ЭЗ плянуе скараціць колькасьць сваіх дыпляматычных супрацоўнікаў для эканоміі бюджэту, піша выданьне Politico. Скарачэньні закрануць краіны, да якіх Брусэль больш ня мае «моцнага інтарэсу». Сярод такіх называюць і Беларусь.
ЭЗ гатовы скараціць каля 10 замежных прадстаўніцтваў і каля 100 мясцовых супрацоўнікаў, гаворыцца ў дакумэнце, зь якім азнаёмілася выданьне, гэтыя пляны пацьвердзілі і двое службоўцаў.
Кіраўніца эўрапейскай дыпляматыі Кая Калас прэзэнтавала плян рэарганізацыі Эўрапейскай службы вонкавых дзеяньняў (EEAS) высокапастаўленым службоўцам Эўрапейскай камісіі ў мінулую сераду. Яна атрымала ад іх зялёнае сьвятло на рэформу службы цягам наступных двух гадоў.
Дэлегацыі, якія закрануць скарачэньні, знаходзяцца ў краінах, дзе ЭЗ больш ня мае вялікай зацікаўленасьці разьмяшчаць шмат дыпляматаў і супрацоўнікаў, такіх як Беларусь ці Лесота.
Прыярытэты ЭЗ ссоўваюцца з дапамогі ў разьвіцьці на рэалізацыю стратэгічных інтарэсаў, такіх як санкцыі або партнэрства ў галіне абароны.
Хоць Эўрапейская служба вонкавых дзеяньняў не плянуе афіцыйна закрываць ніводнага з сваіх 144 замежных прадстаўніцтваў, каля 10 зь іх будуць скарочаныя да асноўнага пэрсаналу (пасол і адзін-два памочнікі), а мясцовы пэрсанал будзе паступова звольнены, заявілі чыноўнікі. Каля 100 мясцовых супрацоўнікаў, падобна, будуць звольненыя ў два этапы ў 2026 і 2027 гадах.
Кіруе Прадстаўніцтвам ЭЗ у Беларусі зь ліпеня 2023 году дацкі дыплямат Стэйн Нёрлаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Амбасадары краін Эўразьвязу ўхвалілі 17-ы пакет санкцыяў супраць Расеі за вайну ва Ўкраіне