Польшча сканфіскавала шыны для самалётаў Boeing, якія везьлі транзытам празь Беларусь і Расею

Самалёт Boeing, які выкарыстоўваецца ў Расеі. Архіўнае фота

Увоз падобных тавараў у Расею забараняюць заходнія санкцыі, накіраваныя на тое, каб Масква спыніла вайну супраць Украіны, якую яна вядзе пры падтрыманьні ўладаў Беларусі.

Як піша Reuters, польская мытня сканфіскавала 5 тонаў шынаў для цывільных самалётаў Boeing, якія мелі праехаць транзытам празь Беларусь і Расею.

Пра гэта паведаміла ў панядзелак Нацыянальная падатковая адміністрацыя краіны, дадаўшы, што такія тавары падлягаюць санкцыям Эўрапейскага Зьвязу.

Заходнія санкцыі супраць Расеі і Беларусі ня раз узмацнялі з пачатку поўнамаштабнага ўварваньня ва Ўкраіну ў 2022 годзе, але вайна не спынілася.

«Супрацоўнікі выявілі падчас праверкі грузавіка ў Карошчыне, што кіроўца перавозіў шыны, якія выкарыстоўваюцца ў цывільных самалётах Boeing, замест заяўленых аўтамабільных і аўтобусных шынаў», — паведаміла Нацыянальная падатковая адміністрацыя Польшчы.

«Адпраўніком тавару была кампанія з Гішпаніі, а атрымальнікам — з Азэрбайджану. У сувязі з мытным махлярствам была распачата крымінальная справа за падатковае махлярства. Тавары, якія падлягаюць санкцыям, былі затрыманыя».

У заяве не называецца вытворца шын.

Неўзабаве пасьля ўварваньня Расеі ва Ўкраіну ў 2022 годзе Boeing заявіла, што прыпыняе пастаўкі запчастак, тэхнічнае абслугоўваньне і тэхнічную падтрымку для расейскіх авіякампаній, а таксама асноўныя апэрацыі ў Маскве. Яна таксама заявіла, што строга выконвае правілы экспартнага кантролю і абмежаваньняў.

Расейская авіяцыйная прамысловасьць, якая моцна залежыць ад самалётаў замежнай вытворчасьці, з цяжкасьцю забясьпечвае краіну дастатковай колькасьцю самалётаў для задавальненьня попыту на авіяпералёты.

  • 2 сакавіка 2022 году, неўзабаве пасьля поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну, ЗША наклалі на беларускага авіяперавозьніка «Белавія» абмежаваньні экспарту прадукцыі авіяцыйнай сфэры і ліцэнзаваньня пэўных самалётаў і дэталяў.
  • 9 жніўня 2023 году «Белавія» трапіла ў санкцыйны сьпіс ЗША.
  • У 2023 годзе генэральны дырэктар авіякампаніі Ігар Чаргінец прызнаў, што пляны мадэрнізацыі флёту самалётаў авіякампаніі «Белавія» парушаныя праз увод заходніх санкцыяў.
  • У лютым 2022-га Эўразьвяз увёў санкцыі супраць РФ, якія прадугледжваюць забарону на продаж самалётаў, іх дэталяў і абсталяваньня расейскім авіякампаніям. Найбуйнейшыя авіявытворцы — Airbus і Boeing — адмовіліся ад паставак самалётаў у Расею.
  • Boeing таксама прыпыніў пастаўкі дэталяў, тэхнічнае абслугоўваньне і тэхнічную падтрымку расейскіх авіякампаніяў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ICAO прызнала Расею вінаватай у катастрофе малайзійскага Boeing рэйсу MH17
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША пашырылі санкцыі ў дачыненьні да Беларусі. У тым ліку на самалёт Лукашэнкі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнік «Белавія» расказаў, як ставяць запчасткі да самалётаў ва ўмовах санкцый