280 «экстрэмістаў» за тры месяцы, вайна з кнігамі. Палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі: што новага

Ілюстрацыйнае фота

«Гарантыі для будучага экс-прэзыдэнта і ніякага патураньня экстрэмістам і экстрэмісткам»: Human Constanta апублікавала чарговы агляд барацьбы з «экстрэмізмам» за студзень–сакавік 2025 году. Расказваем, што ў ім.

188 крыміналак за «экстрэмізм» цягам трох месяцаў

Праваабаронцы дасьледуюць толькі адкрытыя крыніцы — матэрыялы дзяржаўных СМІ, праўладных тэлеграм-каналаў, незалежных мэдыя, улічваюць зьвесткі іншых праваабарончых арганізацыяў, розныя сьпісы. Аднак практыка выкарыстаньня «антыэкстрэмісцкага заканадаўства» значна шырэйшая, чым задакумэнтаваныя ў аглядзе выпадкі, пішуць аўтары справаздачы.

Паводле дасьледаваньня, часам дзяржаўныя органы не паведамляюць пра рэпрэсіі публічна, суды перасталі публікаваць расклады судовых паседжаньняў, на сайце Вярхоўнага суду закрыты доступ да базы судовых рашэньняў, не публікуецца судовая статыстыка. Праваабаронцы часьцяком даведваюцца пра перасьлед толькі пасьля ўнясеньня чалавека ў «экстрэмісцкі» ці «тэрарысцкі» сьпісы.

За першыя тры месяцы 2025 году праваабаронцы даведаліся пра 188 прысудаў паводле «экстрэмісцкіх» артыкулаў Крымінальнага кодэксу і пра 450 палітычна матываваных адміністрацыйных працэсаў. А ўсяго вядома пра 1370 выпадкаў палітычна матываваных рэпрэсіяў, большасьць якіх чынілі ў межах барацьбы з «экстрэмізмам». Часта чалавеку інкрымінуюць адразу некалькі «экстрэмісцкіх» артыкулаў.

Імёны 280 асобаў дабаўленыя за тры месяцы году ў сьпіс экстрэмістаў, які вядзе МУС (усяго там 5297 чалавек).

Вынесены самы жорсткі прысуд: беларуса Паўла Вабішчэвіча (у справе «памагатых УСУ») асудзілі на 23 гады пазбаўленьня волі (але ў траўні 2025 году быў вынесены яшчэ больш жорсткі прысуд — 25 гадоў — Барысу Пухальскаму, абвінавачанаму ў арганізацыі тэрарыстычнага акту ля Талачына. — РС)

Павал Вабішчэвіч падчас следчага экспэрыменту. Скрыншот з фільма АНТ

Паслабленьні для ўсіх, акрамя «экстрэмістаў»

17 лютага 2025 году Аляксандар Лукашэнка падпісаў Закон № 61-З «Аб зьмене кодэксаў у пытаньньнях крымінальнай злачыннасьці». Улады пазыцыянуюць гэты закон як «гуманістычны праект» — пакараньні за 97 складаў злачынстваў былі перагледжаныя, для 65 ўведзеныя мякчэйшыя кары. Намесьнік старшыні Вярхоўнага суду Валеры Калінковіч заявіў, што некалькі тысяч прысудаў могуць быць перагледжаныя ў бок зьмякчэньня.

Аднак гэта ня тычыцца злачынстваў «экстрэмісцкай накіраванасьці». У Крымінальны кодэкс увялі два новыя артыкулы. Гэта артыкул 366-1 «Гвалт альбо пагроза гвалту ў адносінах прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь, у тым ліку які спыніў свае паўнамоцтвы». Пакараньне — ад абмежаваньня волі да турмы ад 3 да 8 гадоў.

Таксама новы артыкул 375-3 «Несанкцыянаванае пашырэньне інфармацыі пра разьмяшчэньне альбо перамяшчэньне падразьдзелаў, вайсковай тэхнікі і боепрыпасаў». Экспэрт Human Constanta Яўген кажа, што пасьля 2022 году ўжо амаль не было затрыманьняў за зьвесткі пра вайсковую тэхніку.

«Але 5 лютага стала вядома, што сілавікі атрымалі доступ да дадзеных пра Тelegram-акаўнты людзей, якія слалі паведамленьні «Беларускаму Гаюну», затрыманьні аднавіліся. Толькі за 3 дні, з 6 па 9 лютага, у фонд BySol зьвярнуліся 150 беларусаў з просьбай аб тэрміновай эвакуацыі. Сілавікі затрымалі дзясяткі чалавек, якія ў 2022 годзе слалі інфармацыю «Беларускаму Гаюну», — кажа Яўген.

Пра масавыя затрыманьні ў справе «Беларускага Гаюна» 25 сакавіка паведамляла «Вясна».

Фота з вайскоўцамі ў Мазыры, сакавік 2022 году

«Генацыд», «здрада дзяржаве», пратэсты 2020 году

Зноў ёсьць асуджаны за генацыд, гэта чалавек 1910 году нараджэньня, які памёр у 1997 годзе. Гэта ужо трэці выпадак, калі судзяць памерлых — без прызначэньня пакараньня. У справе Сямёна Серафімовіча больш за 30 тамоў. Працягваюцца суды за пратэсты ў 2020 годзе: 5 асуджаных паводле артыкулу 293 Крымінальнага кодэксу («масавыя беспарадкі») і 112 — паводле 342 артыкулу («арганізацыя дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак»). Праваабаронцы лічаць, што сілавікі сьпяшаюцца пакараць як мага больш людзей, бо ўвосень 2025 году сканчаецца 5-гадовы тэрмін даўніны па 342-м артыкуле. Прысуды да 2 да 4 гадоў пазбаўленьня волі або 2–3 гады «хатняй хіміі».

7 прысудаў вынесеныя паводле артыкулу 356 — «здрада дзяржаве». 10 гадоў турмы прызначылі кіраўніку аналітычнага цэнтру Belarus Security Blog, вайсковаму экспэрту Андрэю Паротнікаву. Асудзілі таксама некалькіх супрацоўнікаў мытні, памежніка (на тэрміны 9–10 гадоў).

Андрэй Паротнікаў, архіўнае фота

Забарона кніг

У сьпіс кніг, здольных нанесьці шкоду нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусі, за тры месяцы 2025 году дадалі яшчэ 30 найменьняў. Найперш гэта гістарычная літаратура, якая крытыкуе афіцыйную вэрсію гісторыі.

— «ГУЛАГ» Эн Эплбаўм — дасьледаваньне гісторыі савецкіх працоўных лягераў, рэпрэсіяў і таталітарнай сыстэмы (2003 год);

— «Тайны беларуской истории» Вадзіма Дзеружынскага (2011);

— «Кроў i попел Дражна: Гiсторыя партызанскага злачынства» Віктара Хурсіка (2003);

— «Партизаны СССР: от мифов к реальности» Сяргея Захарэвіча (2012);

— «Случайный президент» Паўла Шарамета і Сьвятланы Калінкінай (2004).

Прызнаныя шкоднымі таксама літаратура на тэму ЛГБТК+, кнігі на сэксуальную тэму, выданьні пра падлеткаў, а таксама «літаратура на змрочныя, шакавальныя і правакацыйныя тэмы» (кшталту «Калыханкі» Чака Паланіка — раман пра журналіста, які знаходзіць сьмяротны заклён у старой калыханцы).

Вярхоўны суд Беларусі, ілюстрацыйнае фота

Кулінарны YouTube-канал, лягатып брэнду адзеньня, інстаграм польскага музыкі

За студзень–сакавік 2025 году на сайце Міністэрства інфармацыі зьявіліся зьвесткі пра 489 новых судовых рашэньняў аб прызнаньні матэрыялаў і тэлеграм-рэсурсаў «экстрэмісцкімі». Акрамя незалежных беларускіх і ўкраінскіх СМІ, тэлеграм-каналаў і акаўнтаў вядомых беларусаў (кшталту Паўла Латушкі, Мікалая Халезіна, Паўла Лібера, Натальлі Радзінай, Вадзіма Мажэйкі) ёсьць і абсурдныя папаўненьні, кажа праваабаронца Яўген.

«Экстрэмісцкімі» прызнаныя YouTube-канал «Усё спачатку» на кулінарную тэматыку; лягатып брытанскага брэнду вулічнага адзеньня «‎Boy London» у выглядзе чорнага арла; Instagram польскага музыкі Sw@da (Віктара Шчыгела), які разам зь сьпявачкай Нікай Юрчук выканаў песьню на падляскім дыялекце і выйшаў у фінал нацыянальнага адбору Польшчы на «Эўравізію»; групы ў «‎Аднакласніках» кшталту «Пинск: Блошиный рынок», «Отделочные работы Барановичи и вся Беларусь», — пералічвае Яўген.

Прафіляктычная работа з сваякамі палітзьняволеных, кантроль за былымі вязьнямі, шматлікія лекцыі ў ВНУ, школах — далёка ня новыя формы. Пачалася «барацьба з экстрэмізмам» на працоўных месцах.

Паводле інфармацыі Human Constanta, кіраўнікі многіх арганізацыяў патрабуюць ад супрацоўнікаў запоўніць адмысловую анкету.

«Гэта „Анкета на прадмет выяўленьня ўзроўню антыэкстрэмісцкай асабістай пазыцыі“. Там 13 пытаньняў накшталт: „Якое стаўленьне ў вас выклікае дзейнасьць экстрэмістаў?“, „Ці ёсьць у вас жаданьне ўвайсьці ў шэрагі экстрэмісцкіх арганізацый, фармаваньняў?“, „Ці кантралюеце вы свае эмоцыі ў канфліктнай, стрэсавай сітуацыі?“» — гаворыць правабаронца.

Як высьветлілася, гэтыя анкеты «зьлізаныя» з расейскіх «мэтадычак», — сьцьвярджае Яўген.

Разважаць пра гістарычную памяць сталі запрашаць і адыёзных асобаў. Студэнтам БДУ арганізавалі сустрэчу з расейскім «баронам сьмерці» Віктарам Бутам, якога ў ЗША прыгаварылі да 25 гадоў турмы за змову аб продажы зброі, а ня так даўно абмянялі на расейскіх палітзьняволеных, адзначае яшчэ адну трывожную тэндэнцыю праваабаронца.