Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Звароту ад электронных кніг да папяровых паспрыяла эміграцыя беларусаў пасьля 2020-га. Kamunikat.org адзначае 25-гадовы юбілей


Заснавальнік праекту беларускай інтэрнэт-бібліятэкі Kamunikat.org Яраслаў Іванюк
Заснавальнік праекту беларускай інтэрнэт-бібліятэкі Kamunikat.org Яраслаў Іванюк

«Нараджэньне „Камунікату“ супала з нараджэньнем сына», — расказаў Свабодзе заснавальнік праекту беларускай інтэрнэт-бібліятэкі Kamunikat.org Яраслаў Іванюк.

Днямі спаўняецца 25 гадоў беларускай інтэрнэт-бібліятэцы Kamunikat.org, якая была заснаваная і папаўняецца ў Беластоку. Яе наведнікі — пераважна беларусы.

20 траўня ў Гданьску адбудзецца сустрэча з чытачамі «Камунікату», прымеркаваная да 25-х угодкаў бібліятэкі. Напярэдадні пагаварылі з польскім журналістам, этнічным беларусам Яраславам Іванюком, які прыдумаў інтэрнэт-бібліятэку «Камунікат», чвэрць стагодзьдзя рупіцца за яе разьвіцьцё і пашырыў справу аднайменным выдавецтвам.

Сын Хрыстафор і кніжны праект нарадзіліся адначасова

Паводле Яраслава Іванюка, інтэрнэт-бібліятэка Kamunikat.org пачалася з ідэі захаваць самыя адметныя і цікавыя беларускамоўныя тэксты, якія прагучалі на хвалях Польскага радыё, а пасьля маглі б зьнікнуць у віхуры падзей.

На Польскім радыё ў Варшаве, у беларускай моўнай рэдакцыі, Яраслаў Іванюк пачынаў працу ў 1992 годзе. «Пазьней, праўда, зьехаў у Беласток, але дагэтуль супрацоўнічаю», — кажа Іванюк:

«На той час, у 1990-х, з адабраных беларускіх тэкстаў складаўся папяровы бюлетэнь, які потым рассылалі беларускім слухачам Польскага радыё. Але ў пачатку 2000 году мне падумалася, што варта перавесьці гэтыя тэксты ў інтэрнэт, каб захаваць іх больш надзейна.

Так супала, што гэтая праца пачалася ў час, калі мусіў зьявіцца на сьвет мой сын Хрыстафор. Бо якраз калі чакалі нараджэньня сына, мая жонка Данута, якая з адукацыі матэматык, навучала мяне, як разьмяшчаць бібліятэку ў інтэрнэце. Справа мяне захапіла, а тут і сын нарадзіўся. Таму часам я нават жартую, што ў мяне тады нарадзіліся двое дзяцей — Хрыстафор і „Камунікат“. А цяпер буду адзначаць ажно два юбілеі», — жартуе Яраслаў Іванюк.

Супрацоўнік Польскага радыё згадвае, як атрымалася, што на першае месца спачатку выйшла гістарычная тэматыка: найбольшае зацікаўленьне ў наведнікаў інтэрнэт-бібліятэкі спачатку выклікала рубрыка «Гістарычнае падарожжа».

«Гэта падказала ідэю таксама разьмясьціць поруч з нашым бюлетэнем „Беларускі гістарычны зборнік“. Прапанаваў гэта сябрам зь Беларускага гістарычнага таварыства ў Беластоку Яўгену Мірановічу і Алегу Латышонку, і тыя пагадзіліся.

Пазьней пайшлі іхныя кніжкі, якія выходзілі на Падляшшы, потым кнігі беларускага літаратурнага аб’яднаньня „Белавежа“. Тады зьвярнуўся ў ЗША да дзеячоў беларускай эміграцыі з запытам, ці можна выставіць у „Камунікаце“ кнігі Беларускага інстытуту навукі і мастацтва, і яны таксама пагадзіліся.

І вось так гэта пакацілася. Пачыналася ўсё вельмі сьціпленька, я нават ня думаў, што будзе рэальная бібліятэка, а цяпер дайшлі да 65 тысяч беларускіх публікацый на „Камунікаце“: кнігі, часопісы, газэты, аўдыёкнігі. Кіруемся прынцыпам: у адным месцы сабраць усё, што на беларускай мове або пра Беларусь на іншых мовах».

Яраслаў Іванюк
Яраслаў Іванюк

Сярод прыкметаў таго, што вось ужо 25 гадоў «Камунікат» робіць вельмі важную для беларушчыны справу, Яраслаў Іванюк называе ня толькі вялікую папулярнасьць бібліятэкі. Згадвае выдавец і загад міністэрства інфармацыі Беларусі аб блякаваньні яе галоўнага дамэну kamunikat.org. «Але дзелавога настрою праз гэта мы ня страцілі», — запэўнівае галоўны бібліятэкар «Камунікату».

