Паводле Маніфэсту праваабарончых арганізацыяў, «катастрафічнае становішча прыблізна 1200 палітычных зьняволеных патрабуе неадкладнага ўмяшаньня»:
«Мы вітаем распачаты ў 2024 годзе працэс вызваленьня і заклікаем беларускія ўлады працягнуць працэс вызваленьня палітзьняволеных і пашырыць яго, забясьпечыўшы вызваленьне ўсіх, хто быў зьняволены з палітычных матываў. Мы таксама заклікаем дэмакратычных палітыкаў выкарыстоўваць усе магчымыя інструмэнты і мэханізмы, каб спрыяць вызваленьню, у тым ліку шляхам дыпляматычных ініцыятываў і гуманітарных перамоваў».
Аўтары адозвы называюць вызваленьне палітычных зьняволеных пытаньнем справядлівасьці і чалавечнасьці:
«Для вызваленых гэта значыць канец невымоўных пакутаў, вяртаньне да родных — а ў некаторых выпадках нават ратаваньне ад сьмерці, якая пагражае ім у зьняволеньні. Нельга больш чакаць».
На сакавік 2025 году ў Беларусі больш за 2600 палітычных зьняволеных цалкам адбылі тэрміны і выйшлі на волю, каля 1200 чалавек застаюцца за кратамі з палітычных матываў, некаторыя — ужо пяць гадоў, як мінімум восем чалавек памерлі ў зьняволеньні праз бесчалавечныя ўмовы, больш за 200 зьняволеных належаць да ўразьлівых групаў, дзясяткі знаходзяцца ў крытычным стане, нагадваюць праваабаронцы.
Яны перакананыя, што вызваленьні магчымыя, згадваюць, што пасьля шэрагу памілаваньняў і абменаў зьняволенымі ў 2024 годзе сёлета гэты працэс працягнуўся. Агулам такім чынам былі вызваленыя больш за 300 палітвязьняў да заканчэньня іхных тэрмінаў. Праваабаронцы мяркуюць, што цяпер настаў момант разгледзець і актывізаваць усе даступныя шляхі, якія спрыяюць вызваленьню палітвязьняў, у тым ліку гуманітарныя перамовы і дыпляматычныя ініцыятывы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 206 беларускіх палітвязьняў — у стане асаблівай рызыкі з прычыны хваробаў, узросту, інваліднасьціПраваабаронцы агучылі свой заклік да ўладаў Беларусі і дэмакратычных урадаў:
«Мы перакананыя, што вызваленьне ўсіх палітычных зьняволеных ня толькі магчымае, але і абсалютна неабходнае. Гэта ня толькі гуманітарны абавязак, але і важны крок да пераадоленьня найглыбейшага крызісу, які працягваецца ў Беларусі.
Мы заклікаем:
Улады Беларусі — працягнуць і пашырыць працэс вызваленьня, спыніць дыскрымінацыю палітычных вязьняў у месцах зьняволеньня, у прыватнасьці ў адказ на адвакатаваньне іх вызваленьня, і забясьпечыць шырокі доступ міжнародных назіральнікаў да зьняволеных. Вызваленьне палітзьняволеных не павінна ставіцца ў залежнасьць ад выкананьня прыніжальных умоваў, а, наадварот, павінна суправаджацца аднаўленьнем іх правоў. Вызваленьне палітзьняволеных не павінна суправаджацца працягам рэпрэсіяў з палітычных матываў.
Дэмакратычныя ўрады — зрабіць вызваленьне палітзьняволеных прыярытэтам, узаемадзейнічаць з уладамі Беларусі ў гуманітарных пытаньнях, зьвязаных зь іх вызваленьнем, і выкарыстоўваць усе магчымыя дыпляматычныя і гуманітарныя меры для дасягненьня гэтай мэты.
Усе бакі — разглядзець усе шляхі для пачатку сапраўднага дыялёгу пра вызваленьне зьняволеных».
Паводле аўтараў адозвы, усе крокі насустрач уладам Беларусі мусяць быць абумоўлены рэальнымі і вымяральнымі зьменамі — у першую чаргу вызваленьнем палітычных зьняволеных і зьмякчэньнем рэпрэсіўных мераў.
Адозву падпісалі:
- Асацыяцыя сваякоў і колішніх палітвязьняў «FreeBelarusPrisoners»;
- Фонд «21 траўня»;
- Праваабарончы цэнтар «Вясна»;
- Прававая ініцыятыва;
- Беларускі Хэльсынскі камітэт;
- Беларускі ПЭН;
- Human Constanta;
- Respect-Protect-Fulfill;
- Беларуская асацыяцыя журналістаў;
- Lawtrend;
- Офіс правоў людзей з інваліднасьцю;
- politzek.me
- «Лекары за праўду і справядлівасьць»;
- TaskforceBelarus;
- Free Belarus Center.