Падставай для пачатку справы паводле артыкула 369 Крымінальнага кодэксу стаў камэнтар Аляўціны ў раённым тэлеграм-чаце «Міхалова».
Раніцай 19 студзеня Аляўціну затрымалі ў яе кватэры апэратыўнікі ГУБАЗіК і зьмясьцілі на трое сутак у ІЧУ на Акрэсьціна.
Што было на судзе?
Сама старшыня Цэнтравыбаркаму Лідзія Ярмошына на суд не зьявілася. Адвакат і дзяржаўны абвінаваўца пагадзіліся, што выклікаць яе няма патрэбы.
На судзе высьветлілася, што сьведка, супрацоўнік міліцыі Ермакоў, маніторыў дваровыя чаты і заўважыў камэнтар Аляўціны. Дзяржаўны абвінаваўца Яўген Серакоў, які зачытваў абвінавачаньне, нават не агучыў слова «шалавай», якое стала падставай для перасьледу:
«Большай...., чым Ярмошына, нікому ня стаць усё роўна))», — прачытаў ён.
Паводле абвінаваўцы, гэты камэнтар быў зроблены дзяўчынай у чаце з мэтай прыніжэньня гонару і годнасьці старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай у сувязі з выкананьнем ёй службовых абавязкаў, па матывах ідэалягічнай і палітычнай варожасьці, зьвязанай з электаральнай кампаніяй у Беларусі, з пачуцьця непрыязнасьці да прадстаўнікоў улады, кіруючыся нізкімі памкненьнямі. Гэта прынесла старшыні ЦВК маральныя пакуты.
Аляўціна Корчык сваёй віны не прызнала і сказала, што ў яе не было намеру зьняважыць кіраўніцу ЦВК і прынесьці камусьці маральныя пакуты.
«Перад гэтым нехта накіраваў у чат відэа зь непрыстойным зьместам, і яно мяне вельмі засмуціла. Там была дзяўчына нейкага парнаграфічнага зьместу. Я вельмі засмуцілася, бо ў мяне быў досьвед, што майго блізкага чалавека падобнымі рэчамі шантажавалі. Я, пагарачыўшыся, уступіла ў спрэчку ці то з тым, хто адправіў паведамленьне, ці з тым хто яго камэнтаваў. Нехта назваў на відэа дзяўчыну шалавай і я абурылася. Я пакінула камэнтар «Большай шалавай, чым Ярмошына, нікому ня стаць усё роўна))», — сказала Аляўціна.
«Гэта першае прозьвішча, што ўсплыло ў галаве»
У камэнтары яна назвала прозьвішча «Ярмошына», але ня мела на ўвазе нейкага канкрэтнага чалавека. А з прозьвішчам «Ярмошына» вельмі многа людзей. Прозьвішча старшыні ЦВК «цяпер ужо ведае», пасьля таго як ёй выставілі абвінавачаньне.
«Гэта першае прозьвішча, што ўсплыло ў галаве, магчыма, недзе пачула напярэдадні, магчыма, недзе ўбачыла. Але нікога канкрэтнага ня мела на ўвазе. Гэта хутчэй было, што ніхто не зьяўляецца ў дадзеным выпадку ні шалавай, ні шлюхай, ні яшчэ некім. Слова „шалава“ ні да кога канкрэтна не адносілася. Проста на эмоцыях хацелася неяк асадзіць камэнтатараў. Я памятаю, што была абураная. Я нікога не хацела зьняважыць».
Паводле Аляўціны, лінгвістычная экспэртыза камэнтара таксама ня выявіла, што ён адносіцца канкрэтна да Лідзіі Ярмошынай, бо ў ім не ўдакладняецца асоба і пасада.
У абвінавачаньні таксама зазначана, што дзяўчына выкарыстоўвала 30 кастрычніка, калі пісала камэнтар, «не ўстаноўлены тэлефон неўстаноўленай маркі». Арыштаваны тэлефон яна набыла на пачатку сьнежня і пры затрыманьні 19 студзеня мела яго з сабой.