«Не скажу, што гэта ня выклікала адмоўных вынікаў, напэўна, выклікала, але... Беларусы ўжо навучыліся карыстацца тэхналёгіяй VPN. Нас блякуюць таму, што гэта беларуская інтэрнэт-бібліятэка, а ім усё, што беларускае, не падабаецца. Але ў нас свая справа, якой ня здраджваем».

Шлях ад электронных да папяровых кніг

Некалі адзін беларускі паэт прыдумаў для інтэрнэт-бібліятэкі трапны лёзунг «Беражы лес, чытай кнігі на Kamunikat.org». Усё было слушна: бібліятэка ад заснаваньня арыентавалася найперш на абслугоўваньне сваіх чытачоў празь сеціва. Але сытуацыя зьмянілася ў пачатку 2020-х гадоў, калі ў Беларусі адбыліся масавыя пратэсты супраць фальшаваньня прэзыдэнцкіх выбараў і пачалася масавая эміграцыя беларусаў з прычыны рэпрэсіяў. Гэта не магло не ўплываць на рэсурсы, якімі карысталіся беларусы ў эміграцыі, заўважае Яраслаў Іванюк.

«Калі столькі людзей зьехала зь Беларусі, у іх узьнікла патрэба мець пад рукой беларускія кнігі і ў эміграцыі. Тады менавіта мы пачалі дзейнічаць як выдавецтва, заняліся рыхтаваньнем да друку і выданьнем папяровых кніг. Назва засталася такая ж — Kamunikat.org.

Першая папяровая кніга выйшла ў лістападзе 2021 году, і з таго часу мы выдалі больш за 60 беларускіх кніг. У тым ліку і кнігу, якая будзе сёньня прэзэнтаваная ў Гданьску, — «Прыгоды дзядзі Віці на Валадарцы» Алега Грузьдзіловіча.

Кнігі, выдадзеныя «Камунікатам»
Кнігі, выдадзеныя «Камунікатам»

Што натхняе

На працягу 2024 году з сайту Kamunikat.org было зроблена 1 мільён 200 тысяч спампаваньняў файлаў, паведаміў Свабодзе Яраслаў Іванюк. Паводле яго, гэта сьведчыць, што праца, якую яны вядуць 25 гадоў, патрэбная беларусам і тым людзям у сьвеце, хто цікавіцца беларушчынай.

«Гэты мэсыдж пра патрэбу нашай працы мы атрымліваем і на рознага тыпу імпрэзах. Вось 15–18 траўня ў Варшаве прайшоў міжнародны кніжны кірмаш, у якім мы бралі ўдзел, на яго прыходзілі сотні беларусаў, жыхароў Варшавы. Яны наведвалі наш стэнд, куплялі нашы кнігі, былі шчырыя размовы на беларускія тэмы.

Сёньня тое ж адбудзецца ў Гданьску. Беларусы ў замежжы застаюцца чытацкай нацыяй, якая цікавіцца сваёй гісторыяй, глядзіць у будучыню, шануе мастацкае і паэтычнае слова.

Дарэчы, беларусы кажуць, што ім вельмі патрэбныя сканы кніг, якія выйшлі яшчэ ў дакампутарны час, патрэбны сканы прэсы, патрэбныя аўдыёкнігі», — кажа Іванюк.

Сваю асабістую матывацыю Яраслаў Іванюк тлумачыць уласнай гісторыяй.

«Калі заблякавалі сайт Kamunikat.org, да мяне зьвярнуліся беларускія журналісты незалежных мэдыя з пытаньнямі аб прычынах гэтага блякаваньня: што мы пра гэта думаем. А ў канцы размовы адзін з журналістаў запытаў: „Яраслаў, а навошта вам гэта? Вы маглі б быць звычайным этнічным палякам і не займацца гэтым зусім“.

Заўважу, што словы пра „этнічнага паляка“ не былі выпадковымі, бо так аднойчы назвала мяне рэжымная прапаганда ў тэлевізійнай праграме „Панарама“. І папраўдзе, я тады толькі задумаўся: „А сапраўды, навошта мне гэта?“ Я сам з Падляшша, мае продкі беларусы, і для мяне заўсёды было настолькі натуральна, што займаюся папулярызацыяй беларускай літаратуры, што і ня ставіў ніколі сабе такіх пытаньняў».


Адкуль сродкі на бібліятэку і выданьне кніг

Яраслаў Іванюк ў размове пра юбілей "Камунікат«у расказаў і пра складаны бок справы — фінансавы.

