Чаго чакаць ад прапанаваных перамоваў у Стамбуле аб вайне Расеі супраць Украіны. Аналіз Свабоды

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп (у цэнтры) заявіў, што можа зьявіцца і далучыцца да перамоваў паміж Украінай і Расеяй, калі яны адбудуцца 15 траўня. Пакуль толькі Зяленскі паабяцаў прысутнічаць асабіста. Уладзімір Зяленскі, Дональд Трамп, Уладзімір Пуцін (каляж)

Чакаецца, што Ўкраіна і Расея правядуць свае першыя прамыя мірныя перамовы пасьля спыненых у 2022 годзе сустрэч, калі пачалося поўнамаштабнае ўварваньне Масквы.

Але мала што вядома, акрамя даты і месца: 15 траўня ў Стамбуле. У Маскве назвалі кіраўніком дэлегацыі памочніка Пуціна, хоць у Кіеве чакалі яго самога, а ў Кіеве склад дэлегацыі не назвалі.

Аналіз Свабоды, як могуць разьвівацца перамовы і якім можа быць вынік.

Нечакана Ўкраіна і Расея пачалі рыхтавацца да працэсу, які можа стаць іх першымі беспасярэднімі мірнымі перамовамі зь вясны 2022 году, калі перамовы пачаліся неўзабаве пасьля пачатку поўнамаштабнага ўварваньня Масквы ў суседнюю краіну, піша карэспандэнт Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода Стыў Гутэрман.

Шлях да перамоваў, якія чакаюцца ў Турцыі 15 траўня, быў кароткім. 7 траўня віцэ-прэзыдэнт ЗША Дж. Д. Вэнс заявіў, што беспасярэднія перамовы паміж Расеяй і Ўкраінай ёсьць прыярытэтам. 10 траўня эўрапейскія лідэры ў Кіеве далучыліся да прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага ў закліку да 30-дзённага спыненьня агню, якое мела пачацца 12 траўня, папярэдзіўшы, што Расея сутыкнецца з дадатковымі санкцыямі, калі не пагодзіцца на перамір’е.

Празь некалькі гадзін, пасьля поўначы, прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін паспрабаваў зьмяніць сытуацыю, заклікаўшы да наўпроставых перамоваў у Стамбуле 15 траўня і заявіўшы, што спыненьне агню можа адбыцца толькі ў выніку перамоваў. Гэтым Пуцін перакінуў мяч на бок Украіны, але Зяленскі адбіў яго, заявіўшы, што будзе ў Турэччыне 15 траўня, і заклікаўшы Пуціна зьявіцца на іхную асабістую сустрэчу, першую за больш чым пяць гадоў.

Да 15 траўня засталося мала часу, пакуль вядома мала дэталяў. Вось некалькі ключавых пытаньняў — хто будзе ўдзельнічаць, чаго можна дасягнуць, каго зьвінавацяць, калі выніку ня будзе — і некаторыя магчымыя адказы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пуцін на перамовы з Украінай у Стамбул накіраваў свайго памочніка

Хто можа ўзяць удзел?

Зяленскі — адзіны лідэр, які абавязаўся быць у Турэччыне 15 траўня. Яго заява стала выклікам для Пуціна, які часта сьцьвярджаў, што Зяленскі нелегітымны, бо яго пяцігадовы тэрмін меў скончыцца каля году таму і мусілі быць новыя прэзыдэнцыкія выбары.

Гэтая правакацыйная заява ігнаруе той факт, што Ўкраіна знаходзіцца ў ваенным становішчы з моманту, калі Пуцін загадаў пачаць поўнамаштабнае ўварваньне ва Ўкраіну ў лютым 2022 году, а гэта значыць, што выбары ня могуць адбыцца.

Сустрэча зь Зяленскім можа разглядацца як прызнаньне таго, што яго ўлада легітымная, а гэта падрывае адзін з галоўных ілжывых наратываў Крамля пра Ўкраіну: што яе цяперашняе кіраўніцтва — нібыта складнік наступстваў падтрыманага Захадам перавароту супраць дружалюбнага да Масквы ўраду ў 2014 годзе.

