У Польшчы ў другі тур прэзыдэнцкіх выбараў выйшлі лібэральны мэр Варшавы Рафал Тшаскоўскі і прадстаўнік апазыцыйнай кансэрватыўнай партыі «Права і справядлівасьць», кіраўнік Інстытута нацыянальнай памяці Польшчы Караль Наўроцкі.
Польскае агенцтва PAP са спасылкай на зьвесткі Нацыянальнай выбарчай камісіі (PKW), паведамляе, што дадзеныя з усіх выбарчых акругаў ужо вядомыя. Паводле гэтых вынікаў, Рафал Тшаскоўскі апярэджвае Караля Наўроцкага ў першым туры выбараў, што адпавядае вынікам апытаньняў экзыт-пол.
У першым туры Тшаскоўскі набраў 31,36% галасоў, Наўроцкі — 29,54%, Мэнцэн — 14,81%.
Яўка склала амаль 67 працэнтаў. Правам голасу валодаюць каля 29 мільёнаў палякаў.
Тшаскоўскі і Наўроцкі будуць удзельнічаць у другім туры выбараў, заплянаваным на 1 чэрвеня. Пераможца зьменіць адыходзячага кансэрватара Анджэя Дуду, чый другі прэзыдэнцкі тэрмін заканчваецца ў жніўні.
Як адзначаюць палітычныя аналітыкі, перамога Тшаскоўскага неабходная прэм’еру Дональду Туску для правядзеньня рэформ.
«Жорсткая барацьба за кожны голас. Гэтыя два тыдні вырашаць будучыню нашай радзімы», — напісаў пасьля выбараў Дональд Туск у сацсетцы X.
Пры перамозе Наўроцкага магчымыя датэрміновыя парлямэнцкія выбары. Яго шанцы можа ўзмацніць падтрымка электарату Мэнцэна, які заняў трэцяе месца. Наўроцкі сымпатызуе Трампу і крытыкуе ўкраінскіх уцекачоў, адзначаюць польскія СМІ.
Прэзыдэнт Польшчы абіраецца на пяць гадоў, уплывае на зьнешнюю палітыку, прызначае ўрад і зьяўляецца вярхоўным галоўнакамандуючым. Кіраўніком выканаўцаў улады ў Польшчы зьяўляецца прэмʼер-міністар.
Кандыдатам ад кіроўнай партыі «Грамадзянскай плятформы» на гэтых выбарах зьяўляецца Рафал Тшаскоўскі, цяперашні мэр Варшавы, якога Дуда апярэдзіў на апошніх прэзыдэнцкіх выбарах у 2020 годзе.
Караль Наўроцкі працуе ў Інстытуце нацыянальнай памяці. Яго падтрымліваюць Ярослаў Качыньскі і ягоная партыя «Права і Справядлівасьць», якая цяпер у апазыцыі, але афіцыйна на выбарах Наўроцкі рэпрэзэнтуе сам сябе.
У Беларусі на выбарах прэзыдэнта Польшчы 30,3% падтрымалі Тшаскоўскага
99 чалавек прынялі ўдзел у выбарах прэзыдэнта Польшчы на тэрыторыі Беларусі, вынікае з дадзеных Дзяржаўнай выбарчай камісіі Польшчы, піша «Позірк».
Больш за ўсіх галасоў атрымаў кандыдат кіроўнай «Грамадзянскай кааліцыі», мэр Варшавы Рафал Тшаскоўскі — 30,3%, далей ідуць фармальна незалежны, але падтрыманы апазыцыйнай правакансэрватыўнай партыяй «Права і справядлівасьць» кіраўнік Інстытута нацыянальнай памяці Караль Наўроцкі і Славомір Мэнцэн, які прадстаўляе блёк ультраправых — 20,2%.
Форум