«А што замінае? Ну як сказаць. На такую працу ўсё ж патрэбныя вялікія фінансы. Мы працавалі першыя 7 гадоў без аніякай падтрымкі, пазьней вялікую дапамогу нам аказвалі рознага тыпу донары і спонсары, як установы, гэтак і прыватныя асобы, якім мы вельмі ўдзячныя. Найперш бы адзначыў Міністэрства замежных справаў Польшчы, дзякуючы падтрыманьню якога ўзьнік першы варыянт прафэсійнага „Камунікату“.

Таксама розным чынам падтрымлівала нас нідэрляндзкая амбасада ў Польшчы, і цяпер зь ёю сумесна рэалізуем праект у рамках праграмы MATRA. Маем падтрымку з Падляскага ваяводзтва, ад гораду Беластоку, рэалізуем праекты разам зь Міжнародным саюзам беларускіх пісьменьнікаў.

Яшчэ супрацоўнічалі доўгі час з амэрыканскай фундацыяй NED, і гэта было вельмі важна, але цяпер, як ведаеце, з амэрыканскімі сродкамі дапамогі стала складаней... І ўсё ж мы не спыняемся, значную частку нашай працы робім грамадзкім чынам. Тое, што цяпер зьяўляецца на „Камунікаце“, як тыя ж сканы беларускай прэсы, робіцца грамадзкім чынам. І паколькі мы лічым, што гэта патрэбна, дык і надалей будзем тое рабіць, нягледзячы на перашкоды», — упэўнены Яраслаў Іванюк.

Сёлета ў выдавецтве выйшлі ўспаміны Ларысы Геніюш
Сёлета ў выдавецтве выйшлі ўспаміны Ларысы Геніюш

Аўдыёбукі, папяровыя кнігі. Чаго чакаць сёлета?

Яраслаў Іванюк запэўнівае, што і ў 2025 годзе інтэрнэт-бібліятэка «Камунікат» будзе пашырацца.

«Спадзяюся, што ў канцы летніх вакацыяў выйдзе аўдыёбук з кнігай, з якой пачыналася нашая выдавецкая дзейнасьць у 2021 годзе, — гэта раман Уладзімера Някляева «Гэй Бэн Гіном». Яго запісваюць беларускія акторы, якія зьехалі з Беларусі з палітычных прычынаў. Таксама будзем аблічбоўваць беларускую прэсу, будзем выстаўляць кнігі, з аўтарамі якіх нам удасца заключыць ліцэнзійныя дамовы. І будзем надалей займацца выдавецкай дзейнасьцю. Больш за 60 кніг мы ўжо выдалі.

Плянуем выдаць раман «Каласы пад сярпом тваім» Уладзімера Караткевіча, спадзяюся, увосень гэтая кніга выйдзе з друку.

Таксама зьбіраемся выдаць пераклад кнігі «Беларускі снайпэр» Лешэка Шэрэпкі, былога амбасадара Польшчы ў Беларусі.

Яшчэ вядзем перамовы, але спадзяюся, што ў чэрвені заключым дамову на выданьне кнігі Анэты Прымакі-Онішк «Камяні мусілі паляцець. Сьцёртае мінулае Падляшша» (Kamienie musiały polecieć. Wymazana przeszłość Podlasia). Гэта вельмі важная кніга для нашай гістарычнай памяці, перш за ўсё для беларусаў Беласточчыны, але таксама і для ўсіх беларусаў. Надзвычай цікавая кніга пра пасьляваенныя гады на Сакольшчыне, на поўначы Беласточчыны. Спадзяюся, яна выйдзе да канца году.

Таксама рыхтуем да выданьня кнігу новых «фрашак» Севярына Квяткоўскага.

Мяркую таксама, што будуць новыя кнігі з сэрыі «Бібліятэка Свабоды», бо нам удалося заключыць ліцэнзійную дамову з Радыё Свабода.

І яшчэ з навінак, якія на падыходзе, — выйдзе трэці нумар часопіса «Апостраф», які замяніў «Дзеяслоў», — падзяліўся плянамі выдавецтва Kamunikat.org на сёлетні год Яраслаў Іванюк.

Як адзначаць юбілей «Камунікату»

«Юбілей будзем адзначаць у асноўным актыўнаю працаю», — кажа Іванюк і раскрывае першы сакрэт: «Сёньняшняя сустрэча ў Гданьску — толькі пачатак. Галоўнае адбудзецца ў чэрвені, тады правядзем сустрэчу сяброў нашай інтэрнэт-бібліятэкі. А дзе? Скажам гэтак — на Беласточчыне».

Сустрэча з выдаўцом Kamunikat.org Яраславам Іванюком і Алегам Грузьдзіловічам, аўтарам кнігі «Прыгоды дзядзі Віці на Валадарцы», якая выйшла ў гэтым выдавецтве, адбудзецца 20 траўня ў Гданьску ў беларускім культурным цэнтры «Хатка» (Miszewskiego 17/307) а 17.00.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG