У міністэрстве сельскай гаспадаркі адказалі, чаму бракуе бульбы: вырас попыт

Бульба ў беларускай краме, ілюстрацыйнае фота

Беларуская бульба зьнікла з крамаў праз дыспарытэт цэнаў на яе, бо у Расеі яны вышэйшыя, і туды вытворцам выгадней прадаваць.

У Мінсельгасхарчы Беларусі запэўніваюць, што забясьпечылі пастаўкі неабходных аб’ёмаў бульбы ў гандлёвыя сеткі, а яе недахоп на прылаўках зьвязаны з попытам, які павялічыўся.

Пра гэта ў эфіры СТВ расказаў намесьнік міністра сельскай гаспадаркі і харчаваньня Беларусі Ўладзімер Гракун, піша БелТА.

«Сёлета, бачачы такую сытуацыю, мы павялічылі плошчу пасадкі бульбы на 3 тысячы гэктараў. Мы павялічылі плошчу пасеву цыбулі, агароднінных культур. Па заяўцы гандлёвых сетак мы высеялі цыбулю ня толькі жоўтую, але і белую, чырвоную. Пад замову гандлёвых сетак мы можам вырасьціць любую прадукцыю. У нас дастаткова тэхналёгій, мэтадаў і ўсяго для таго, каб атрымаць і забясьпечыць сваё насельніцтва. Я казаў, што ўсяго толькі 10% нам трэба бульбы выключыць з абарачэньня, каб забясьпечыць сваё насельніцтва цэлы год. 6% для міжсэзоннага пэрыяду», — сказаў ён.

Камэнтуючы сытуацыю з бульбай у гэтым годзе намесьнік міністра адзначыў, што зьявіўся і дадатковы попыт. Паводле яго слоў цяпер сельскагаспадарчыя прадпрыемствы Беларусі штогод вырошчваюць каля 1 мільёна тон бульбы. Летась быў неўраджай, калі сабралі 800 тысяч тон, а ў 2023 годзе сабралі 1,2 мільёна бульбы.

Для забесьпячэньня насельніцтва, паводле разьлікаў уладаў, патрабуецца 90 тысяч тон бульбы, у міжсэзоньні — 48 тысяч тон, і сёлета як раз 48 тысяч было закладзена ў стабілізацыйныя фонды.

«Гэта значыць бульбы па разьліках павінна нам хапіць з лішкам, але попыт у бягучым годзе вырас. Сельгасарганізацыі паставілі практычна 80 тысяч бульбы ў гандлёвыя сеткі са сьнежня месяца, гэта значыць з міжсэзоньня. Гэта сьведчыць аб тым, што павінна хапіць бульбы. Яе не хапіла, адпаведна, усё ж які быў попыт і куды бульба гэтая пайшла. 170% пастаўкі, яго не хапіла. Ну, прабачце, два разы мы есьці і ўжываць яе не пачалі», — сказаў Уладзімер Гракун.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка прызнаў дэфіцыт бульбы ў крамах Беларусі і заклікаў месяц патрываць


Пра недахоп бульбы і гародніны на паліцах беларускіх крамаў раней выказаўся і Аляксандар Лукашэнка:

«Калі гаварыць пра бульбу. Мы ўсё ўмеем рабіць, але, разумееце, ёсьць цяжкасьці. Вы хочаце таньнейшага свайго ў крамах? І я таксама хачу, каб гэта было. А сяляне жадаюць даражэй прадаць, каб хоць крышку і заробак быў, угнаеньні купіць, пасеяць хутчэй. А ў Расеі ўтрая даражэй. Вось яны і пачалі прадаваць, дзе даражэй».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зьелі суседзі? Эканаміст расказвае, куды падзелася беларуская бульба

Раней стала вядома пра два закрытыя лісты на імя Аляксандра Лукашэнкі ад прэмʼер-міністра Аляксандра Турчына і старшыні Камітэту дзяржаўнага кантролю Васіля Герасімава.

Як вынікае з справаздачы КДК аб красавіцкім маніторынгу крамаў, у 11% абʼектаў гандлю бульбы ў продажы не было, а ў 18% яна была толькі мытая, цана на такую не рэгулюецца. У кожнай трэцяй краме не было капусты, а ў шэрагу крамаў бульбы за рэгуляваную цану не было зусім.

Прэм’ер Турчын патлумачыў Лукашэнку прычыны такой сытуацыі. Галоўная зь іх — недахоп бульбы ў стабілізацыйных фондах.

Паводле інфармацыі прэмʼера, на 16 красавіка 2025 году на складах заставалася менш за 4000 тон бульбы. Гэтага ня хопіць нават да канца вясны, бо патрэбы ўнутранага рынку на паўтара месяца ацэньваюцца ў аб’ёме каля 12 тысяч тон.

Турчын тлумачыць прычыны заканчэньня бульбы на складах павелічэньнем экспарту, то бок вывазам бульбы за мяжу — пры розьніцы цэнаў у Беларусі і Расеі.

Абмежаваньні на вываз бульбы, якія ўвёў урад, не дапамаглі. Павышэньне цэнаў на бульбу адбылося запозна, калі яе запасаў у сховішчах засталося вобмаль. Турчын прапануе выкарыстоўваць для забесьпячэньня насельніцтва запасы насеннага фонду — каля 15 тысяч тон з лішкавых запасаў насеннай бульбы.

Адначасова са зьяўленьнем справаздачаў прэм’ера і кіраўніка КДК 17 красавіка выйшла пастанова ўраду, якая павысіла гранічныя гуртовыя і раздробныя цэны бульбы. Гуртовая цана бульбы цяпер складае 1 рубель, раздробная — 1,5 рубля.

Але такое падвышэньне, хутчэй за ўсё, ня спыніць экспарту рэштак беларускай бульбы ў Расею. Цяпер у расейскай сетцы крамаў «Пятёрочка» мясцовая (расейская) нямытая бульба каштуе 84 рублі, гэта крыху болей за 1 даляр.

  • Апошнім часам з крамаў Беларусі зьнікла бульба й іншая гародніна мясцовай вытворчасьці, а калі яна ёсьць, то дробная і невысокай якасьці.
  • Урад ухваліў захады для паляпшэньня сытуацыі, якая ўзьнікла праз дыспарытэт цэн, калі беларускім вытворцам стала выгадней пастаўляць сваю бульбу на замежныя рынкі.
  • З 17 красавіка набыла моц пастанова Савету міністраў, якая ўносіць карэктывы ў сыстэму рэгуляваньня цэнаў. Згодна з дакумэнтам, лімітаваная максымальная адпускная цана на бульбу пабольшала з 76 капеек да 1 рубля.
  • Для падтрымкі беларускіх вытворцаў павялічылі гранічныя максымальныя адпускныя і раздробныя (гуртовыя) цэны на бульбу, капусту белакачановую і цыбулю, якія будуць дзейнічаць да 15 траўня 2025 году.
  • Міністэрства сельскай гаспадаркі й харчаваньня і аблвыканкамы заявілі, што маюць дастаткова бульбы для ўнутранага рынку.