катавалі электрычным токам.
«Яны зьвязалі мне рукі за сьпінай скотчам. Паклалі мяне тварам уніз на падлогу, сьцягнулі штаны і падключылі два драты», — успамінаў ён.
Катаваньні скончыліся толькі пасьля таго, як Параламаў пагадзіўся стаць інфарматарам. Але ён вырашыў пакінуць Крым, а не супрацоўнічаць з расейскімі ўладамі.
Эрнэст Сулейманаў — яшчэ адзін крымскі татарын, які вырашыў уцячы. Цяпер ён уласьнік рэстарану ў Варшаве, разьмешчанага насупраць расейскай амбасады.
«Гэта наш спосаб супраціўленьня, каб яны ведалі гэта і бачылі кожны дзень. Гэта як аплявуха, — сказаў Сулейманаў.— Крым ня іхны. Крым — гэта зямля крымскіх татараў, Крым — гэта Ўкраіна».
Сулейманаў кажа, што бачыць сябе паслом, які папулярызуе крымскататарскую культуру ва ўсім сьвеце. Але ён ня ўпэўнены, ці захоча вярнуцца на радзіму.
«Цікава, ці змог бы я жыць з тымі людзьмі, якія здрадзілі Ўкраіне, якія спрыялі акупацыі?» — пытаецца ён.
Форум