«Мы ператварылі боль і страх у формы салідарнасьці». Як беларускія жанчыны зьмяняюць нацыю

Імпрэза «Яе гісторыя, наша будучыня: беларускія жанчыны, якія мяняюць сьвет»

У Францускім інстытуце ў Празе 15 траўня адбылася 3-гадзінная імпрэза «Яе гісторыя, наша будучыня: беларускія жанчыны, якія мяняюць сьвет», на якой вядомыя беларускі расказвалі, як жанчыны паўплывалі на пратэсты супраць дыктатуры ў 2020 годзе і як яны працягваюць змагацца за свабоду зараз.

Імпрэзу адкрыла кіраўніца Офісу дэмакратычных сілаў Беларусі ў Празе Крысьціна Шыянок. Яна расказала пра нагоду для сустрэчы.

«Сёньня мы сабраліся тут, каб адзначыць ролю жанчын у нашай рэвалюцыі, якая пачалася ў 2020 годзе. І пагаварыць пра беларусак як нашу надзею на будучыню. Гэтая дата вельмі сымбалічная. У гэты дзень, пяць гадоў таму, Цэнтральная выбарчая камісія ў Менску зарэгістравала ініцыятыўную групу Сьвятланы Ціханоўскай. Група афіцыйна пачала збор подпісаў людзей, каб зрабіць Сьвятлану афіцыйным кандыдатам у прэзыдэнты».

Крысьціна Шыянок

Прысутныя пабачылі таксама відэазварот Сьвятланы Ціханоўскай, якая расказала пра свае першыя крокі ў палітыцы.

«Гэта было нялёгкае рашэньне для мяне. Я была звычайнай жанчынай, маці дваіх дзяцей, хатняй гаспадыняй. У той час мяне нават не цікавіла палітыка. Вырастаючы жанчынай у патрыярхальным постсавецкім грамадзтве, я часта адчувала сябе забытай і, безумоўна, не заахвочванай кіраваць, а быць кіраванай мужчынамі. Спачатку ўлады сьмяяліся з мяне. Дыктатар заявіў, што наша краіна не гатовая да жанчыны-прэзыдэнта. Як вы ўсе ведаеце, ён памыляўся».

Палітык нагадала, што сярод больш як 1200 палітвязьняў у беларускіх турмах, прынамсі 150 зь іх — жанчыны.

Працягнуў вечар монаспэктакль Connection. Ён прысьвечаны беларускім палітвязьням, у прыватнасьці Марыі Калесьнікавай, якая ўжо больш за 5 гадоў у турме. Спэктакль стварыла беларуская рэжысэрка Марына Якубовіч, якая больш за 15 гадоў была вядучай акторкай «Беларускага свабоднага тэатру». Марына — адна з галоўных гераіняў фільму Аляксандра Палуяна «Адвага». Цяпер яна стварае ўласныя тэатральныя праекты і выкладае акторскае майстэрства ва ўнівэрсытэце Mozarteum у Зальцбургу. Пасьля выступу Марына расказала, як ствараўся гэты монаспэктакль.

«Ён заснаваны на гісторыях былых палітзьняволеных. Мяне зь імі зьвязаў праект „Палітвязынка“, які, на жаль, мусіў спыніць існаваньне. Я ўзяла інтэрвію ў многіх жанчын. Мяне моцна зьдзівіла, калі кожная зь іх казала, што ёй „яшчэ пашанцавала“, „мяне арыштавалі, але ня білі“, „мяне білі, але ня моцна“, „у мяне прынамсі не забралі дзяцей“.

Марына Якубовіч, спэктакаль Connection

Мне пашанцавала атрымаць стыпэндыю ў Зальбургу, дзе я і стварыла гэты спэктакль. Ён створаны для эўрапейцаў, людзей, якія менш ведаюць пра Беларусь. І я бачу, што людзі мяняюцца, адгукаюцца, пішуць, распытваюць. Але бяда ў тым, што фокус увагі хутка пераскоквае на іншыя праблемы. Людзі пераключаюцца на іншае, бо ў сьвеце шмат болю. Менавіта таму мы мусім гаварыць пра Беларусь і не спыняцца». — сказала Марына Якубовіч.

Пасьля спэктаклю адбылася дыскусія пра ролю беларускіх жанчын у пратэстах і пасьля іх. Мадэравала гэтую сустрэчу журналістка Радыё Свабода Ганна Соўсь. Сваімі гісторыямі і рэфлексіямі падзяліліся музыка Галіна Казіміроўская, філёзафка Вольга Шпарага і галоўная рэдактарка тэлеканалу «Белсат» Аліна Коўшык.

Кіраўніца «Вольнага хору» і Мастацкай школы імя Равенскага ў Варшаве Галіна Казіміроўская мусіла пакінуць Беларусь некалькі гадоў таму. Падчас пратэстаў 2020–2021 гадоў музыка ладзіла выступы свайго хору ў публічных месцах. Яны сьпявалі нацыянальныя песьні. Сілавікі арыштоўвалі за гэта і самую дырыгентку, і ўдзельнікаў хору.