Такая сустрэча падкрэсьліла б няздольнасьць Пуціна дасягнуць адной зь ягоных галоўных мэтаў уварваньня ў 2022 годзе, а менавіта зьняцьця Зяленскага і фармаваньня ўраду, саюзнага Расеі.

Позна ноччу 14 траўня стала вядома, што расейскую дэлегацыю ў Стамбуле на перамовах з Украінай 15 траўня ўзначаліць памочнік Уладзіміра Пуціна Ўладзімір Мядзінскі. Ён ужо ўзначальваў расейскую перамоўную групу ў 2022 годзе.

У дэлегацыю таксама ўвайшлі намесьнік кіраўніка МЗС Расеі Міхаіл Галузін, начальнік Галоўнага ўпраўленьня расейскага Генштаба Ігар Касьцюкоў, намесьнік міністра абароны Аляксандр Фамін, — гаворыцца ў паведамленьні прэс-службы Крамля.

Хто ў такой сытуацыі будзе прадстаўляць Украіну, на гэты момант не паведамляецца.

Раней у сераду прэзыдэнт Украіны ў вячэрнім звароце заявіў, што чакае ад Расеі паведамленьня аб тым, хто будзе прадстаўляць Маскву на перамовах у Турэччыне. Украінскі бок мае некалькі варыянтаў дзеяньняў для дасягненьня спыненьня агню, але рашэньні залежаць ад узроўню ўдзелу Расеі ў патэнцыйных перамовах, заявіў прэзыдэнт Украіны ў вячэрнім відэазвароце 14 траўня.

Сваім рашэньнем Пуцін фактычна адхіліў прапанову прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага аб асабістай сустрэчы ў Стамбуле — хоць сама ідэя расейска-ўкраінскіх перамоваў у гэтым горадзе, дзе яны ўжо праходзілі ў 2022 годзе, была вылучаная Расеяй. Хоць выразнай адмовы гэтага з боку Крамля пакуль не прагучала.

«Калі Пуцін зьявіцца ў Стамбуле, гэта ўжо будзе паразай» для яго, заявіў палітычны аглядальнік Аляксандар Фрыдман у інтэрвію тэлеканалу «Настоящее время»:

«Сам пачатак перамоваў зь Зяленскім будзе сьведчыць пра яго паразу, асабліва калі ён пад ціскам прыедзе на саміт, на якім, відавочна, ніколі не плянаваў быць».

З іншага боку, адсутнасьць сустрэчы зь Зяленскім адкрыла б магчымасьць сьцьвярджаць, што Пуцін баіцца сустрэцца, што і сьцьвярджаў украінскі прэзыдэнт у мінулым і зноў сьцьвердзіў 13 траўня. Ён імкнуўся ўзмацняць ціск, агенцтва Reuters спаслалася на неназванага дарадцу Зяленскага, які заявіў, што прэзыдэнт Украіны сустрэнецца толькі з Пуціным.

Дадатковы фактар ціску на Пуціна — магчымасьць прыезду Дональда Трампа ў Турэччыну.

«Я думаў пра тое, каб паляцець туды. Я ня ведаю, дзе буду ў чацьвер», — сказаў прэзыдэнт ЗША 12 траўня перад ад’ездам у чатырохдзённую паездку на Блізкі Усход. «Ёсьць такая магчымасьць, я мяркую, калі нешта можа адбыцца».

Падчас свайго візыту ў Саудаўскую Арабію 13 траўня Трамп заявіў, што дзяржаўны сакратар Марка Рубіё адправіцца ў Турэччыну на патэнцыйную сустрэчу паміж Зяленскім і Пуціным. Паводле зьвестак Белага дому, Рубіё будуць суправаджаць спэцыяльныя пасланцы ЗША Стыў Уіткаф і Кіт Келаг.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зяленскі заявіў, што зьбіраецца размаўляць з Пуціным пра спыненьне агню і абмен палоннымі

Чаго можна дасягнуць?

Незалежна ад таго, будзе прысутнічаць Пуцін ці не, аналітыкі кажуць, што Расея наўрад ці пойдзе на саступкі або адступіць ад сваіх даўніх пазыцыяў. Пуцін намякнуў на гэта, калі запрасіў расейскіх журналістаў у Крэмль на начную заяву, у якой заклікаў да беспасярэдніых перамоваў у Стамбуле 15 траўня; па-першае, ён назваў патэнцыйныя размовы аднаўленьнем перамоваў, якія адбыліся часткова ў Стамбуле ў 2022 годзе, калі Расея, сярод іншага, дамагалася ад Кіева абяцаньня пастаяннага нэўтралітэту і строгіх абмежаваньняў на вайсковыя сілы і сродкі Ўкраіны.

