Аляксандар Лукашэнка на сустрэчы зь Лю Гочжунам адзначыў унёсак у разьвіцьцё двухбаковых стасункаў свайго «вялікага даўняга сябра» — старшыні КНР Сі Цзіньпіна.
«Калі б ня той паварот з прыходам яго да кіраўніцтва партыяй і дзяржавай, то, напэўна, гэтых дасягненьняў не было б і, магчыма, мы б з вамі сёньня не сустракаліся», — сказаў ён Лю Гочжуну.
Лукашэнка заявіў, што Беларусь зьяўляецца надзейным сябрам Кітая і кітайскага народа
«Ня толькі таму, што гэты складаны час і ён ня просты для нашай эканомікі найперш. А таму, што мы з вамі ўжо ня першае дзесяцігодзьдзе выбудоўваем адкрытыя сяброўскія стасункі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ад Беларусі да Віетнаму». Куды і як Расея вывозіць прадукцыю з акупаваных тэрыторыяў УкраіныЯк раней паведаміла міністэрства замежных справаў Кітаю, віцэ-прэм’ер КНР Лю Гочжун прыме ўдзел у 78-й Усясьветнай асамблеі аховы здароўя і наведае Швайцарыю і Беларусь.
Прэс-сакратар міністэрства замежных справаў Кітаю сказаў, што на запрашэньне генэральнага дырэктара Ўсясьветнай арганізацыі здароўя Тэдраса Гебрэесуса з 18 па 23 траўня сябра палітбюро ЦК КПК, намесьнік прэм’ера Дзяржаўнай рады Лю Гочжун прыме ўдзел у 78-й Усясьветнай асамблеі аховы здароўя ў Жэнэве і наведае Швайцарыю.
Пасьля гэтага адзін з кіраўнікоў ураду КНР наведае Беларусь на запрашэньне яе ўладаў. Ён будзе старшыняваць на шостым пасяджэньні Кітайска-беларускага міжурадавага камітэту супрацы, паведамілі ў МЗС Кітаю.
Беларуска-кітайскі міжурадавы камітэт супрацы створаны ў 2014 годзе, яго паседжаньні праводзяць раз на два гады. Мінулае паседжаньне прайшло ў Пэкіне, там ад Беларусі быў першы намесьнік прэм’ер-міністра Мікалай Снапкоў.
- Беларусь апошнім часам актыўна разьвівае палітычныя і эканамічныя адносіны з камуністычным Кітаем, удзельнічае ў сумесных праектах, пад Менскам дзейнічае кітайскі індустрыяльны парк «Вялікі камень».
- Кітай падтрымлівае ўлады Беларусі ў структурах ААН, у тым ліку ў Радзе правоў чалавека, дзе галасуе супраць рэзалюцыяў у падтрымку дэмакратыі і правоў чалавека ў Беларусі.
- Паводле МЗС Беларусі, актыўна разьвіваецца партнэрства з КНР у сфэры бясьпекі, вайсковага і вайскова-тэхнічнага супрацоўніцтва. У вайсковай сфэры адбываюцца рэгулярныя візыты, сумесныя манэўры.
- У 2021 годзе ўлады Беларусі прынялі дырэктыву «Аб разьвіцьці двухбаковых адносін Рэспублікі Беларусь з Кітайскай Народнай Рэспублікай».