«Фільмы на падумаць і паразважаць». Пачынаецца кінафэстываль «Паўночнае зьзяньне»

Афіша фэстывалю «Паўночнае зьзяньне», архіўнае фота

Сёлета культавы кінафэстываль пройдзе онлайн з 22 па 29 кастрычніка.

На VI фэстывалі кіно Паўночных і Балтыйскіх краін прадставяць 28 стужак з 9 краін сьвету. Сёлета ўпершыню пакажуць вялікую беларускую праграму. Даведаліся ў стваральніцы і дырэктаркі «Паўночнага зьзяньня» Волі Чайкоўскай, чаму варта паглядзець дакумэнтальныя і мастацкія фільмы, наведаць імпрэзы пра кіно, каштоўнасьці і ідэі.

«Фільмы, якія ўзрушваюць»

Сёлета фэстываль пройдзе пад слоганам «Слухаць і чуць». Дырэктарка і заснавальніца Воля Чайкоўская напісала адмысловы маніфэст пра эмпатыю і салідарнасьць.

«Паўночнае зьзяньне» сёлета як міратворац. Прапаноўвае „спыніць агонь“, спыніцца хаця б на фэстывальны тыдзень, вылучыць троху часу, абвастрыць увагу і паслухаць. Аб правах жанчын і кампаніях супраць хатняга гвалту, пра жудасныя наступствы псыхалягічнага, эмацыйнага, сэксуальнага, фізычнага і фінансавага гвалту, пра экалягічную катастрофу і зьмену клімату, пра зьнікненьне цэлых экасыстэмаў, пра рэкордныя выкіды вуглякіслага газу ў атмасфэру, пра мэнталітэт звышспажываньня і перавытворчасьці, пра патрыярхат. І, усё ж такі, нягледзячы ні на што, пра любоў і прыгажосьць«, — піша яна.

https://drive.google.com/file/d/1PslotAq3T8ZEd5yNNdz4UmIyHVCF0IXt/view?usp=sharing (Воля Чайкоўская, аўтарка фота: Diana Olesyuk Дзіяна Алясюк)

Воля Чайкоўская

Цікава, што маніфэст Воля Чайкоўская напісала яшчэ ў пачатку году, але зь цягам часу яго канцэпцыя набывае больш рэзанансу і сэнсу. Сёлета фэстываль пераносілі ажно двойчы: з красавіка на верасень праз пандэмію, потым на кастрычнік праз блякаду інтэрнэту і сытуацыю ў краіне. Дый онлайн-фармат распрацоўвалі ў вельмі сьціслыя тэрміны.

«Для мяне асабіста гэта ўжо траўматычны досьвед. Ты разумееш, што складана, людзі стомленыя. Ты газуеш, буксуеш, пасьля зноў трэба знайсьці нейкую энэргію і сілы, каб зноў запусьціцца і за сабой газануць усю каманду, — прызнаецца Воля. — У нас было шмат разважаньняў, страхаў і няўпэўненасьці, маўляў, ці сапраўды камусьці цяпер да кіно? Але я лічу, што салідарнасьць ня можа быць аднабаковай, у адну браму, яна заўсёды ўзаемная».

Воля кажа, што яна і каманда «Паўночнага зьзяньня» вельмі спачувальна і суперажывальна ставяцца да ўсіх падзеяў, што зараз адбываюцца ў Беларусі.

«Мы падумалі, што нам сябе няма ў чым дакараць і для нас было важна ў кантэксьце ўсёй сытуацыі не змарнаваць такую клясную рэч, як „Паўночнае зьзяньне“, і, значыць, хтосьці захоча і з намі салідарнасьць выказаць».

«Фільмы адпавядаюць канцэпцыі «Слухаць і чуць»

Падчас фэстывалю пакажуць 28 кінастужак: 15 міжнародных дакумэнтальных і мастацкіх, 5 швэдзкіх кароткамэтражак і 8 беларускіх фільмаў.

«Фільмы адпавядаюць канцэпцыі „Слухаць і чуць“. У нас ніколі праграма не была забаўляльнай, а наадварот: на падумаць, паразважаць, на самаразвіцьцё».

Сёлета пэўны фокус на жанчын у кіно, расказвае дырэктарка фэстывалю. Шмат фільмаў, зьнятых жанчынамі, спрадусаваных жанчынамі і пра жанчын.

