Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Турапэратары зь Беларусі заключылі 26 дамоваў на форуме ў анэксаваным Расеяй Крыме


У анэксаваным Расеяй Сімфэропалі. 9 траўня 2025
У анэксаваным Расеяй Сімфэропалі. 9 траўня 2025

Чыноўніка расейскай адміністрацыі Крыма хочуць. каб турысты зь Беларусі масава езьдзілі адапчываць да іх, як гэта было да анэксіі паўвострава Расеяй у 2014 годзе.

Турапэратары зь Беларусі «заключылі 26 дамоваў з рознымі рэгіёнамі, у тым ліку з Крымам», заявіў міністар турызму і курортаў анэксаванага РФ украінскага паўвострава Сяргей Ганзій па выніках другога турысцкага зьлёту, які прайшоў пад патранажам ведамства, піша «Позірк».

Па словах чыноўніка расейскай адміністрацыі, у Крым прыехалі прадстаўнікі 70 кампаній з 15 рэгіёнаў Расеі, а таксама Беларусі.

Як адзначаецца, цэнтральнай падзеяй зьлёту стаў форум «Біржа кантактаў» у Ялце, дзе больш за 200 прадстаўнікоў турыстычнай галіны Крыма «ўсталявалі прамыя сувязі з калегамі зь Беларусі, Татарстана, Краснадарскага краю, Масквы, Санкт-Пецярбурга і іншых суб’ектаў РФ».

Для Крыма «важным прыярытэтам» застаецца далейшае «ўмацаваньне сувязей, у тым ліку эканамічных, паміж нашай рэспублікай і рэгіёнамі Беларусі», заявіў 2 красавіка кіраўнік анэксаванага Расеяй паўвострава Сяргей Аксёнаў у «віншаваньні крымчан з Днём яднаньня народаў Беларусі і Расеі».

Паводле яго слоў, Масква і Менск «разьвіваюць супрацоўніцтва і паглыбляюць інтэграцыю» ў рамках Саюзнай дзяржавы па ўсіх напрамках, «уключаючы абарону, бясьпеку, міграцыйную палітыку».

Раней пастаянны прадставіць прэзыдэнта РФ на гэтым украінскім паўвостраве Георгій Мурадаў заяўляў, што праца па прыцягненьню турыстаў з Беларусі ў Крым зьяўляецца «прыярытэтнай для рэгіёна».

Цяпер, паводле яго слоў, доля беларусаў сярод турыстаў, якія наведваюць Крым, невялікая.

У ліпені 2024 года ўкраінскі бок паведамляў, што Кіеву вядома сама меней аб сямі дамовах, падпісаных беларускімі ўладамі з дзяржорганамі анэксаванага Крыма.

У верасьні першы намесьнік пастаяннага прадстаўніка гэтага рэгіёну пры прэзыдэнце РФ Міхаіл Саломенцаў заявіў, што ўлады анэксаванага паўвострава хочуць, каб «як мага больш беларусаў прыяжджала ў Крым». Ён падкрэсьліў, што ў турыстычны сэзон «назіраў шмат машын з беларускімі нумарамі».

30 лістапада 2021 года ў інтэрвію міжнароднаму інфармацыйнаму агенцтву «Россия сегодня» Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Крым дэ-факта — «гэта расейскі Крым», а пасьля рэфэрэндуму 2014 года «і дэ-юрэ Крым стаў расейскім». Паводле яго сьцьвярджэньня, украінскія вайскоўцы бяз бою аддалі Крым, баючыся, што паўвостраў пяройдзе пад кантроль NATO.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG