Расказваем пра гэта, а таксама пра тое, што з беларускіх традыцыяў ужо ёсьць у Сьпісе UNESCO.
«Ручнік — дарога ў неба»
Неглюбскія ручнікі — унікальная зьява для Беларусі, складанасьцю выкананьня яе можна параўнаць з слуцкімі паясамі. Ручнікі ткалі для адзначэньня нараджэньня дзіцяці, для вясельляў, царкоўных сьвятаў, а нават апошні ручнік — для магільнага крыжа. У Неглюбцы (Веткаўскі раён Гомельскай вобласьці) існуе выраз: «ручнік — гэта дарога ў неба».
На ручніках можна сустрэць каля 120 тыпаў узораў — «крывулі», «мышыная сьцежка», «павукі», «мядзьведзь на жалудах», «рэчка», «яблынька», «кап’ё», «васьмірожка» і іншыя. Узоры, выкананыя пераважна ў чырвона-чорнай гаме, несьлі пажаданьні дабрабыту, урадлівасьці, здаровага роду, спакою, каханьня.
Разам з ручнікамі неглюбскія ткачыхі захавалі адзін з самых складаных і багата аздобленых жаночых строяў у Беларусі.
Дуда: вярнулася не ў музэй, а да людзей
Беларуская дуда калісьці гучала амаль у кожнай вёсцы — на вясельлі, на кірмашы, на Каляды. Дудар быў важным чалавекам у грамадзе: яму давяралі, яго чакалі. Гэты інструмэнт зь мехам, трубкамі і насычаным, трохі гугнявым гучаньнем добра ведалі і на поўначы Беларусі, і на Палесьсі. У XX стагодзьдзі дуда амаль зьнікла, але вярнулася — дзякуючы дасьледнікам, майстрам, музыкам.
Сёньня яе зноў робяць, на ёй вучацца граць, вакол яе зьбіраюцца людзі. У Беларусі праводзіцца музыкальны фэст «Дударскі рэй», ёсьць майстэрні, ёсьць сем’і, дзе дуда — частка жыцьця. І ёсьць намінацыя на ўключэньне ў Сьпіс нематэрыяльнай спадчыны UNESCO — як сьведчаньне таго, што інструмэнт вярнуўся не ў музэй, а да людзей.
Калядныя Цары: «сярэднявечная карагодная драма»
Калядныя Цары — гэты абрад існуе толькі ў адной мясьціне Беларусі, у мястэчку Семежаве (Капыльскі раён, Менская вобласьць). Падчас сьвяткаваньня «старога новага году» (13 студзеня) мясцовыя хлопцы пераапранаюцца ў «цароў» — надзяюць доўгія белыя сарочкі, папяровыя кароны і бяруць упрыгожаныя мячы. У суправаджэньні скрыпкі і барабана яны водзяць абрадны гурт, сьпяваюць, інсцэнізуюць барацьбу і жартуюць з гаспадароў. Усе ролі выконваюць мужчыны.
Сваёй структурай абрад нагадвае сярэднявечную карагодную драму з матывамі ініцыяцыі, калектыўнага пажаданьня ўраджаю і здароўя. Унесены ў Сьпіс нематэрыяльнай спадчыны UNESCO ў 2009 годзе як выключны прыклад лякальнай абрадавай культуры.
Юр’еўскі карагод: традыцыя не перарывалася нават у савецкі час
Юр’еўскі карагод — вясновы абрад зь вёскі Пагост (Жыткавіцкі раён, Гомельская вобласьць), зьвязаны са сьвятам Юр’я (6 траўня), якое на Палесьсі лічыцца днём абуджэньня прыроды. Асноўныя ўдзельніцы абраду — маладыя жанчыны і дзяўчаты. Яны выходзяць у поле, водзяць карагоды, сьпяваюць песьні з заклічкамі ўраджаю, дажджу, здароўя жывёле. Песьня суправаджаецца выразнай рытмічнай хадой і фігурнымі рухамі ў коле.
Карагодная традыцыя не перарывалася нават у савецкі час, перадаецца ўнутры мясцовай супольнасьці і непарыўна зьвязаная зь земляробчым календаром. У 2019 годзе Юр’еўскі карагод дадалі ў Сьпіс нематэрыяльнай спадчыны UNESCO.
Будслаўскі фэст: найбуйнейшая ў Беларусі каталіцкая пілігрымка
Будслаўскі фэст — найбуйнейшая ў Беларусі каталіцкая пілігрымка, якая праходзіць штогод у першую пятніцу ліпеня ў мястэчку Будславе (Мядзельскі раён, Менская вобласьць). Асноўная мэта — ушанаваньне абраза Маці Божай Будслаўскай, які лічыцца цудадзейным з XVII стагодзьдзя.
Сьвята спалучае рэлігійны абрад, традыцыйнае паломніцтва, мясцовую гасьціннасьць і народны лад жыцьця. Пілігрымы прыходзяць пешшу з розных рэгіёнаў Беларусі, працэсіі адбываюцца з музыкай, хорам, правіцца начная імша. Фэст унесены ў Сьпіс нематэрыяльнай спадчыны UNESCO ў 2018 годзе.
Бортніцтва: асаблівыя узаемадачыненьні чалавека з прыродай
Бортніцтва — традыцыйная форма ляснога пчалярства, распаўсюджаная ў Беларусі і Польшчы. Пчолы жывуць у борцях — дуплах дрэваў, спэцыяльна выдзеўбаных на вышыні. Асноўныя рэгіёны — Палесьсе, Горадзенская вобласьць, Белавеская пушча.
Бортніцтва прадугледжвае цэлы цыкль навыкаў: догляд борцяў, лажаньне па дрэвах, спэцыяльную мову (у тым ліку загадкавыя меткі і знакі на дрэвах), перадачу ведаў пра разьмяшчэньне борцяў з пакаленьня ў пакаленьне. Гэтая практыка ўвасабляе ў сабе асаблівыя узаемадачыненьні чалавека з прыродай, заснаваная на павазе да лясной экасыстэмы.
Унесена ў сьпіс UNESCO ў 2020 годзе як сумесная спадчына Беларусі і Польшчы.
Саломапляценьне: стогадовыя традыцыі
Саломапляценьне — адно з рамёстваў, што звычайна пачынаюцца з простай рэчы: жытняя салома, некалькі рухаў рукі — і ўжо народжаецца абярэг, «павук» ці кампазыцыя для сьвяточнага інтэр’еру. Частка вырабаў мела выразна абрадавы характар: зь імі сустракалі Каляды, упрыгожвалі хаты на Купальле, ахоўвалі гаспадарку ад ліха. Традыцыі перадаваліся ў сем’ях, у часе сьвятаў і кірмашоў, перадаюцца і цяпер — прыкладам, у Шклоўскім і Лепельскім раёнах.
У 2022 годзе беларускія практыкі саломапляцення былі прызнаныя часткаю нематэрыяльнай спадчыны чалавецтва і ўключаныя ў рэпрэзэнтатыўны сьпіс UNESCO.
Выцінанка: у савецкі час выцінанка выжыла як дзіцячая забава
Выцінанка — простая, але вытанчаная тэхніка выразаньня з паперы, якая доўгі час была часткай штодзённага ўпрыгожваньня вясковага інтэр’еру, асабліва на Палесьсі. Белыя ці каляровыя выявы выціналі нажніцамі або нажом, складаючы паперу ў некалькі столак. Іх чаплялі на вокны, сьцены, печы, шафы, звычайна перад сьвятамі. Матывы — геамэтрычныя, расьлінныя, фігуральныя. Кожны ўзор меў сваё прызначэньне: нешта для Калядаў, нешта для вясельля, нешта для вясны.
У савецкі час выцінанка выжыла як дзіцячая забава, але ў канцы XX стагодзьдзя вярнула сабе ролю часткі візуальнай культуры. Вялікую ролю ў яе адраджэньні адыграла майстрыха Валянціна Куксенка: яна зьбірала старыя ўзоры, аналізавала тэхнікі, вучыла дзяцей і дарослых, арганізоўвала выставы. Варты таксама ўзгадкі Вячаслаў Дубінка — журналіст, пісьменьнік і клясык беларускай выцінанкі.
Цяпер выцінанка зноў жыве — як хатняя дэкарацыя, як рамяство, якое перадаецца ў гуртках, школах і сем’ях. Міжурадавы камітэт UNESCO ў пытаньнях нематэрыяльнай культурнай спадчыны 4 сьнежня 2024 году ўключыў выцінанку ў Сьпіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны UNESCO. Пакуль што гэта самая «сьвежая» беларуская каштоўнасьць.
Форум