Экспэрты ААН заклікалі неадкладна вызваліць палітзьняволеную Вікторыю Кульшу

Вікторыя Кульша, архіўнае фота

Неадкладна вызваліць «дзеля выратаваньня яе жыцьця» палітзьняволеную Вікторыю Кульшу заклікалі 20 траўня незалежныя экспэрты, якіх прызначыла Рада правоў чалавека ААН, перадае «Позірк».

«Спадарыня Кульша ўжо пэўны час знаходзіцца ў стане, які пагражае жыцьцю. Паводле апошніх паведамленьняў, з канца красавіка яна трымае бестэрміновае галадаваньне. Мы сурʼёзна занепакоеныя станам яе здароўя і вельмі асьцерагаемся за яе жыцьцё. Неабходна тэрмінова вызваліць яе, каб гарантаваць яе бясьпеку», — заявілі экспэрты.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 206 беларускіх палітвязьняў — у стане асаблівай рызыкі з прычыны хваробаў, узросту, інваліднасьці

Перасьлед Вікторыі Кульшы

Інжынэрку аховы працы Вікторыю Кульшу затрымалі 4 лістапада 2020 году за тое, што яна адміністравала тэлеграм-канал і чат «Кіроўцы 97%». Яе абвінавацілі ў «актыўным удзеле ў дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак» (ч. 1 і 2 арт. 342 КК). У лютым 2021-га Вікторыю асудзілі на два з паловай гады калёніі.

Пазьней Вікторыю Кульшу тройчы асудзілі за непадпарадкаваньне адміністрацыі калёніі (ч. 1 арт. 411 КК) — агулам на тры дадатковыя гады, якія яна правяла ўжо ў калёніі для паўторна асуджаных жанчын у Зарэччы (Рэчыцкі раён).

Сёлета ў красавіку Вікторыя Кульша мела выйсьці на волю, але яе перавялі ў гомельскі СІЗА-3 ужо ў чацьвёртай справе паводле таго ж артыкулу 411.

У зьняволеньні яе ня раз каралі штрафным ізалятарам і трыманьнем у ПКТ (памяшканьні камэрнага тыпу).

Паводле праваабаронцаў, у зарачанскай калёніі адзін з наглядчыкаў душыў Вікторыю локцем, стоячы ззаду, а таксама цягаў яе па камэры.

Праз галадоўкі ў яе ўзьніклі праблемы са здароўем, двойчы здараўся сардэчны прыступ.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Палітвязень — увесь беларускі народ». Вызваленая з турмы Паліна Шарэнда-Панасюк дала прэс-канфэрэнцыю ў Вільні. ВІДЭА

Экспэрты лічаць паўторныя суды паводле аднаго і таго ж артыкулу недапушчальнымі

Яны зьвяртаюць увагу на тое, што забарона другі раз судзіць і караць за тое самае злачынства ўпісаная ў Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах, які Беларусь ратыфікавала яшчэ ў 1973 годзе.

«Мы атрымалі мноства паведамленьняў пра шырока распаўсюджанае жорсткае, бесчалавечнае і прыніжальнае абыходжаньне са зьняволенымі ў жаночых папраўчых калёніях у Беларусі, асабліва з жанчынамі, асуджанымі ў сувязі з пратэстамі 2020 году. Мы заклікаем улады Беларусі неадкладна вызваліць гэтых жанчын, у тым ліку Вікторыю Кульшу, і забясьпечыць ім сродкі праўнай абароны, пакрыцьцё шкоды і рэабілітацыю», — гаворыцца ў заяве.

Заяву падпісалі спэцыяльны дакладчык ААН у пытаньнях правоў чалавека Нілс Муйжніекс, а таксама старшыня, намесьнік старшыні і трое сяброў Рабочай групы Рады правоў чалавека ААН у пытаньнях дыскрымінацыі ў адносінах да жанчын і дзяўчат.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Экспэрты ААН заявілі, што становішча жанчын у беларускіх турмах застаецца цяжкім

У сьвеце ня першы раз зьвяртаюць увагу на становішча беларускіх зьняволеных жанчын

26 сакавіка незалежныя экспэрты ААН у правах чалавека выступілі з заявай, у якой заклікалі ўлады Беларусі адрэагаваць на пастаянныя абвінавачаньні ў жорсткім абыходжаньні з жанчынамі ў папраўчых калёніях. Яны асабліва ўстрывожаныя станам здароўя Кульшы, які нясе пагрозу ейнаму жыцьцю.

1 траўня Эўрапейскі Зьвяз заклікаў улады Беларусі вызваліць Кульшу, «палітзьняволеную, трыманьне пад вартай якой шматкроць падаўжалі з 2020 году».

  • Групу незалежных экспэртаў у сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі стварыла Рада ў правах чалавека ААН 4 красавіка 2024 году для расьсьледаваньня парушэньняў і ўшчамленьняў правоў чалавека ў Беларусі ў пэрыяд з 1 траўня 2020 году.
  • З красавіка 2025 году на 58-й сэсіі Рады правоў чалавека ААН прынялі рэзалюцыю аб становішчы з правамі чалавека ў Беларусі і падоўжылі на 1 год мандаты дакладчыка і групы экспэртаў у пытаньнях Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 1100 партрэтаў, цяжкая хвароба і ўсё адно надзея. Вялікая размова з Ксішай Ангелавай