Пра гэта паведамляе партал Рымска-каталіцкага касьцёла Беларусі.
Мітрапаліт Юзаф Станеўскі і генэральны вікарый архідыяцэзіі біскуп Аляксандар Яшэўскі асабіста азнаёмілі пантыфіка з сытуацыяй, у якой жыве касьцёл у Беларусі, пасля агульнай аўдыенцыі 21 траўня.
Станеўскі заявіў, што «беларускі народ будуе сваю будучыню на моцным падмурку хрысьціянскіх і сямейных каштоўнасьцяў і, перажываючы 80-годзьдзе заканчэння Другой сусьветнай вайны, — на супакоі, згодзе і міры».
Прыбыццё ў Беларусь «Пётра нашых часоў, чалавека, які ў першых словах зьвярнуўся да вернікаў з заклікам „Спакой Хрыста няхай будзе з усімі вамі!“, паспрыяе сустрэчы „ўсіх з усімі“, бо Хрыстос аддаў жыцьцё за ўсіх людзей», заявіў Станеўскі.
Паводле слоў мітрапаліта Менска-Магілёўскага, у канцы асабістай сустрэчы папа Леў XIV перадаў благаслаўленне «для ўсіх людзей добрай волі, якія жывуць у Беларусі, якія, перажываючы год добраўпарадкавання, будуюць дабрабыт сваёй краіны, каб гэта ім удавалася з Божай дапамогай і папскім бласлаўленьнем».
8 траўня Аляксандр Лукашэнка павіншаваў Лява XIV з выбраньнем папам Рымскім і запрасіў яго ў Беларусь.
Паводле негалоснага правіла, папа не наведвае краіны, дзе дамінуе іншая канфэсія ці рэлігія, без згоды адпаведнага рэлігійнага лідэра. У выпадку Беларусі, якая лічыцца краінай з праваслаўнай большасьцю, размова аб патрыярху Маскоўскім і ўсяе Русі Кірыле (Гундзяеве). Прадстаяцель Рускай праваслаўнай царквы, наколькі вядома, такой згоды не даваў.
Раней аўдыенцыю ў папы атрымалі грэка-каталіцкі архімандрыт Сяргей Гаек, апостальскі адміністратар для вернікаў візантыйскага абраду ў Беларусі, а таксама трое сьвятароў — Андрэй Абламейка зь Менску, Андрэй Крот з Горадні і канцлер курыі апостальскай адміністрацыі Яўген Усошын.
Леў XIV, гаворачы пра канфлікты ў сьвеце, падкрэсьліў, што «Сьвяты пасад гатовы спрыяць таму, каб ворагі сустрэліся і паглядзелі адзін аднаму ў вочы, каб народам былі вернуты надзея і годнасьць, якіх яны заслугоўваюць, — годнасьць міру»: «Вайна не бывае непазьбежнай, зброя можа і павінна маўчаць».
69-гадовы амэрыканскі кардынал Робэрт Фрэнсіс Прэвост (папа Леў XIV) быў абраны кіраўніком Рымска-каталіцкай царквы 8 траўня. Выбары адбыліся пасьля сьмерці папы Францішка 21 красавіка 2025 году.
Беларускія дэмакратычныя лідэры 8 траўня выказалі надзею, што папа Леў XIV стане голасам падтрымкі для перасьледаваных.