За пяць гадоў у Беларусі колькасьць дзяцей-інвалідаў вырасла на 17,7 працэнта

Інвалідны вазок. Ілюстрацыйнае фота

Органы пракуратуры правялі маштабную праверку выкананьня заканадаўства ў сфэры сацыяльнай абароны правоў дзяцей з інваліднасьцю.

Вынікі праверкі паказалі істотныя парушэньні, якія перашкаджаюць прафіляктыцы інваліднасьці і паўнацэннай рэабілітацыі непаўналетніх, заявіла Генэральная пракуратура Беларусі.

Праверкі закранулі дзейнасьць органаў аховы здароўя, адукацыі, працы, занятасьці і сацыяльнай абароны, а таксама падведамных ім арганізацый. Як было ўстаноўлена пракурорамі

  • у большасьці выпадкаў не праводзілася комплексная ацэнка стану здароўя дзяцей-інвалідаў;
  • праграмы мэдыцынскай, прафэсійнай і сацыяльнай рэабілітацыі распрацоўваліся без уліку індывідуальных запатрабаваньняў;
  • выяўлены недагляды пры міжведамасным узаемадзеяньні.

Паводле зьвестак Генэральнай пракуратуры, за апошнія пяць гадоў у Беларусі

  • агульная колькасьць дзяцей-інвалідаў вырасла на 17,7 працэнта;
  • колькасьць дзяцей з цяжкімі формамі страты здароўя — на 12,7%;
  • колькасьць непаўналетніх з псыхічнымі расстройствамі, уключаючы аўтызм, павялічылася ўдвая;
  • на 8 працэнтаў стала больш дзяцей з асаблівасьцямі псыхафізычнага разьвіцьця.

У 2024 годзе рэабілітацыяй у стацыянарных умовах было ахоплена толькі 19% з ліку дзяцей-інвалідаў, якія маюць у ёй патрэбу.

Па выніках праверкі Генэральная пракуратура накіравала сваю інфармацыю ва ўрад.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Кілямэтры дакумэнтаў». З чым сутыкаюцца за мяжой беларускія палітуцекачы, якія маюць інваліднасьць