У Расеі аштрафавалі кампанію Apple за «ЛГБТ-прапаганду»

Лягатып кампаніі Apple

Улады ў Маскве працягваюць судзіць міжнародныя кампаніі паводле закону пра прапаганду «нетрадыцыйных стасункаў».

Расейскі суд аштрафаваў амэрыканскага тэхналягічнага гіганта Apple на 7,5 мільёна расейскіх рублёў (93 500 даляраў ЗША) за тры асобныя парушэньні расейскіх правілаў аб тым, што Масква называе ЛГБТ-прапагандай, паведаміла ў панядзелак прэс-служба маскоўскіх судоў.

У 2023 годзе Расея пашырыла абмежаваньні на прапаганду «нетрадыцыйных сэксуальных стасункаў» на фоне больш шырокіх рэпрэсій супраць правоў ЛГБТ, якія прэзыдэнт Уладзімір Пуцін імкнуўся паказаць як доказ маральнага заняпаду ў заходніх краінах.

Таганскі суд Масквы прызнаў Apple Distribution International Ltd. вінаватай у трох адміністрацыйных правапарушэньнях, загадаўшы выплаціць тры штрафы па 2,5 мільёна расейскіх рублёў кожны.

Apple не адразу адказала на запыт аб камэнтары, адпраўлены па электроннай пошце.

Прадстаўнік Apple у судзе папрасіў, каб слуханьні былі закрытымі для публікі, паведаміла інфармацыйнае агенцтва Mediazona, што азначае, што корань кожнай спрэчкі невядомы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вярхоўны суд Расеі прызнаў «экстрэмісцкай арганізацыяй» няісны «міжнародны грамадзкі рух ЛГБТ»

Расея прызнала «міжнародны ЛГБТ-рух» экстрэмісцкім, а тых, хто яго падтрымлівае, — тэрарыстамі, што адкрыла шлях для сур’ёзных крымінальных спраў супраць ЛГБТ і іх прыхільнікаў.

Расейскія суды выпісалі штрафы тым, хто парушае закон аб «прапагандзе ЛГБТ», у тым ліку дыстрыб’ютарам і кіраўнікам плятформаў онлайн-фільмаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Расеі суд арыштаваў на 5 дзён дзяўчыну за вясёлкавыя завушніцы