Прызначаная сёньня намесьніцай прэм’ер-міністра Натальля Пяткевіч будзе займацца сацыяльнымі пытаньнямі. «Гэта чэлендж, пэўны выклік, бо гэта ня проста сацыяльная сфэра (адукацыя, ахова здароўя, кульура) — гэта вялізная эканоміка», — перадае яе словы БелТА.
Пяткевіч сказала, што прызначэньне было для яе нечаканым. Яна лічыць, што «сацыяльны блёк — гэта самае галоўнае для нашых людзей».
Людзі імкнуцца да больш высокага ўзроўню жыцьця і ў іх адпаведныя чаканьні ад улады, адзначыла Пяткевіч. А гэта запатрабуе інавацый, А значыць, і вялікіх выдаткаў.
Яна прызнала, што ў сфэры здароўя існуюць праблемы: недахоп кадраў, патрэба ў павелічэньні фінансаваньня і гэтак далей. Але ў чарговы раз патлумачыла гэта «аб’ектыўнымі тэндэнцыямі»: павелічэньнем працягласьці жыцьця і попыту на мэдычныя паслугі.
Пяткевіч таксама адзначыла, што ў сфэры культуры «беларусы бачаць, я разьвіваецца гэтая галіна ў іншых краінах, і ім ёсьць з чым параўнаць. «Нашай краіне трэба адпавядаць», — сказала яна.
У спорце таксама трэба дасягаць высокіх вынікаў.
«Усё гэта трэба ўмясьціць у тыя эканамічныя рэаліі, якія ёсьць і ў сьвеце, і ў нашай краіне», — падсумавала Пяткевіч.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Натальлю Пяткевіч прызначылі першай намесьніцай прэм’ер-міністра БеларусіНатальля Пяткевіч раней займала пасаду намесьніцы кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі. Агулам жа ў атачэньні Лукашэнкі Пяткевіч адпрацавала паўтара дзясятка гадоў.
Яна таксама была вядучай спэцыялісткай, начальніцай упраўленьня дзяржаўнага і міжнароднага права галоўнага праўнага ўпраўленьня адміністрацыі Лукашэнкі. У 2001 годзе стала ягонай прэс-сакратаркай, у 2004 — намесьніцай кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі. На гэтай пасадзе праславілася тым, што была «шчырай прыхільніцай скасаваньня льготаў».
9 студзеня 2009 году яе прызначылі першай намесьніцай кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта. Гэтую пасаду Пяткевіч займала да 28 сьнежня 2010 году. Потым была памочніцай Лукашэнкі, пакуль 1 кастрычніка 2014 году Лукашэнка ня вызваліў яе ад гэтай пасады.
Паўтара года яна была беспрацоўнай, потым уладкавалася ў кампанію «Шантэр» набліжанага да ўладаў бізнэсоўца Аляксандра Шакуціна, разьвівала ў Беларусі турыстычны бізнэс.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прадстаўніца адміністрацыі Лукашэнкі Пяткевіч патлумачыла, чаму ў Беларусі бракуе лекараў