«Заціснулі апэратараў». Чаму Беларусь і Расея скасоўвалі роўмінг восем гадоў, але так і не змаглі зрабіць гэта цалкам

Ілюстрацыйнае фота

Размовы пра скасаваньне роўмінгу паміж апэратарамі абедзьвюх краін пачаліся ў 2017 годзе. Але адбылося гэта ў вельмі абмежаваным выглядзе і толькі ў сакавіку 2025 году. Паразмаўлялі з экспэртам аб прычынах.

Ідэя скасаваць роўмінг (дадатковую плату за паслугі мабільнай сувязі для абанэнтаў, якія выяжджаюць за мяжу і трапляюць у зону пакрыцьця апэратараў іншых краін. — РС) паміж Беларусьсю і Расеяй стала адным з сымбаляў збліжэньня дзяржаваў. Падобна як увядзеньне адзінай валюты або стварэньне наднацыянальных органаў улады. І калі пра валюту і органы па-ранейшаму збольшага толькі размовы, то справа з роўмінгам зрушылася зь мёртвага пункту.

Камфортныя тарыфы

Дамову падпісвалі асабіста Пуцін і Лукашэнка, заявы пра скасаваньне роўмінгу публікавалі на сайтах Крамля і беларускага Міністэрства сувязі. Адпаведны дакумэнт назвалі «Аб стварэньні камфортных тарыфаў для карыстаньня паслугамі сувязі і перадачы дадзеных на тэрыторыі Саюзнай дзяржавы (скасаваньне роўмінгу ў Саюзнай дзяржаве)».

Падпісалі яго ў сьнежні 2024 году, фактычна карыстацца беларускімі SIM-картамі на тэрыторыі Расеі на новых умовах стала магчыма з 1 сакавіка 2025 году. Аднак не без падводных камянёў. Званіць зь Беларусі ў Расею праз мабільны тэлефон паводле ўнутраных тарыфаў ня ўдасца — асобныя расцэнкі на званкі паміж дзяржавамі захаваліся. Тое самае ў адваротным кірунку. Карыстацца пры перасячэньні мяжы сваім беларускім ці расейскім нумарам можна, аднак неабходна выбіраць адпаведнага партнэра свайго апэратара і мець падключаную адпаведную паслугу.

Аляксандар Лукашэнка прадэманстраваў свой тэлефон на сустрэчы з студэнтамі 27 верасьня 2024, ілюстрацыййнае фота

З мабільным інтэрнэтам яшчэ больш складана. Аб’ём дадзеных, уключаных у пакет «бязроўмінгавага пагадненьня», абмежаваны 5 гігабайтамі. Для іх ёсьць асобны тарыф — каля 25 рублёў за ўвесь аб’ём. Усё, што звыш таго — паводле ранейшых «роўмінгавых» цэнаў. Пры актыўным карыстаньні TikTok і YouTube скарыстаць умоўна «бясплатныя» 5 гігабайт можна за некалькі дзён. На тэрыторыі Эўразьвязу, для параўнаньня, пакет «бясплатнага» інтэрнэту ў апэратараў складае звычайна 10-15 гігабайт, за якія плаціць дадаткова свайму апэратару не трэба.

У выніку профільныя СМІ як Расеі так і Беларусі ў сапраўднасьці скасаваньня роўмінгу паміж краінамі засумняваліся. А набыць пасьля перасячэньня мяжы SIM-карту ў расейскага ці беларускага апэратара для грамадзян абедзьвюх краін па-ранейшаму значна таньней, чым карыстацца на тэрыторыі іншай краіны сваёй «сімкай».

Перакос

Чаму скасаваць роўмінг паміж краінамі так складана нават зь непасрэдным удзелам Лукашэнкі і Пуціна, у размове са Свабодай патлумачыў выканаўчы дырэктар арганізацыі «Таварыства абароны інтэрнэту» Міхаіл Клімароў.

«З розных прычынаў, у першую чаргу эканамічных, — кажа Міхаіл. — Бо што такое роўмінг? Ёсьць два апэратары сувязі, якія маюць розныя інфраструктуры. І да аднаго апэратара прыедуць сто тысяч чалавек, а да іншага — дзесяць тысяч. І нагрузка на інфраструктуру будзе рознай, а цэны для ўсіх адны і тыя ж. Таму існуе практыка выроўніваньня гэтых перакосаў — роўмінг».

