Выдавецтва «Скарына» адказала на прызнаньне «экстрэмісцкаю» яго інстаграм-старонкі: «Незаконнае ўмяшаньне ў дзейнасьць»

Беларускі каляндар, выдадзены лёнданскім выдавецтвам «Скарына»

Прызнаньне «экстрэмісцкімі матэрыяламі» зьместу інстаграм-старонкі выдавецтва «Скарына» ёсьць «незаконным умяшаньнем у дзейнасьць» праекту і «палітычна матываванай спробай ціску на яго супрацоўнікаў».

Пра гэта гаворыцца ў апублікаванай 20 траўня заяве выдавецтва.

«Мы катэгарычна адмаўляем суду, залежнаму ад прэзыдэнцкай улады ў Беларусі, у праве выносіць рашэньні ў пытаньнях творчай дзейнасьці, мысьленьня і інтэлектуальнай свабоды», — гаворыцца ў заяве.

Выдавецтва «Скарына» (Skaryna Press) заснаванае і дзейнічае ў Лёндане. Яно працягвае традыцыі беларускага эмігранцкага кнігадрукаваньня. Адсутнасьць цэнзуры, ліцэнзаваньня і іншага кантролю над выдавецкай дзейнасьцю ў краіне была важным фактарам для стварэньня выдавецтва з фокусам на беларускай тэматыцы ў Вялікай Брытаніі. У выдавецтве за два з паловай гады яго працы выйшла больш за 50 кніг мастацкай літаратуры, паэзіі, публіцыстыкі і навуковых тэкстаў, — адзначае «Скарына».

У заяве падкрэсьліваецца, што дзейнасьць праекту — «важкі прыклад укладу эміграцыі ў захаваньне і разьвіцьцё беларускай культуры і мовы».

«Мы ня верым у дыктат межаў, мы працуем на будучыню, дзе нашым домам і маяком будзе дэмакратычная і багатая на разнастайнасьць поглядаў і ідэй Беларусь», — заяўляе выдавецтва «Скарына».

Яно зазначае, што «незаконныя рашэньні судоў Рэспублікі Беларусь ня маюць юрысдыкцыі ў Вялікай Брытаніі».

«Рэдакцыйны калектыў будзе працягваць сваю працу ў ранейшым рэжыме: рыхтаваць кнігі ў Беларусі і за мяжой, выдаваць і распаўсюджваць іх па ўсім сьвеце, у тым ліку ў Беларусі. Ні адна з нашых кніг ня ёсьць экстрэмісцкай, набываць і мець іх у Беларусі бясьпечна. Чытайце нашы электронныя кнігі, калі ня маеце доступу да друкаваных. На зьмену Інстаграму прыйдуць іншыя сацыяльныя сеткі — сачыце за аб’явамі», — заклікала выдавецтва.

Зьмест старонкі выдавецтва ў Інстаграме прызнаны «экстрэмісцкімі матэрыяламі» 15 траўня. Рашэньне прыняў суд Маладачанскага раёну. Гэта вынікае з абноўленага сьпісу на сайце Міністэрства інфармацыі.

Выдавецтва «Скарына» заснаванае ў 2022 годзе пры ўдзеле Беларускай бібліятэкі і музэю імя Францішка Скарыны ў Лёндане.


ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Хроніка перасьледу 19 траўня: акаўнт беларускага выдавецтва ў Лёндане прызналі «экстрэмісцкім» Стэнд беларускіх выдавецтваў распачаў працу на кніжным кірмашы ў БеластокуВыдавецтва Skaryna Press заявіла, што рыхтуе да публікацыі першую ў гісторыі беларускай літаратуры анталёгію гей-пісьменства Паэтка Ганна Комар: «Якога колеру прайгранае паўстаньне?»