«Напрыклад, ёсьць швэдзкі дакумэнтальны фільм „Фэміністарка“ пра міністарку замежных справаў Маргат Вальстрэм, якая вынесла фэміністычную тэму ад імя Швэцыі на міжнародную арэну. Таксама фінскі фільм-альманах „Сіла звычкі“ пра невідавочны прымус жанчыны».

Акурат пасьля фільму адбудзецца дыскусія Волі Чайкоўскай з актывісткамі Элі Тойваніемі, Аннай Сэрнер, Дар’яй Жук.

Сёлета адбудзецца ажно 7 адукацыйных падзеяў. Дырэктарка просіць зьвярнуць увагу на дыскусію пасьля прагляду фільму «Адвакат», дзе ЛГБТ-актывіст Коля Анціпаў пагаворыць з рэжысэрам Ромасам Забараўскасам пра пачуцьці на адлегласьці і праблемы ЛГБТК-людзей у посткамуністычных краінах.

«Варта адзначыць і лекцыю Анны Сэрнэр, дырэктаркі швэдзкага кінаінстытутe, пра швэдзкую кінаіндустрыю. Таксама ў нас будзе лекцыя пра рух #metoo і як літоўская кінаіндустрыя адаптуецца да новых умоваў, з улікам правоў жанчын, як перажывае досьвед руху».

Доступ да ўсіх адукацыйных падзеяў падчас фэстывалю будзе свабодным.

Зь фільмаў Воля акцэнтуе ўвагу на эстонскай стужцы «Праўда і справядлівасьць» — экранізацыі культавай кнігі пісьменьніка Антона Тамсаарэ.

«Я думаю, гэта для эстонцаў прыблізна такога ж значэньня, як для беларусаў экранізацыя „На ростанях“ Коласа ці „Людзі на балоце“ Мележа. Фільм таксама прадстаўляў Эстонію ў змаганьні за „Оскар“».

Яшчэ дырэктарка адзначае швэдзкі фільм Ёна Скога «Сэзон», які паэтычна апавядае пра жыцьцё ў правінцыі. А таксама фільм Уладзімера Логінава «Сьвята» пра фэномэн конкурсаў прыгажосьці, у якім Воля Чайкоўская выступіла ў якасьці прадусаркі.

Тым, хто глядзіць упершыню

Дзякуючы онлайн-фармату кіно будзе даступнае ўва ўсёй Беларусі. Калі вы гатовыя разважаць на няпростыя тэмы, кажа дырэктарка фэстывалю, але хочацца нечага лягчэйшага, можна пачаць зь фільму «Арктычныя вярблюды».

«Ён для сямейнага прагляду. Пра тое, як нарвэская сям’я купіла вярблюдаў і спрабуе іх дрэсаваць пад наглядам мангольскіх знаўцаў. Гэта файная сямейная камэдыя з нардычным і ня толькі калярытам».

«Я безумоўна б параіла клясную анімацыю „Монці і вулічнае сьвята“, якую зрэжысавалі два вельмі вядомыя дацкія графічныя мастакі. Яны зрабілі мультфільм, які закранае ўсе стэрэатыпы сучаснага дацкага жыцьця, такога забясьпечанага і дабрабытнага».

Беларуская праграма

Упершыню на «Паўночным зьзяньні» стварылі асобную беларускую праграму, у якой пакажуць 8 фільмаў.

«Гэта цудоўная магчымасьць пазнаёміцца зь цікавымі беларускімі рэжысэрамі, чые імёны на вуснах, кшталту Юлі Шатун, Дар’і Юркевіч, Андрэя Куцілы, Віктара Асьлюка, і з рэжысэрамі, імёны якіх яшчэ ня вельмі вядомыя беларусам, — кажа Воля. — Клясная праца „Дэзэртыр“ Сашы Сьцельчанкі, які скончыў FAMU ў Празе [прэстыжная кінашкола. — РС] або дэбютны фільм „Тата“ Марты-Дар’і Клінавай».

Дакладны расклад фільмаў і дыскусіяў глядзіце тут.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Калісьці Вяйшнорыя, цяпер Шчучыншчына». Вядомы мастак адкрыў выставу пра ўнутраную эміграцыю
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Літаратура выконвае функцыю праўды». Ляўрэат Гедройця-2020 пра кнігу, яе героя і судовую сыстэму