Праваабарончая арганізацыя Article 19 заклікала сьвет патрабаваць вызваленьня беларускіх палітвязьняў

Сымболіка арганізацыі Article 19

21 траўня ў свеце адзначаюць Дзень салідарнасьці з палітвязьнямі Беларусі.

З заклікам да міжнароднай супольнасьці рашуча патрабаваць безумоўнага вызваленьня ўсіх палітычных вязьняў і ўзмацняць ціск на рэжым Аляксандра Лукашэнкі 21 траўня выступіла брытанская праваабарончая арганізацыя Article 19.

У Міжнародны дзень салідарнасьці з беларускімі палітзьняволенымі брытанскія праваабаронцы адзначылі, што ганарацца быць на баку беларусаў, што жывуць як унутры краіны, так і ў выгнаньні, і надалей будуць адстойваць іхную справу, піша «Позірк».

У заяве Article 19 гаворыцца, што беларусы, «нягледзячы на працяглыя рэпрэсіі», змагаюцца і па-ранейшаму «поўныя рашучасьці дабіцца значных перамен».

Праваабаронцы запэўнілі, што і надалей будуць выкарыстоўваць кожную магчымасьць, каб «выказаць непахісную падтрымку і захапленьне» беларускаму народу: «Мы працягнем патрабаваць безумоўнага вызваленьня ўсіх палітвязьняў і спыненьня наступу на асноўныя правы».

«Як міжнародная супольнасьць, мы абавязаныя захаваць барацьбу Беларусі за свабоду ў глябальным парадку дня, падтрымаць мужных людзей, многія зь якіх несправядліва кінутыя ў турму, і гарантаваць, што яны ня будуць забытыя», — гаворыцца ў заяве.

Палітвязьні ў Беларусі, адзначыла Article 19, сутыкаюцца зь «бесчалавечным абыходжаньнем у папраўчых калёніях, у тым ліку з катаваньнямі і адмовай у мэдычнай дапамозе». Многіх трымаюць у «поўнай ізаляцыі, цалкам адрэзанымі ад вонкавага сьвету».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чорныя і белыя кашулі на акцыі ў Вільні сталі сымбалямі тых, хто ўвязьнены і хто памёр у турмах Беларусі. ФОТА

Брытанская праваабарончая арганізацыя «рашуча падтрымлівае» ўсе формы выказваньня салідарнасьці з народам Беларусі.

Яна заклікала «напісаць ліст палітвязьням ці падзяліцца пасланьнем салідарнасьці ў сацыяльных сетках».

«Хор разнастайных галасоў, якія патрабуюць справядлівасьці, дае новую энэргію і матывацыю, і гэта ўзмацняе ціск на асобаў, што прымаюць рашэньні, на нацыянальным і міжнародным узроўні, каб нарэшце прыцягнуць рэжым Лукашэнкі да адказнасьці», — падкрэсьліла Article 19.

Асобна праваабаронцы зьвярнулі ўвагу на беларусаў, якія вымушана пакінулі радзіму.

«Журналісты працягваюць весьці расьсьледаваньні і рабіць вострыя матэрыялы, раскрываючы злоўжываньні Лукашэнкі ўладай, захоўваючы сувязь з сваёй аўдыторыяй і даносячы пакуты беларусаў да міжнароднай грамадзкасьці, — гаворыцца ў заяве. — Актывісты старанна працуюць на высокім міжнародным узроўні, нагадваючы сьвету на глябальных пляцоўках, што барацьба яшчэ далёкая ад завяршэньня і што неабходна нарошчваць намаганьні для супрацьстаяньня дыктатару ў Менску. Іхная дзейнасьць мае ключавое значэньне для захаваньня салідарнасьці і калектыўнай памяці».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 206 беларускіх палітвязьняў — у стане асаблівай рызыкі з прычыны хваробаў, узросту, інваліднасьці

Заснаваная ў 1987 годзе арганізацыя Article 19 канцэнтруецца на падтрымцы і абароне свабоды выказваньня думак і інфармацыі ўва ўсім сьвеце.

Названая яна паводле арт. 19 Усеагульнай дэклярацыі правоў чалавека:

«Кожны чалавек мае права на свабоду перакананьняў і на свабоднае выказваньне іх; гэтае права ўключае свабоду бесьперашкодна прытрымлівацца сваіх перакананьняў і свабоду шукаць, атрымліваць і распаўсюджваць інфармацыю і ідэі любымі сродкамі і незалежна ад дзяржаўных межаў».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Вясна»: за дапамогу палітвязьням у Беларусі пасадзілі 20 жанчын

Ціханоўская заклікала пісаць лісты палітвязьням

Міжнародны дзень салідарнасьці зь беларускімі палітычнымі зьняволенымі заснаваны праваабарончым рухам і адзначаецца 21 траўня. Менавіта ў гэты дзень у 2021 годзе палітвязень актывіст Вітольд Ашурак памёр у шклоўскай калёніі № 17 (Магілёўская вобласьць) пры нявысьветленых абставінах.

Сьвятлана Ціханоўская зьвярнулася да беларусаў у Дзень салідарнасьці з палітвязьнямі. Яна заклікала падтрымліваць адно аднаго, не забывацца на палітвязьняў і нагадваць пра іх усім.

«Кожны год 21 траўня сэрца сьціскаецца ад болю. Гэта Дзень салідарнасьці з палітвязьнямі. Палітвязьні былі ў Беларусі заўсёды. Але тое, што адбываецца цяпер, — гэта маштабная трагедыя. Сёньня за кратамі больш за тысячу чалавек — журналісты і настаўнікі, мэдыкі і інжынэры, студэнты і пэнсіянэры. Аб’ядноўвае іх толькі адно — яны ня згодныя жыць у хлусьні і гвалце. Важна памятаць, што нават ва ўмовах татальнага кантролю і ціску мы не бездапаможныя», — сказала Ціханоўская і заклікала пісаць лісты палітвязьням.

На 21 траўня беларуская праваабарончая супольнасьць прызнала палітвязьнямі 1182 чалавекі, аднак людзей, якія пацярпелі ад рэпрэсіяў у той ці іншай форме, нашмат больш.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзень салідарнасьці з палітвязьнямі. Расклад мерапрыемстваў
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мы ператварылі боль і страх у формы салідарнасьці». Як беларускія жанчыны зьмяняюць нацыю
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Свабоду Мацкевічу»: больш за 250 навукоўцаў патрабуюць вызваліць беларускага філёзафа