Калегія судзьдзяў разгледзела довады апэляцыйнай скаргі і прычыны, выкладзеныя ў заяве, а таксама ацаніла матэрыялы крымінальнай справы, паўторна прааналізавала сукупнасьць сабраных і дасьледаваных у справе доказаў, заслухала тлумачэньні ўдзельнікаў працэсу. Калегія пастанавіла, што прысуд суду першай інстанцыі аб асуджэньні Мантаса Данелюса быў правільна ацэнены на падставе доказаў. Пра гэта заявіла судзьдзя Віргінія Людвінавічэне.
«Суд першай інстанцыі абгрунтавана абапіраўся на паказаньні пацярпелых, сьведак і Дэпартамэнту дзяржаўнай бясьпекі, а таксама суд абгрунтавана абапіраўся на матэрыялы ліставаньня Мантаса Данелюса з іншымі асобамі», — заявіла судзьдзя, якую цытуе Delfi.
«Мантас Данелюс сабраў і перадаў вялікую колькасьць інфармацыі журналістцы, якая супрацоўнічала з прадстаўнікамі выведнай арганізацыі Рэспублікі Беларусь. Пры зборы гэтай інфармацыі ён выкарыстаў падман супраць прадстаўнікоў апазыцыі Рэспублікі Беларусь, і яго незаконныя дзеяньні могуць несьці небясьпеку для грамадзян Рэспублікі Беларусь, якія ўцяклі ў Літоўскую Рэспубліку ад перасьледу з боку дыктатарскага рэжыму, а таксама іхных сваякоў», — адзначыла калегія судзьдзяў.
Пасьля вынясеньня вэрдыкту Апэляцыйнага суду прысуд у гэтай крымінальнай справе набыў моц. Данелюс з прысудам ня быў згодны. Колішні адвакат знаходзіцца пад вартай у турме ў Шаўлях. У скарзе ён прасіў апраўдальнага выраку.
У час першага суду пракуратура патрабавала адправіць Данелюса ў турму на 11 гадоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Вільні суд прызнаў грамадзяніна Літвы вінаватым у шпіянажы на карысьць КДБ Беларусі. ФОТАУ справе ёсьць зьвесткі, што Данелюс, выконваючы заданьне Лебедзевай, у жніўні 2022 г. у Вільні сустракаўся з былым ваяром полку Каліноўскага Віктарам Савічам і пераканаў таго, што інфармацыя пра полк цікавіць амбасаду ЗША. Запісаўшы размову з Савічам, Данелюс пераслаў яе Лебедзевай праз Telegram.
Віленскі акруговы суд так і ня змог апытаць Савіча, бо летась у кастрычніку 34-гадовы Савіч загінуў у ДТЗ у Грыгораве (Грыгішках), яго зьбіла машына.
Мантаса Данелюса затрымалі ў Літве 28 верасьня 2022 году пры спробе ўцячы ў Беларусь.
Данелюса прызналі вінаватым ня толькі ў шпіянажы, а і ў спробах уплываць на сьведак — калі яго вызвалілі з-пад арышту да суду, ён напісаў аднаму зь іх, што «вострыць сякеру». Пасьля гэтага літоўца зноў арыштавалі.
Абвінавачаньне прыйшло да высновы, што беларуская прапагандыстка Ксенія Лебедзева інструктавала Данелюса, якую інфармацыю зьбіраць: яе найбольш цікавілі беларускія арганізацыі ў Літве, людзі, якія ўцякалі зь Беларусі ад перасьледу і якія дапамагалі ім уцякаць, шляхі іх эвакуацыі, вучэньні добраахвотнікаў палка імя Каліноўскага, іх узбраеньне і ланцугі паставак.
Данелюс змог увайсьці ў давер да беларускіх арганізацыяў і прапаноўваў ім юрыдычную дапамогу, але ягоныя пытаньні пачалі выклікаць падазрэньні.
Яшчэ да справы аб шпіянажы на карысьць КДБ Беларусі Мантас Данелюс быў асуджаны за фальсыфікацыю дакумэнтаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнік ураду Расеі ўзнагародзіў беларускую прапагандыстку. Яна была замяшаная ў скандалы ў Літве і Ўкраіне