Масква ўзмацняе ўдары дронамі напярэдадні магчымых размоў Трампа з Пуціным і Зяленскім

Пажарныя на месцы ўдару расейскага бесьпілётніка на ўскраіне Сум. Архіўнае фота

Расея ўзмацніла сваю сэрыю сьмяротных удараў бесьпілётнікамі па Ўкраіне, апошнія напады адбыліся ў Кіеўскай і Сумскай вобласьцях, нягледзячы на тое, што прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што пагаворыць з расейскім і ўкраінскім лідэрамі ў надзеі на прарыў у спыненьні агню.

Раніцай 18 траўня кіраўнік Кіеўскай вобласьці заявіў, што 28-гадовая жанчына загінула, а 4-гадовае дзіця — сярод параненых у выніку ўдару расейскага бесьпілётніка ў Абухаўскім раёне.

Напярэдадні Ўкраіна пацярпела ад яшчэ больш сьмяротнага нападу, калі ўдар расейскага бесьпілётніка трапіў у мікрааўтобус з мірнымі жыхарамі ў Сумскай вобласьці недалёка ад расейскай мяжы, забіўшы дзевяць чалавек і параніўшы некалькі іншых, паведамілі ўкраінскія ўлады.

Напады адбыліся пасьля таго, як прамыя мірныя перамовы паміж Кіевам і Масквой у Стамбуле 16 траўня — першыя за амаль тры гады — не прывялі да прарыву, а Ўкраіна абвінаваціла Расею ў вылучэньні «непрымальных» патрабаваньняў.

Расея адхіліла заклікі Ўкраіны, эўрапейскіх краін і ЗША да 30-дзённага спыненьня агню ў вайне, якая ідзе ўжо чацьвёрты год.

У паведамленьні ў сацыяльнай сетцы 17 траўня Трамп заявіў, што пагаворыць з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным па тэлефоне 19 траўня а 10-й раніцы па ўсходнім часе (17:00 па менскім часе).

«Тэмамі размовы будуць... спыненьне „крывавай лазьні“, якая забівае ў сярэднім больш за 5000 расейскіх і ўкраінскіх салдат у тыдзень, і гандаль», — напісаў Трамп, дадаўшы, што затым ён пагаворыць з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім і правядзе групавую размову з Зяленскім і «рознымі чальцамі NATO».

«Спадзяюся, што гэта будзе прадуктыўны дзень, адбудзецца спыненьне агню, і гэтая вельмі жорсткая вайна, вайна, якая ніколі не павінна была адбыцца, скончыцца», — напісаў Трамп.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расейскі бесьпілётнік атакаваў аўтобус у Сумскай вобласьці, 9 чалавек загінулі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Стамбуле прайшлі мірныя перамовы паміж Украінай і Расеяй. Што пра гэта вядома. ФОТА