«Мяне пачалі пужаць, што я паеду ў ІЧУ на Акрэсьціна»
Судзьдзя Лідзія Цяліца зачытала паказаньні Аляўціны, дадзеныя ў студзені, дзе яна кажа, што яе камэнтар быў накіраваны супраць старшыні ЦВК. Дзяўчына сказала, што гэтых паказаньняў не падтрымлівае.
«Гэтыя паказаньні я давала пад псыхалягічным ціскам і прымусам. Мяне пачалі пужаць, што я паеду ў ІЧУ на Акрэсьціна. Гэта было зімой, холадна, і я баялася, што мяне закрыюць на трое і больш сутак, хоць ніякіх падставаў для гэтага не было. Мне сказалі, калі я напішу тое, як мне дыктуюць, то я паеду дадому. Я ня бачыла сэнсу ў сваім затрыманьні. Любы невінаваты чалавек не захоча ехаць на Акрэсьціна. І я на той момант паверыла супрацоўнікам, якія прымушалі мяне сказаць тое, што ім патрэбна, і сказалі, што ў гэтым выпадку я паеду дадому».
Дзяўчына сказала ў судзе, што падчас допыту ў кабінэце альбо побач прысутнічалі супрацоўнікі ГУБАЗіК, якія яе затрымлівалі. У яе не было адваката, яна плакала, ёй было страшна. Пагутарыць з адвакатам яна змагла толькі пасьля вызваленьня з ІЧУ на Акрэсьціна. Абаронца пісаў скаргу на тое, што на затрыманую чыніўся ціск, але безвынікова.
Судзьдзя не задаволіла хадайніцтва адваката, каб у суд выклікалі дзяржаўнага судовага экспэрта Тамару Мезенцаву, якая рабіла лінгвістычную экспэртызу адносна камэнтара. Паводле дзяржабвінаваўцы, выклік экспэрта зацягне працэс.
Паводле адвакаткі, экспэртыза «дала адназначны адказ, што ў прыведзеных тэкстах няма зьневажальных выказваньняў на адрас канкрэтна Лідзіі Ярмошынай». Адпаведна з гэтым заключэньнем былі зробленыя высновы пра тое, што ў камэнтары «ёсьць нэгатыўная ацэнка асобы, якая названа Ярмошынай».
«Але адказаць на частку пытаньня, ці маецца нэгатыўная ацэнка пэрсанальна старшыні ЦВК, не ўяўляецца магчымым».
У апошнім слове Аляўціна сказала, што, на жаль, скарыстала ня самае лепшае слова і ня ў самым лепшым месцы.
«Я настойваю яшчэ раз, што я ня мела на ўвазе канкрэтна Лідзію Ярмошыну. Я не жадала распальваньня ніякай ідэалягічнай ці палітычнай варожасьці, абсалютна нічога дрэннага ня мела на ўвазе. У кожнага бываюць дні, калі ён нешта кажа на эмоцыях».
Яна патлумачыла, чаму ўступіла ў чат.
«Дагэтуль у мяне не было асаблівых адносін з суседзямі, але мне хацелася ведаць, хто жыве ў маім раёне. Мне хацелася, каб я магла спакойна хадзіць па вуліцах, што калі маёй маці стане дрэнна, то нехта з суседзяў дапаможа, калі мае сабакі зьбягуць, то нехта дапаможа іх знайсьці. У мяне былі выключна добрыя намеры. Я нікога не хацела пакрыўдзіць».
Яна назвала пакараньне, якое папрасіў дзяржаўны абвінаваўца, «занадта жорсткім для чалавека, які дагэтуль не рабіў ніякіх правапарушэньняў, які сумленна плаціць падаткі і жыве ў гэтай краіне, сумленна працуе і стараецца зрабіць гэтую краіну лепшай».
Яна сказала, што зрабіла памылку, якую «нехта мог няправільна расцаніць».