Расейскі суд аштрафаваў амэрыканскага тэхналягічнага гіганта Apple на 7,5 мільёна расейскіх рублёў (93 500 даляраў ЗША) за тры асобныя парушэньні расейскіх правілаў аб тым, што Масква называе ЛГБТ-прапагандай, паведаміла ў панядзелак прэс-служба маскоўскіх судоў.
У 2023 годзе Расея пашырыла абмежаваньні на прапаганду «нетрадыцыйных сэксуальных стасункаў» на фоне больш шырокіх рэпрэсій супраць правоў ЛГБТ, якія прэзыдэнт Уладзімір Пуцін імкнуўся паказаць як доказ маральнага заняпаду ў заходніх краінах.
Таганскі суд Масквы прызнаў Apple Distribution International Ltd. вінаватай у трох адміністрацыйных правапарушэньнях, загадаўшы выплаціць тры штрафы па 2,5 мільёна расейскіх рублёў кожны.
Apple не адразу адказала на запыт аб камэнтары, адпраўлены па электроннай пошце.
Прадстаўнік Apple у судзе папрасіў, каб слуханьні былі закрытымі для публікі, паведаміла інфармацыйнае агенцтва Mediazona, што азначае, што корань кожнай спрэчкі невядомы.
Расея прызнала «міжнародны ЛГБТ-рух» экстрэмісцкім, а тых, хто яго падтрымлівае, — тэрарыстамі, што адкрыла шлях для сур’ёзных крымінальных спраў супраць ЛГБТ і іх прыхільнікаў.
Расейскія суды выпісалі штрафы тым, хто парушае закон аб «прапагандзе ЛГБТ», у тым ліку дыстрыб’ютарам і кіраўнікам плятформаў онлайн-фільмаў.
Форум