Пра сьмерць Валянціна Штэрмера — гомельскага прадпрымальніка, якога з палітычных матываў асудзілі і адправілі за краты — стала вядома 20 траўня. Паводле крыніцаў «Нашай нівы», гэта адбылося ў пачатку 2025 году.
Праваабарончы цэнтар «Вясна» пазьней апублікаваў інфармацыю пра тое, што Штэрмер памёр менавіта ў статусе вязьня. Гэта пазначана ў базе «Вясны».
«Учора стала вядома, што напачатку 2025 году памёр палітвязень Валянцін Штэрмер, які адбываў тэрмін у шклоўскай калёніі № 17. Абставіны трагедыі незразумелыя. Дакладна невядомая і дата сьмерці — толькі тое, што гэта адбылося ў пачатку 2025 году», — пішуць праваабаронцы.
Былы палітвязень Дзьмітры Лукша, які знаходзіўся ў адным атрадзе са спадаром Валянцінам, расказаў «Ніве», што ў калёнію мужчына прыехаў пасьля інсульту, пры гэтым яго кінулі ў ШЫЗА. Штэрмер вельмі запаволена размаўляў і хадзіў зь цяжкасьцю: зімой пасьлізнуўся і ўпаў, у яго быў ці то пералом рукі, ці то вывіх.
Там сама, у шклоўскай калёніі ў 2021 годзе 21 траўня памёр іншы палітзьняволены — Вітольд Ашурак.
Справа супраць Штэрмера
Прадпрымальніка судзіў Гомельскі абласны суд. 2 кастрычніка 2023 году ён вынес Валянціну Штэрмеру прысуд у крымінальнай справе. Яго абвінавацілі паводле ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэксу (Абраза Лукашэнкі), ч. 3 арт. 361-1 («Стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня альбо ўдзел у ім») і ч. 1 арт. 130 («Распальваньне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасьці або варажнечы»).
Справу ў закрытым рэжыме разглядаў судзьдзя Сяргей Багінскі.
Палітзьняволенага Валянціна Штэрмера паводле праўладных тэлеграм-каналаў затрымалі 9 чэрвеня 2023 за «восем камэнтароў на тэму расейскай агрэсіі з абразамі грамадзян Расеі», чым ён нібыта «паспрабаваў распаліць нацыянальную варожасьць». Таксама пісалі пра нібыта пакінутыя ім абразы ў дачыненьні Лукашэнкі.
Да арышту Валянцін Штэрмер быў дырэктарам ТАА «Авангардбізнэсрэсурс» і заснавальнікам камэрцыйных фірмаў у Расеі.
Суд прызнаў Штэрмера вінаватым ва «ўваходжаньні ў склад экстрэмісцкага фармаваньня ў мэтах зьдзяйсьненьня злачынства экстрэмісцкай накіраванасьці» і прысудзіў яму 3 гады зьняволеньня.
Штэрмера таксама абвінавацілі ў «наўмысных дзеяньнях, накіраваных на ўзбуджэньне нацыянальнай варожасьці па прыкмеце нацыянальнай прыналежнасьці», і на падставе ч. 1 арт. 130 КК яму прызначылі пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі на тэрмін 4 гады.
Ён жа прызнаны вінаватым у публічнай абразе Лукашэнкі і на падставе ч. 1 арт. 368 КК яму прысудзілі пазбаўленьне волі на тэрмін 2 гады.
Шляхам частковага складаньня, канчаткова суд прызначыў пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі на тэрмін 5 гадоў з адбываньнем у папраўчай калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
Сьмерці за кратамі
У 2021–2025 гадах у месцах няволі ў Беларусі памерлі як мінімум восем чалавек, якіх беларускія праваабарончыя арганізацыі прызнавалі палітычнымі зьняволенымі.
Гэта Вітольд Ашурак, Мікалай Клімовіч, Алесь Пушкін, Вадзім Храсько, Ігар Леднік, Аляксандар Кулініч і Дзьмітрый Шлетгаўэр.
Акрамя таго, некалькі чалавек памерлі неўзабаве пасьля вызваленьня з турмы, дзе іхнае здароўе было моцна падарванае. Напрыклад, сёлета ў лютым памерла 39-гадовая Ганна Кандраценка, якой менавіта ў зьняволеньні паставілі дыягназ — рак. Яна выйшла на волю толькі ў чэрвені 2024 году і празь некалькі месяцаў памерла.
Форум