Як піша Reuters, Польская мытня канфіскавала 5 тон шын для грамадзянскіх самалётаў Boeing, якія павінны былі праехаць транзытам празь Беларусь і Расею.
Пра гэта паведаміла ў панядзелак Нацыянальная падатковая адміністрацыя краіны, дадаўшы, што такія тавары падпадаюць пад санкцыі Эўрапейскага зьвязу.
Заходнія санкцыі супраць Расеі і Беларусі неаднаразова ўзмацняліся з моманту поўнамаштабнага ўварваньня ва Ўкраіну ў 2022 годзе, але вайна не спынілася.
«Супрацоўнікі выявілі падчас праверкі грузавіка ў Карошчыне, што кіроўца перавозіў шыны, якія выкарыстоўваюцца ў грамадзянскіх самалётах Boeing, замест заяўленых аўтамабільных і аўтобусных шын», — паведаміла Нацыянальная падатковая адміністрацыя Польшчы.
«Адпраўніком тавару была кампанія з Гішпаніі, а атрымальнікам — з Азербайджана. У сувязі з мытным махлярствам была распачата крымінальная справа па падатковых махлярствах. Тавары, якія падпадаюць пад санкцыі, былі затрыманыя».
- 2 сакавіка 2022 года, неўзабаве пасьля поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну, ЗША ўвялі ў дачыненьні да беларускага авіяперавозчыка «Белавія» абмежаваньні, якія тычацца экспарту прадукцыі авіяцыйнай сфэры і ліцэнзаваньня пэўных самалётаў і запчастак.
- 9 жніўня 2023 года «Белавія» патрапіла ў санкцыйны сьпіс ЗША.
- У 2023 годзе генэральны дырэктар авіякампаніі Ігар Чаргінец прызнаў, што пляны па мадэрнізацыі флёта самалётаў авіякампаніі «Белавія» былі парушаны з-за ўвядзеньня заходніх санкцый.
- У лютым 2022-га Эўразвяз увёў санкцыі супраць РФ, якія прадугледжваюць забарону на продаж самалётаў, запчастак і абсталяваньня расейскім авіякампаніям. На гэтым фоне найбуйнейшыя авіявытворцы — Airbus і Boeing — адмовіліся ад паставак самалётаў у Расею.
- Boeing таксама прыпыніў пастаўкі запчастак, тэхнічнае абслугоўваньне і тэхнічную падтрымку расейскіх авіякампаній.
Форум