З словаў экспэрта, скасаваньне роўмінгу да таго ж даволі складаны тэхнічны працэс. Трэба дадатковае абсталяваньне, праграмнае забесьпячэньне. Усё гэта мае быць адпаведным чынам падрыхтавана. Акрамя гэтага, існуюць і юрыдычныя праблемы — розныя законы, розныя правілы, розная бізнэс-практыка, якіх трымаюцца на тэрыторыі розных дзяржаў зарэгістраваныя там апэратары. Усё гэта вымагае ўзгадненьня і карэкцыі. Паводле Клімарова, у кожнага мабільнага апэратара роўмінгам займаюцца цэлыя асобныя аддзелы, якія дамаўляюцца з апэратарамі іншых краін аб цэнах і ўмовах роўмінгу для званкоў і перадачы дадзеных.

Міхаіл Клімароў

«Наколькі я ведаю, людзей з расейскімі SIM-картамі ў Беларусь езьдзіць калі ня ў дзесяць, то ў 3-5 разоў больш, чым наадварот, — кажа экспэрт. — Існуе перакос. Беларускім апэратарам сувязі ў выніку скасаваньне роўмінгу нявыгадная, у іх большая нагрузка на інфраструктуру, а грошай больш ня будзе. Апэратарам жа трэба зарабляць, ніхто інфраструктуру ў запас не будуе. Яны разьлічваюць яе магутнасьці з увагі на колькасьць карыстальнікаў. Менш паставіш — яны будуць незадаволеныя, якасьць сувязі ўпадзе. Больш паставіш — больш сам заплаціш, не акупіш абсталяваньня».

«Чыстая палітыка»

Словы Міхаіла Клімарова ў размове з Свабодай на ўмовах ананімнасьці пацьвярджае супрацоўнік маркетынгавага аддзелу аднаго зь беларускіх мабільных апэратараў. Паводле суразмоўцы, новаўвядзеньне нельга назваць паўнавартасным скасаваньнем роўмінгу паміж краінамі.

«Нам гэтага ўсяго дакладна ня трэба, — кажа суразмоўца. — Мы будзем менш зарабляць, чым траціць. Ідэя дакладна ішла „зьверху“ (ад чыноўнікаў. — РС). Я ня ведаю усіх падрабязнасьцяў, аднак нашая кампанія гэтага ніколі б не зрабіла самастойна, з уласнай ініцыятывы».

Пра магчымы памер стратаў, паводле той жа крыніцы, пакуль гаварыць рана. «Скасаваньне роўмінгу» толькі пачало працаваць, асноўны паток расіян у Беларусь прыбудзе летам, падчас вакацыяў. Раней яны ўсе, як правіла, куплялі беларускія «сімкі» і прыносілі прыбытак беларускім апэратарам. Зараз гэтага можа ня быць.

Ілюстрацыйнае фота

«Вось уявіце, у вас на 10-мільённую краіну ёсьць, скажам, 10 мільёнаў абанэнтаў, і ўсе апэратары разьлічваюць сваю інфраструктуру, зыходзячы з гэтага, — працягвае экспэрт „Таварыства абароны інтэрнэту“ Міхаіл Клімароў. — А тут прыяжджаюць яшчэ 3 мільёны абанэнтаў з расейскімі SIM-картамі летам. І пад іх прыходзіцца разьлічваць новую інфраструктуру. А грошай ты з гэтых новых абанэнтаў узяць ня можаш, яны ж у іншага апэратара. І пачынаюцца гульні, хто каму колькі плаціць. Для Расеі гэта ўсё незаўважна, Расея ў 10 разоў большая за Беларусь. Для Расеі гэтыя 30% абанэнтаў з чужымі SIM-картамі ператвараюцца ў 3%».

З словаў абодвух суразмоўцаў, дзяржава кампэнсаваць дадатковыя выдаткі апэратарам наўрад ці будзе. Такой практыкі няма ні ў Беларусі, ні ў Расеі.

«Скасаваньне роўмінгу — гэта чыстая палітыка, — кажа Міхаіл Клімароў. — Як кажуць, заціснулі апэратараў. Я думаю, больш дасталася беларусам. Расейскім што там — прыедзе зь Беларусі мільён чалавек. Гэта ня так шмат у параўнаньні з агульнай лічбай людзей, якія прыяжджаюць штогод у Расею».

Аб плянах далей працаваць у кірунку скасаваньня роўмінгу паміж Беларусьсю і Расеяй улады абедзьвюх краін пакуль не паведамляюць.