«Вясна»: за дапамогу палітвязьням у Беларусі пасадзілі 20 жанчын

Турма ў Беларусі. Архіўнае фота

Улады ў Беларусі з 2020 году праводзяць жорсткія рэпрэсіі, арыштоўваюць і судзяць праваабаронцаў, журналістаў, актывістаў грамадзкіх арганізацый і фондаў. У 2024 годзе за салідарнасьць пачалі адпраўляць за краты і неабыякавых беларусаў за аказаньне дапамогі палітвязьням.

Як піша праваабарончы цэнтар «Вясна», пад масавы перасьлед трапілі ў тым ліку пэнсіянэркі, былыя палітвязьні, а таксама сваякі зьняволеных палітвязьняў. Затрымліваюць за праявы салідарнасьці дагэтуль.

Праваабарончы цэнтар «Вясна» падлічыў, што сёлета ў выніку гэтай хвалі арыштаў і судоў больш за 100 чалавек асудзілі паводле артыкулу 24.15 КаАП («выкарыстаньне замежнай бязвыплатнай дапамогі для ажыцьцяўленьня тэрарыстычнай і іншай экстрэмісцкай дзейнасьці або іншых дзеяньняў, забароненых заканадаўствам»). Суды прызначалі людзям вялікія штрафы зь велізарнай кампэнсацыяй сумы «замежнай» аплаты.

Як падлічылі праваабаронцы, яшчэ ня менш за 34 чалавекі асудзілі паводле крымінальных справаў, 21 зь якіх цяпер у зьняволеньні, сярод іх адзін мужчына, рэшта жанчыны.

Амаль усіх іх прызналі вінаватымі ў «спрыяньні экстрэмісцкай дзейнасьці» паводле ч. 1 і 2 арт. 361-4 Крымінальнага кодэксу, нягледзячы на тое, што яны рабілі пераводы і перадачы з уласнага жаданьня і з уласных грашовых сродкаў.

Грунт абвінавачваньня ў тым, што яны нібыта бралі інфармацыю аб палітвязьнях на рэсурсах, прызнаных у Беларусі «экстрэмісцкімі». Ідзецца пра інтэрнэт-рэсурсы праваабарончых арганізацыяў і ініцыятываў, якія публікавалі заклікі падтрымаць палітвязьняў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чорныя і белыя кашулі на акцыі ў Вільні сталі сымбалямі тых, хто ўвязьнены і хто памёр у турмах Беларусі. ФОТА

Сярод пакараных за салідарнасьць праваабаронцы называюць маці траіх непаўнагадовых дзяцей Вікторыю Дамастой, якая адбывае 4 гады зьняволеньня ў гомельскай жаночай калёніі № 4, Ірыну Такарчук, якую затрымалі падчас масавага рэйду сілавікоў па сваяках палітвязьняў і пакараную трыма гадамі калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму, 60-гадовую Натальлю Ладуцьку, якую пакаралі чатырма гадамі турмы нібыта за «спрыяньне экстрэмісцкай дзейнасьці», і іншых палітвязьняў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пакаяньне за палку каўбасы. Расказваем, як рэжым Лукашэнкі за дапамогу сем’ям палітвязьняў асудзіў 39 чалавек
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнку зьняважылі 245 разоў, дзяржаве здрадзілі 45 чалавек. Праваабаронцы расказалі, як беларусы «займаліся экстрэмізмам» у 2024-м