Расея «не пагодзіцца на 30-дзённае спыненьне агню» і «паспрабуе замацаваць старыя стамбульскія рамкі, каб абмяркоўваць строгія абмежаваньні для сувэрэнітэту [Ўкраіны] і супрацы ў галіне бясьпекі з Захадам. [Украіна] адмовіцца», — напісаў расейскі аналітык замежнай палітыкі Ўладзімір Фралоў на X.

Больш за тое, пасьля перамоваў 2022 году Расея павялічыла свае патрабаваньні што да тэрыторыі Ўкраіны, ня раз заяўляючы, што для таго, каб усякае мірнае пагадненьне працавала, Кіеў і Захад павінны прызнаць расейскі кантроль над чатырма мацерыковымі ўкраінскімі рэгіёнамі, якія Пуцін беспадстаўна абвясьціў у верасьні 2022 году часткаю Расеі — Данецкай, Луганскай, Запароскай і Херсонскай вобласьцямі, у тым ліку вялікімі тэрыторыямі, якія застаюцца ў руках украінцаў.

Заклік Пуціна да беспасярэдніх перамоваў азначае, што ён «бачыць магчымасьць уцягнуць Украіну ў працэс „Стамбул-2“, які вельмі нагадвае перамовы сакавіка–красавіка 2022 году, каб дасягнуць тых жа мэтаў, цяпер з уключэньнем нядаўна анэксаваных тэрыторыяў», — напісала на X Тацяна Станавая, старшы навуковы супрацоўнік Бэрлінскага цэнтру Карнэгі для вывучэньня Расеі і Эўразіі, знаўца адміністрацыі Пуціна.

«Рэальнасьць такая, што ні Масква, ні Кіеў не гатовыя пагадзіцца на трывалы мір, бо іхныя пазыцыі ў сваёй істоце непрымірэнныя», — напісала Станавая, дадаўшы, што «амэрыканская ініцыятыва пасярэдніцтва ў заключэньні ўгоды асуджана на правал — прынамсі на гэтым этапе».

Курт Волкер, былы амбасадар ЗША ў NATO, які быў спэцыяльным прадстаўніком Трампа на перамовах аб Ўкраіне падчас яго папярэдняга тэрміну, таксама выказаў здагадку, што хуткі прарыў малаімаверны.

«Гэта будзе працяглы працэс. Пуцін, здаецца, усё яшчэ думае, што можа дасягнуць сваіх максымалісцкіх патрабаваньняў», — сказаў Волкер, вядучы навуковы супрацоўнік вашынгтонскага Цэнтру аналізу эўрапейскай палітыкі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Крамлі заявілі, што Пуцін яшчэ ня вырашыў, хто паедзе на перамовы з Украінай у Стамбул

Хто стане вінаватым, калі перамовы праваляцца?

Ад таго моманту, як Трамп пачаў свой другі тэрмін з спробы стаць пасярэднікам у заканчэньні найбуйнейшай вайне ў Эўропе з 1945 году — чаго, як ён казаў, ён зможа дасягнуць за дзень ці два — Расея і Ўкраіна ўзмацнілі намаганьні, каб паказаць сябе канструктыўнымі, а другі бок — перашкодай на шляху да міру.

Гэта быў падтэкст бурнай актыўнасьці ў апошнія дні. Расея і Ўкраіна, імаверна, падвояць гэтыя намаганьні, калі перамовы гэтага тыдня — калі яны адбудуцца — не прынясуць прагрэсу.

Раней падчас свайго цяперашняга тэрміну Трамп, як выглядала, разглядаў Украіну пераважна як непакорлівы бок, што і праявілася найярчэй падчас незвычайнага ўсплёску эмоцыяў у Авальным кабінэце, калі Зяленскі наведаў Белы дом 28 лютага.

