У Вільні вырашылі дэмантаваць помнік літоўскай паэтцы, якая ўслаўляла савецкую ўладу

Помнік Саламеі Нерыс савецкага часу ў Вільні

У 1940 годзе ў якасьці дэлегаткі Народнага Сейму Саламеі Нерыс была ў Маскве з просьбай прыняць Літву ў склад Савецкага Саюзу.

Камісія дэсаветызацыі ўхваліла рэкамэндацыю прыбраць помнік Саламеі Нерыс яшчэ летам 2024 году.

Але Літоўская асацыяцыя мастацкіх творцаў (Lietuvos meno kūrėjų asociacija) і ўнучка паэткі Саламея Бучайце абскардзілі ў судзе рашэньне Цэнтру дасьледаваньня генацыду і супраціву жыхароў Літвы аб зносе помніка паэтцы ў Вільні.

Але суд не падтрымаў іхнага пазову.

Пасьля таго як апэляцыйны Клайпедзкі акруговы суд вырашыў, што пракуроры на законных падставах адмовіліся абараняць грамадзкі інтарэс у пытаньні помніка паэтцы Саламеі Нерыс, Віленскае самакіраваньне пачало кансультавацца наконт вывазу помніка, піша партал Delfi.

«Помнік паэтцы Саламеі Нерыс, які стаіць у Вільні побач з гімназіяй імя Віціса, варта прыбраць, бо ён прапагандуе таталітарны рэжым і яго ідэалёгію, вырашыла Камісія па дэсаветызацыі. Пасля доўгіх абмеркаваньняў мы аднагалосна пагадзіліся, што Саламея Нерыс і Вільня мала зьвязаныя і што ніякая тлумачальная шыльда не заменіць таго, што азначае помнік, таму яго варта прыбраць», — заявіў BNS старшыня камісіі Вітас Карчаўскас.

Савецкая паштовая марка, прысьвечаная Саламеі Нерыс

Бюст паэткі паставілі ў Вільні ў 1974 годзе каля школы яе імя.

«Камісія канстатавала, што Саламея Нерыс праяўляла актыўнасьць у акупацыйных палітычных структурах, актыўна ўдзельнічала ў прыняцьці рашэньняў, якія аказалі ўплыў на ўмацаваньне ў грамадзтве савецкай акупацыі. Разам зь іншымі пісьменьнікамі Нерыс стварала вершы і прозу, якія ўсхвалялі савецкую ўладу. У 1940 годзе ў якасьці дэлегаткі Народнага Сейму яна накіравалася ў Маскву з просьбай прыняць Літву ў склад Савецкага Саюзу», — паведамлялі літоўскія мэдыя.

«Цяпер, калі ўсё стала на свае месцы, можна прыбраць помнік кудысьці ў іншае месца, як гэта было прапанавана ў рэкамендацыях Цэнтра генацыду, каб ён выкарыстоўваўся як музэйны экспанат», — сказала старшыня гарадзкой камісіі гістарычнай памяці Каміле Гагялене.

Паводле яе, горад абмяркуе, куды перавезьці помнік, з аўтарамі скульптуры і сваякамі Саламеі Нерыс. Раней былі перайменаваныя вуліца і гімназія імя Нерыс у Вільні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У сталіцы Баўгарыі пачалі дэмантаваць помнік Савецкай арміі