Эўрапейскі Зьвяз вылучыць 5,5 мільёна эўра дапамогі Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода

Штаб-кватэра Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода ў Празе

Апэляцыйны суд ЗША вынес рашэньне, якое дае магчымасьць Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода (RFE/RL) атрымаць сродкі, вылучаныя Кангрэсам ЗША.

Эўрапейскі Зьвяз пагадзіўся вылучыць 5,5 мільёна эўра ў якасьці надзвычайнай дапамогі мэдыякарпарацыі Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода (RFE/RL), паведаміла 20 траўня кіраўніца замежай палітыкі ЭЗ Кая Калас.

Паводле яе, кіраўнікі міністэрстваў замежных справаў краін Эўрапейскага Зьвязу ўзгаднілі пакет дакумэнтаў, «каб падтрымаць жыцьцёва важную працу» Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода.

Калас падкрэсьліла, што ЭЗ ня зможа запоўніць дэфіцыт фінансаваньня арганізацыі ўва ўсім сьвеце, але можа дапамагчы трансьлятару «працаваць і функцыянаваць у тых краінах, якія ў суседзтве і якія вельмі залежаць ад навін, што паступаюць звонку».

«Для нас відавочна, што ў гэтай сытуацыі мы павінны засяродзіцца на дапамозе функцыянаваньню Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода ў суседнім рэгіёне — на Каўказе, у Цэнтральнай Азіі й г.д. Пакуль што гэтыя грошы — толькі часовая дапамога. Пытаньне доўгатэрміновага фінансаваньня ўсё яшчэ патрабуе вырашэньня. Акрамя таго, дыскусіі ў ЭЗ, зьвязаныя з скарачэньнем фінансаваньня ЗША, сьведчылі, што нам трэба дзейнічаць стратэгічна — дзе менавіта мы павінны ўмяшацца, каб запоўніць пустку. А гэта азначае пошук спосабаў дапамагчы свабодным мэдыя ў цэлым», — сказала кіраўніца эўрапейскай дыпляматыі.

Прэзыдэнт Радыё Свабода Стыў Капус выказаў падзяку ЭЗ за дапамогу:

«Мы ўдзячныя за тэрміновае фінансаваньне, якое дапамагае падтрымліваць працу Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода. Дзякуючы прынцыповаму кіраўніцтву віцэ-прэзыдэнта Эўрапейскай камісіі Каі Калас, міністра замежных справаў Чэхіі Яна Ліпаўскага і іншых мы можам падтрымліваць дзейнасьць яшчэ некаторы час, працягваючы нашу юрыдычную барацьбу ў Злучаных Штатах за сродкі, вылучаныя Кангрэсам. Існаваньне Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода застаецца пад пагрозай, пакуль гэтыя сродкі затрымліваюцца», — сказаў Стыў Капус.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Суд у ЗША загадаў пералічыць Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода ухваленыя Кангрэсам сродкі за красавік


RFE/RL — незалежная міжнародная мэдыякарпарацыя, чые праграмы на 27 мовах сягаюць штотыднёвай аўдыторыі ў амаль 50 мільёнаў чалавек у 23 краінах.

  • Юрыдычная барацьба Радыё Свабодная Эўропа з Агенцтвам глябальных мэдыя ЗША цягнецца ад 14 сакавіка, калі Дональд Трамп падпісаў выканаўчы загад, які прадугледжвае скарачэньне USAGM і падкантрольных ёй мэдыя — у тым ліку «Голасу Амэрыкі», якая, у адрозьненьне ад RFE/RL, ёсьць фэдэральнай установай — «у максымальна магчымай ступені, адпаведнай заканадаўству».
  • Без фінансаваньня на красавік і далей RFE/RL працягвала весьці інфармацыйную працу, але мусіла пайсьці на радыкальныя захады эканоміі: сотні супрацоўнікаў адправілі ў вымушаны адпачынак, многія кантракты зь няштатнымі супрацоўнікамі былі скасаваныя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гурт R.E.M. выпусьціў рэмікс свайго гіта ў падтрымку Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь па-ранейшаму ў канцы сусьветнага рэйтынгу свабоды прэсы