15 траўня ў жодзінскай турме № 8 прайшлі вучэньні з удзелам АМАПу. За імі назіраў кіраўнік міліцыі Менскага раёну генэрал-маёр Андрэй Любімаў.
Сілавікі вучыліся спыняць грубыя парушэньні грамадзкага парадку ў месцах зьняволеньня, паведаміла УУС Менскага абласнога выканаўчага камітэту ў сваіх сацсетках.
Як бачна на фота, вязьняў вучыліся абясшкоджваць з дапамогай спэцтэхнікі, зброі і сабак.
Кіраўнік абласной міліцыі станоўча ацаніў дзеяньні сваіх падначаленых.
Гэткія мерапрыемствы будуць працягнуты, каб удасканальваць «рэагаваньне і ўзаемадзеяньне сілавых структур», зазначаецца ў паведамленьні.
У жодзінскай турме, акрамя падсьледных, знаходзяцца пакараныя пажыцьцёвым зьняволеньнем і вязьні, пераведзеныя з калёній на больш строгі турэмны рэжым.
Сярод іх, паводле «Вясны», 20 палітвязьняў, самы вядомы зь якіх — Сяргей Ціханоўскі. А таксама Ігар Аліневіч, Яўген Аношын, Юры Бялько, Мікіта Залатароў, Ягор Ібрагімаў, Дзяніс Івашын, Андрэй Кудзік, Руслан Лабанок, Аляксандар Лыкшын, Андрэй Любецкі, Аляксей Мельнікаў, Дзмітры Папоў, Аляксандар Раентаў, Яўген Рубашка, Алег Рубец, Андрэй Севяртока, Ігар Сідаровіч, Юры Ўласаў і Сяргей Яфімаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сяргей Ціханоўскі 2 гады — у рэжыме інкамунікада. Экспэрты ААН патрабуюць ад уладаў Беларусі паведаміць пра ягоны лёс