Выданьне „Эхо Кавказа“ вывучыла інфармацыю, разьмешчаную на сайце Probilets. Адпраўленьне першага аўтобусу заплянаванае на 26 чэрвеня. Далей рэйсы будуць выконвацца раз на чатыры дні. Час у дарозе складае 1 дзень, 13 гадзін і 20 хвілін.
Напрыклад, калі турыст выедзе зь Менску 26 чэрвеня ў 19:30, ён прыбудзе да КПП „Псоу“ 28 чэрвеня ў 08:50. Пры гэтым перасякаць дэ-факта мяжу ў пункце пропуску і дабірацца адтуль да патрэбнага месца ў Абхазіі пасажырам давядзецца самастойна.
Кошт дарослага білету — 345 беларускіх рублёў (105 даляраў), дзіцячага — 241,5 рубля (73 даляры).
На сайце Probilets квіткі даступныя пры пошуку кірунку „Менск — КПП Псоу (мяжа з Абхазіяй)“.
Таксама пазначаны кірунак „Менск — Псоу Грузія“, аднак у гэтым выпадку квіткі недаступныя.
Наведваньне Абхазіі парушае грузінскі закон „Аб акупаваных тэрыторыях“, які прадугледжвае штрафы або пазбаўленьне волі за прыезд у Паўднёвую Асэтыю і Абхазію. Аднак у час кіраваньня партыі „Грузінская мара“ затрыманьні за наведваньне Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі не практыкуюцца — грамадзянам замежных дзяржаў грузінскія памежнікі могуць проста адмовіць ва ўезьдзе ў краіну.
Беларусь афіцыйна не прызнае незалежнасьці Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі, аднак беларускі аўтарытарны кіраўнік Аляксандар Лукашэнка наведваў Абхазію, за што ў Тбілісі яго абвінавацілі ў парушэньні закону „Аб акупацыі“.
У 2023 годзе Лукашэнка прыняў у Менску абхаскую дэлегацыю на чале з прэзыдэнтам Асланам Бжаніям, а сёлета 9 траўня ў Маскве паразмаўляў з кіраўнікамі самаабвешчаных рэспублік — Аланам Гаглоевым і Бадрам Гунбам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пераможцам на выбарах у самаабвешчанай Абхазіі аб’явілі кандыдата, якога падтрымлівае Расея