Вітаю, дружа!
У Вільні мы жывем у звычайным мікрараёне панэльных дамоў, і неяк, насуперак гэтай банальнасьці, я раблю свае адкрыцьці проста каля нашага дому. Можа таму, што мікрараён знаходзіцца на крутых парослых узгорках, лічы, проста ў лесе. Вільня, дарэчы, сёлета аб’яўленая зялёнай сталіцай Эўропы. Дык вось. Учора мы з жонкай ішлі з крамы і жонка зьвярнула ўвагу на дрэва, што хаваецца ў кустах. Я такіх бяроз ніколі ў жыцьці ня бачыў — яна аграмадная, карані ў яе магутныя, як у дуба. Мы паспрабавалі ўдваіх абхапіць яе і не змаглі. Дзіўна, штодня праходжу ў якіх дзесяці мэтрах ад яе, і ні разу не зьвярнуў на яе ўвагу, нават ня думаў, што такія бярозы бываюць.
Ты пішаш, што ў паважанай фрэндэсы ў фэйсбуку прачытаў, што ніякага вобразу будучыні ў яе цяпер няма. Заўсёды быў які-ніякі — і за савецкім часам, і пасьля, а цяпер зьнік. Напэўна, ты маеш на ўвазе допіс Юліі Чарняўскай. Я таксама думаў пра яго. Там яшчэ ў камэнтах хтосьці напісаў, што старыя немцы называлі ГДР «рэспубліка кепскага густу».
На маю думку, будучыня — гэта ўяўленьне. І ў гэтым сэнсе, па-мойму, яна ў Беларусі найлепшая ў сьвеце. У нас выдатная краіна, супэрскія людзі і мы ўяўляем будучыню такой, якую нельга не любіць. Цяперашняя цёмная рэальнасьць толькі падкрэсьлівае такую пэрспэктыву.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жыцьцё ў зрушаным часе. Чаму важна прызнаць «беларускія ўлады» расейскімі акупацыйныміЛукашэнка цёмны чалавек, пазбаўлены ўяўленьня. Таму ў яго няма адэкватных ідэй, і ўсё, што ён робіць, — адно на шкоду Беларусі, а ўсё, што ў яго «працуе» — гэта гвалт, хлусьня і невуцтва. Ня маючы ўяўленьня, ён змагаецца з уяўленьнем беларусаў пра цудоўную будучыню, каб і беларусы яго пазбавіліся (вось, мабыць, якую небясьпеку адчула Юлія Чарняўская), каб зьвесьці іх да жывёльных патрэбаў на сёньняшні дзень. Але ўяўленьне такая хітрая штука, што калі яно ёсьць, дык пазбавіцца яго ўжо немагчыма. Бо яно вышэй і глыбей за жывёльныя і матэрыяльныя патрэбы. Як пісаў Альбэр Камю, можна жыць у дупле сухадрэвіны і быць шчасьлівым. Гэта мэтафара ўяўленьня, якой ня ведае і ня можа ведаць гопнік.
А самае галоўнае, гопнік ня ведае, што такое рэпутацыя. Асабліва калі гэта рэпутацыя народа і краіны. І таму гопнік апускае рэпутацыю беларусаў і Беларусі ў мінусавыя значэньні. Цяпер у такой краіне будуць жыць нашы дзеці — без рэпутацыі. А пераадолець дамінаваньне гвалту, хлусьні і невуцтва магчыма толькі тады, калі будзе вернутая рэпутацыя. Гэта, на жаль, замкнёнае кола. Якое, аднак, разарвецца, як толькі да ўлады прыйдзе прыстойны чалавек.
