Памёр унук Якуба Коласа і Янкі Маўра Сяргей Міцкевіч

Янка Маўр, Якуб Колас з унукам Сяргеем

Нашчадак двух выбітных беларускіх пісьменьнікаў пайшоў з жыцьця ва ўзросьце 78 гадоў.

Пра сьмерць Сяргея Міцкевіча паведамілі ў сям’і. Зусім нядаўна — 5 траўня — ён адсьвяткаваў 78-годзьдзе.

У Сяргея Міцкевіча застаўся сын Яраслаў.

Маці Сяргея Міцкевіча Натальля Іванаўна — дачка Янкі Маўра, а бацька Міхась Канстанцінавіч — сын Якуба Коласа. Сяргей быў старэйшым у сям’і з трыма дзецьмі. Яго сястра — Марыя, брат — Кастусь.

Сяргей Міцкевіч браў удзел ва ўшанаваньні памяці Якуба Коласа. Напрыклад, ён перадаў Коласаўскаму музэю ў Менску зборнік апавяданьняў «Раніца жыцьця», які ў 1951 годзе падарыў яму дзед.

Адметнай была гісторыя знаёмства бацькоў. Міхась Міцкевіч ехаў у Маскву і пры нагодзе забраў забытае Натальляй Фёдаравай (сапраўднае прозьвішча Янкі Маўра Фёдараў) студэнцкае пасьведчаньне, каб перадаць яго. Яны пазнаёміліся, а затым ажаніліся. Што цікава — сустрэча будучых сужэнцаў адбылася праз сорак гадоў пасьля знаёмства іх бацькоў.

Янка Маўр і Якуб Колас пазнаёміліся ў 1906 годзе ў Мікалаеўшчыне на нелегальным настаўніцкім зьезьдзе, за што потым іх перасьледавалі царскія ўлады.

Разьвітаньне зь Сяргеем Міцкевічам адбудзецца 22 траўня аб 11-й гадзіне ў рытуальнай залі на вуліцы Кульман, 33А.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пра што Якуб Колас прасіў кіраўніцтва БССР у дзень сьмерці + ВІДЭА


ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускі Майн Рыд. 20 нечаканых фактаў пра Янку Маўра