«Да 2020 году я была па-за палітыкай, як і большасьць. Але ўвесну таго году я пайшла ў ініцыятыўную групу Віктара Бабарыкі, зьбірала подпісы. Гэта быў мой першы палітычны досьвед. Страшна было рабіць такія крокі. Але было шмат надзеі. 9 жніўня я была каля Стэлы. Гэта быў першы досьвед вулічных пратэстаў у маім жыцьці. Пасьля зь іншымі музыкамі мы пачалі сьпяваць на вуліцы. Думалі, што гэта будзе аднаразовая акцыя. Нас разганяў АМАП, але мы ўсё роўна хацелі працягваць. З вуліц мы перайшлі ў гандлёвыя цэнтры, бо там было 3–5 хвілін, пакуль не прыедзе АМАП. 200 чалавек адначасова сьпявалі беларускія песьні, а людзі побач падпявалі, плакалі. Тады было вельмі цяжка, пачыналіся рэпрэсіі, але песьні нас падтрымлівалі. Калі ты сьпяваеш адзін, то гэта проста голас. А хор — гэта інструмэнт, дзе важны кожны чалавек і дзе мы адчуваем моц».

Галіна Казіміроўская (справа) і Вольга Шпарага

Пасьля «содняў» у ізалятары і пагрозаў забраць дзяцей у прытулак жанчына прыняла рашэньне выехаць у Варшаву. У эміграцыі Галіна Казіміроўская засталася музыкай і кампазытаркай, працягвае працаваць, ствараць. У год «Вольны хор» дае каля 50 канцэртаў.

Філёзафка Вольга Шпарага працуе выкладчыцай ва Ўнівэрсытэце дыстанцыйнага навучаньня ў Гаґэне (Нямеччына) і дасьледчыцай у Цэнтры гісторыі трансфармацыі ў Вене. Падчас пратэстаў Вольга таксама трапіла за краты і пасьля мусіла зьехаць зь Беларусі. У эміграцыі яна напісала кнігу «У рэвалюцыі жаночы твар», прысьвечаную беларускім пратэстам. За яе філёзафка атрымала прэмію Алеся Адамовіча.

«Яшчэ ў чэрвені 2020 году я ўбачыла, як актывізуюцца жанчыны. Гэта было пасьля арышту калекцыі „Белгазпрамбанку“ і „Эвы“ Хаіма Суціна. Партрэт 1928 году стаў першым сымбалем пратэсту. І жанчыны тады аб’ядналіся, каб уратаваць гэтую калекцыю. Але пра жанчын тады мала пісалі публічна. Я палічыла, што трэба гэта мяняць. Размаўляла, пісала, і так справа дайшла да кнігі. У ліпені мы ўбачылі аб’яднаны штаб, які стаў жаночым штабам. Розныя жанчыны аб’ядналі нашае грамадзтва. Пасьля першых пратэстаў узьніклі жаночыя „ланцугі салідарнасьці“ і жаночыя маршы. Жанчыны блякавалі калёны сілавікоў, адбівалі людзей ад затрыманьня. У турмах мы ўсім дзяліліся, падтрымлівалі адна адну і не баяліся пасьля пра ўсё гэта гаварыць. Мы ператварылі боль і страх у формы салідарнасьці. Вельмі важна, каб дакумэнтаваць гэта ўсё, каб мы маглі рухацца наперад».

Аліна Коўшык, галоўная рэдактарка «Белсату», расказала пра зьняволеных журналістак каналу Ірыну Слаўнікаву, Кацярыну Андрэееву і Ларысу Шчыракову. Яны трапілі ў турму за сваю прафэсійную дзейнасьць.

Зьлева направа: Ганна Соусь, Вольга Шпарага, Галіна Казіміроўская, Аліна Коўшык, Марына Якубовіч

«Іхныя гісторыі пацьвярджаюць, што беларускі — гэта неймаверна моцныя жанчыны. Калі яны нешта вырашылі, то зробяць гэта стоадсоткава. Каця Андрэева яшчэ ў вельмі маладым узросьце вырашыла стаць журналісткай. 21 лістапада 2021 году яна вяла стрым з „Плошчы Пераменаў“. І заплаціла за яго сваёй свабодай. Каця разам з апэратаркай Дашай Чульцовай стрымілі з балькону, з выпадковай кватэры, куды іх пусьцілі гаспадары. Калі ў нас да стрыму абмяркоўвалі, хто пойдзе туды працаваць, то ніхто з мужчын не захацеў. Дашу і Кацю затрымалі і асудзілі. Ларыса Шчыракова была нашай гомельскай карэспандэнткай. Яе затрымалі ў сьнежні 2022 году. Ларыса адна выхоўвала сына, пасьля яе арышту хлопца накіравалі ў прытулак. Але пазьней бацька, які жыве ў Расеі, змог яго забраць.

Іру Слаўнікаву арыштавалі ў аэрапорце, калі яна з мужам вярнулася з адпачынку. Арыштавалі за тое, што яна была афіцыйным прадстаўніком Белсату ў Беларусі. Фармальна за „кіраваньне экстрэмісцкім фармаваньнем“. За 17 гадоў працы „Белсат“ безьліч разоў падаваў заявы на акрэдытацыю, але нам пастаянна адмаўлялі. Іра спрабавала дамагчыся дазволу. Зараз Іра шые ў калёніі форму для сілавікоў. Калі б Іра была зараз тут, я думаю, што яна б сказала: „Не шкадуйце мяне, змагайцеся“», — сказала Аліна Коўшык.

Імпрэза «Яе гісторыя, наша будучыня: беларускія жанчыны, якія мяняюць сьвет»

Імпрэзу ладзіў Офіс дэмакратычных сілаў Беларусі ў Празе пры падтрымцы фонду Фрыдрыха Наўмана.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Нехта сказаў, што па нас могуць страляць». Тры гады таму ў Беларусі былі апошнія дагэтуль масавыя пратэсты. Пагаварылі зь іх удзельніцамі