Мне згадваецца інтэрвію, якое Радыё Свабода даў выдавец Яраслаў Іванюк. На пытаньне пра кнігу, якую б хацеў выдаць, ён адказаў: «Напэўна, хацелася б выдаць нешта аптымістычнае з хэпі-эндам. Але ці знойдзецца такі твор…»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Хацелася б выдаць нешта аптымістычнае, з хэпі-эндам. Але як знайсьці такі твор?». Яраслаў Іванюк пра выданьне беларускіх кніг за мяжойКніга — гэта і ёсьць уяўленьне, а пазытыўны фінал — гэта і ёсьць будучыня. А Юлія Чарняўская, нагадаю, пісьменьніца. І вось бы яна, якая глыбока думае пра ўсё гэта, напісала б такую кнігу. Пра вобраз будучыні. І тут важна, каб кніга была па-беларуску, бо цудоўная беларуская будучыня беларусаў можа быць толькі па-беларуску (тут, як ні круці, простая адпаведнасьць — як у фінаў, напрыклад, ці ў палякаў, ці хоць у каго), інакш гэта будзе будучыня новых расейцаў, ад якой засьцерагаў яшчэ Кастусь Каліноўскі, маўляў, яна ня можа быць шчасьлівай. Мне думаецца, што беларуская мова — наш найпершы нацыянальны інтарэс. Калі будзе беларуская мова, усё іншае прыкладзецца. Пра гэта казалі ўсе без выключэньня нашы папярэднікі. З чаго б гэта нам ім ня верыць? Вось напіша Юлія Чарняўская такую кнігу, а Яраслаў Іванюк яе выдасьць… Такія, здавалася б, нязначныя рэчы часам адыгрываюць урэшце вырашальную ролю. Як матылёк у Брэдбэры…
Мы эмігранцтвуем і, вядома, разважаем пра вяртаньне ў Беларусь, хоць бы такую, якой бачым Літву. У чалавечную. Як пісаў Пімен Панчанка, «без чалавечнасьці ня будзе вечнасьці». Калісьці гэтыя словы, падавалася, ні пра што, а цяпер проста як кіраўніцтва да дзеяньня.
У Літве. Прынамсі магу пэўна сказаць, што бюракратыя і «сілавікі» тут не пачуваюцца кімсьці вышэйшым за цябе. А яшчэ вось даведаўся, што тэрміновая служба ў савецкай арміі тут залічваецца ў пэнсійны стаж. Дзіўна, праўда? Проста азьвярэлі на «загнивающем западе», як кажуць лукашэнкавы прапагандысты. Але насамрэч нічога дзіўнага. Такая норма павагі дзяржавы да чалавечага жыцьця была і ў нашых законах. Гэта Лукашэнка прыдумаў, што твае гады (а я, напрыклад, служыў яшчэ ў 1970-я) нічога ня значаць, выкінь іх і забудзь. Хоць вядома, што ніхто ў армію не ішоў добраахвотна за тое, каб выкінуць свае два-тры гады з жыцьця.
Знак «Месца эвакуацыйнага збору» ў спальным раёне Вільні.
Ведаеш, днямі ізноў жа недалёка ад дому на вуліцы я заўважыў новы дарожны знак: «Evakuacinio susirinkimo vieta» (Месца эвакуацыйнага збору). Штосьці зусім новае для мяне. У старым горадзе я такіх знакаў не сустракаў. Можа іх там ня ставяць, каб не палохаць турыстаў, якіх цяпер у Вільні мора. Ці таму, што мяркуюць: бомбавыя ўдары расейцы будуць наносіць найперш па савецкіх спальных панэльках, як яны гэта робяць ва Ўкраіне. Ня ведаю, але гэта ўсё таксама пра будучыню.
У мэдыях пісалі, што распрацаваныя два пляны эвакуацыі Вільні: адкрыты і сакрэтны. Людзі глядзяць на гэта спакойна, бадай, не зьвяртаюць увагі, бо ва ўладаў тут ёсьць рэпутацыя і ўлады проста ня могуць рабіць паскудзтвы людзям, якія іх рэальна выбралі. У Літве, між іншым, пяты прэзыдэнт. А ў Беларусі 30 гадоў усё яшчэ першы.
Пішы!
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.