Адміністрацыя Трампа ў апошнія тыдні выказвала расчараваньне Расеяй часьцей, чым раней. 28 красавіка Трамп заявіў, што хоча, каб Пуцін «перастаў страляць, сеў і падпісаў угоду», а Вэнс 7 траўня сказаў, што Расея «патрабуе зашмат».

11 траўня, калі ён заклікаў Украіну «неадкладна» пагадзіцца на прапанову Пуціна наўпрост гаварыць у Стамбуле, Трамп дадаў:

«Прынамсі яны змогуць вызначыць, ці ўгода магчымая, а калі не, эўрапейскія лідэры і ЗША будуць ведаць, дзе, што і як, і змогуць дзейнічаць адпаведна!».

Гэта сьведчыць, што калі перамовы будуць няўдалымі і Злучаныя Штаты заявяць, што асабліва вінаваты ў гэтым адзін бок, гэта можа мець сур’ёзныя наступствы — напрыклад, у пляне будучай дапамогі Ўкраіне або санкцыяў супраць Расеі, якая, выглядае, імкнецца палепшыць свае повязі з ЗША.

Тым ня менш вынікам браку ўнутраных узрушэньняў у Расеі або прарыву Ўкраіны на полі бою, малаімавернага ў гэты момант, пра што сказала Станавая, вонкавы ціск на Маскву, напрыклад, больш жорсткія санкцыі, ня зьменіць пазыцыю Пуціна.

«Ягонай мэтай застаецца ператварыць Украіну ў „дружалюбную“ дзяржаву, і пакуль ён застаецца ва ўладзе, ён будзе працягваць альбо ваяваць, альбо прымушаць яе да капітуляцыі», — напісала Тацяна Станавая.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зяленскі заявіў, што будзе асабіста чакаць Пуціна ў Турэччыне на перамовах

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы пачалі бамбаваць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Прэзыдэнт ЗША абнавіў свае патрабаваньні да эўрапейскіх краінаў-сяброў NATO павялічваць выдаткі на абарону. Таксама палітык заявіў, што хоча, каб Украіна дала Злучаным Штатам кантроль за сваімі радовішчамі рэдказямельных выкапняў у абмен на фінансавую падтрымку яе ваенных дзеяньняў супраць Расеі.
  • У ноч на 14 лютага Расея бесьпілётнікам атакавала Чарнобыльскую АЭС, на саркафагу над разбураным у 1986-м пры чарнобыльскай катастрофе энэргаблёку пачаўся пажар, які ня могуць патушыць некалькі дзён.
  • 12 лютага 2025 Трамп пагутарыў па тэлефоне з Пуціным, і 18 лютага 2025 году ў Эр-Рыядзе (Саудаўская Арабія) пачалася двухбаковая сустрэча з удзелам дзяржаўнага сакратара ЗША Марка Рубіё і кіраўніка МЗС Расеі Сяргея Лаўрова. Украіна на перамовы не запрошаная. Перад гэтым у Мюнхэне (Нямеччына) і Парыжы (Францыя) адбыліся, адпаведна, канфэрэнцыя па бясьпецы і саміт вядучых краінаў ЭЗ, але на іх так і ня выпрацавалі пляну доўгатэрміновай падтрымкі Ўкраіны. Акрамя таго, Вугоршчына — сябра Эўразьвязу, NATO і пры гэтым ляяльная да Расеі — дыстанцыявалася ад абмеркаваньня далейшай вайсковай дапамогі Кіеву, абвінаваціўшы іншыя краіны ў падбухторваньні далейшай вайны.
  • У красавіку высьветлілася, што мірныя перамовы пакуль ня маюць посьпеху, а тым часам Украіна заявіла, што ведае імёны 155 кітайскіх наймітаў, якія падпісалі кантракты з Расеяй і пайшлі на вайну. Афіцыйны Пэкін заявіў, што сваіх грамадзянаў на вайну не адпраўляў, а наадварот, раіў жыхарам краіны трымацца падалей ад абодвух бакоў.
  • Дзяржаўны ўкраінскі праект «Хачу жыць», які выконвае Каардынацыйны штаб у пытаньнях абыходжаньня з ваеннапалоннымі, у красавіку 2025 году апрылюдніў прозьвішчы 742 грамадзян Беларусі, якія з 2023 году ваююць супраць Украіны на баку Расеі, зь іх 96 ужо загінулі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.