Карціну брытанскага вулічнага мастака Бэнксі «Пакажы мне Манэ» прадалі на аўкцыёне ў Лёндане амаль за 10 мільёнаў даляраў. Таргі доўжыліся ўсяго 8 хвілін. Пра гэта ў твітэры паведаміў аўкцыённы дом «Sotheby’s». Імёнаў прадаўца і пакупніка не называюць.
Папярэдне на сайце аўкцыённага дому карціну ацанілі на суму ад чатырох да шасьці з паловай мільёнаў даляраў.
Карціну — адсылку да «Японскага мосьціка» («Сажалка з вадзянымі ліліямі») Клёда Манэ — Бэнксі стварыў у 2005 годзе. У Бэнксі ў сажалку скінутыя вазочкі з супэрмаркету і дарожны конус.
У кастрычніку летась на аўкцыёне «Sotheby’s» карціна Бэнксі, якая высьмейвае брытанскі парлямэнт, была прададзеная за рэкордную суму 12,2 мільёнаў даляраў. Чатырохмэтровае палатно, на якім намалявана пасяджэньне шымпанзэ ў брытанскім парлямэнце, Бэнксі стварыў у 2009 годзе.