У новы пакет санкцый ЭЗ супраць Расеі і Беларусі ўключылі Менскі завод колавых цягачоў

Менскі завод колавых цягачоў. Архіўнае фота

Менскі завод колавых цягачоў (МЗКЦ) уключаны ў зацьверджаны 20 траўня Радай ЭЗ 17-ы пакет санкцый супраць Расеі і Беларусі ў сувязі з агрэсіяй ва Ўкраіне.

Гэта вынікае з дакумэнта, апублікаванага на сайце Эўрапейскага зьвязу.

У абгрунтаваньні гаворыцца, што «Менскі завод колавых цягачоў — беларускае вайскова-прамысловае прадпрыемства, якое распрацоўвае ваенную тэхніку для Ўзброеных сіл РФ і падтрымлівае абараназдольнасьць Расеі».

«Толькі ў 2024 годзе агульны аб’ём экспарту прадпрыемства склаў 306 вагонаў вайсковай тэхнікі, у асноўным пастаўленых расейскім прадпрыемствам, якія ўваходзяць у ВПК Расеі. У 2025 годзе прадпрыемства прадоўжыла экспарт вайсковай тэхнікі ў Расейскую Фэдэрацыю», — адзначана ў дакумэнце.

Такім чынам, гаворыцца ў абгрунтаваньні, МЗКЦ «аказвае матэрыяльную падтрымку ваенна-прамысловаму комплексу Расеі і ўраду Расейскай Фэдэрацыі, які нясуць адказнасьць за анэксію Крыма і дэстабілізацыю сытуацыі ва Ўкраіне».

ААТ «МЗКЦ» спэцыялізуецца на вытворчасьці велікагрузных колавых транспартных сродкаў высокай праходнасьці. Прадпрыемства ўжо знаходзіцца пад санкцыямі ЭЗ са сьнежня 2020 года, прынятымі за парушэньні правоў чалавека ў Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўразьвяз ухваліў 17-ы пакет санкцыяў супраць Расеі і Беларусі за вайну ва Ўкраіне
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Расеі назвалі колькасьць падпісаных з прадпрыемствамі Беларусі кантрактаў з пачатку вайны супраць Украіны