Расейская студыя Lesta Games, якая з пачаткам вайны выкупіла ў Wargaming бізнэс у Беларусі і Расеі, трапіла пад ціск расейскіх сілавых і судовых структураў.
Кампаніі выставілі абвінавачаньні ў фінансаваньні Ўзброеных сіл Украіны, могуць прызнаць яе датычнаю да так званай экстрэмісцкай дзейнасьці.
Кампанія Wargaming вядомая дзякуючы гульні World of Tanks. З пачаткам вайны Расеі супраць Украіны кіраўніцтва Wargaming прыняло рашэньне пакінуць рынкі Расеі і Беларусі, мясцовыя актывы перадалі расейскаму мэнэджмэнту кампаніі.
Lesta Games — расейская кампанія, якая ўтварылася ў выніку разьдзелу кіпрскай кампаніі зь беларускімі каранямі Wargaming і перадачы расейскаму мэнэджмэнту права ўласнасьці на яе гульнёвы бізнэс у Расеі і Беларусі. Разьдзел завяршыўся ў 2023 годзе.
Аднак заява Lesta Games пра разрыў усіх сувязяў з Wargaming не пераканала расейскіх сілавікоў.
У канцы красавіка 2025 году расейскі суд арыштаваў актывы Lesta Games.
Пасьля гэтага кампанія зрабіла публікацыю, апэлюючы да прыхільнікаў вядомых гульняў:
«Мы перажываем нялёгкі пэрыяд, зьвязаны з судовым працэсам, які пагражае самому існаваньню кампаніі і ўсіх нашых праектаў, у тым ліку не анансаваных. Нам выставілі сурʼёзныя абвінавачаньні, якія датычаць фінансаваньня УСУ і магчымага прызнаньня кампаніі датычнай да экстрэмісцкай дзейнасьці.
Наша задача — даказаць сваю невінаватасьць, а таксама поўную самастойнасьць пасьля аддзяленьня ад кампаніі Wargaming, якою валодае Віктар Кіслы, што знаходзіцца за межамі Расеі. За кожным рашэньнем судзьдзі стаяць лёсы тысяч супрацоўнікаў, мільёнаў гульцоў і шматгадовы ўклад у разьвіцьцё айчыннай гульнёвай індустрыі», — гаворыцца ў заяве кампаніі Lesta Games.
Пасяджэньне суду прызначанае на 27 траўня.
Малік Хатажаеў, уладальнік Lesta Games, падкрэсьлівае ў сваіх інтэрвію расейскім мэдыя, што ён «патрыёт» і не падтрымлівае адносін з уласьнікам Wargaming Віктарам Кіслым зь лета 2023 году, калі адбыўся падзел кампаніі.
Wargaming захавала свой падразьдзел ва Ўкраіне, які сапраўды падтрымлівае Ўкраіну ў вайне, а беларуская дзяржаўная прапаганда абвінаваціла аднаго з кіраўнікоў кампаніі Мікалая Кацалапава ў ахвяраваньнях беларускім апазыцыйным структурам на «сотні тысяч даляраў». Улады Беларусі ў 2023 годзе нават абвінавацілі яго ў «фінансаваньні тэрарызму» і ўнесьлі ў сьпіс «тэрарыстаў».
Што пагражае Lesta Games
Калі кіраўніцтва кампаніі ня зможа даць пераканаўчых доказаў у расейскім судзе, гэта можа прывесьці да сурʼёзных наступстваў для яе бізнэсу. Найперш юрыдычныя рызыкі нясе кіраўніцтва кампаніі, магчымы крымінальны перасьлед: арышты, забарона на выезд за мяжу, канфіскацыя асабістых актываў, з чаго вынікаюць і глябальныя фінансавыя рызыкі, спад даходаў і страта пазыцыяў на рынку.
У скрайнім выпадку дзейнасьць кампаніі можа быць цалкам спыненая, а яе актывы сканфіскаваныя, заявіў дырэктар у разьвіцьці гульнёвай індустрыі ўнівэрсытэту «Синергия» Міхаіл Піменаў у інтэрвію расейскаму выданьню «Известия».
Як Wargaming дапамагае Ўкраіне
Wargaming шмат ахвяруе на падтрымку грамадзян Украіны. Кампанія накіравала мільён даляраў на мэдычную дапамогу і абсталяваньне ў першы тыдзень вайны, перадала 100 тысяч даляраў дапамогі пацярпелым ад разбурэньня грэблі Кахоўскай ГЭС.
Пазьней кампанія Wargaming запусьціла двухтыднёвы дабрачынны праект для падтрыманьня Ўкраіны ў вайне, на мэты мэдычнай дапамогі.
«Сотні нашых супрацоўнікаў робяць ахвяраваньні з уласнай ініцыятывы. Так, унутры кампаніі ўдалося сабраць 200 тысяч эўра на закупку машын хуткай дапамогі для ўкраінскіх мэдыкаў. А зараз вы можаце падтрымаць тых, каго закранула вайна, разам з намі. Для гэтага мы запускаем WargamingUnited — наш найбуйнейшы дабрачынны праект», — паведамлялі ў кампаніі.
Расейская студыя Lesta Games, якая выкупіла ў Wargaming бізнэс у Беларусі і Расеі, тады заявіла, што ня мае дачыненьня да ініцыятывы Wargaming у падтрыманьні Ўкраіны. Там падкрэсьлілі, што з 2022 году апэруюць праектамі «Мир танков», «Мир кораблей» і Tanks Blitz у абедзьвюх краінах і ня маюць дачыненьня «да іншых гульняў і праектаў падобнай тэматыкі».
«Нашыя праекты па-за палітыкай», — заявілі тады ў прэс-службе кампаніі. У Lesta Games папрасілі гульцоў «быць уважлівымі пры зьдзяйсьненьні выплатаў і пакупак онлайн, каб не парушаць заканадаўства Расейскай Фэдэрацыі або Рэспублікі Беларусь».
- Кампанію Wargaming у 2011 годзе стварыў беларускі прадпрымальнік Віктар Кіслы.
- Да 2020 году яна мела прадстаўніцтвы ў многіх краінах і налічвала каля 5 тысяч супрацоўнікаў.
- У жніўні 2020 году, пасьля сілавога разгону акцыяў пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў, кампанія заявіла аб рэлякацыі супрацоўнікаў беларускага офісу ў іншыя краіны.
- Вясной 2022 году Wargaming прадаў бізнэс у Расеі і Беларусі сваёй былой расейскай «дачцэ» — санкт-пецярбурскай студыі Lesta Games. Яна атрымала права выпускаць гульні Wargaming у абедзьвюх краінах і правяла рэбрэндынг сэрыі гульняў «World of Tanks», «World of Warships» і «World of Tanks Blitz». Цяпер на беларускім і расейскім рынках яны называюцца адпаведна «Мир танков», «Мир кораблей» і Tanks Blitz.