Пра дату пачатку крымінальнага працэсу над актывісткай Нінай Багінскай паведаміў тэлеканал «Белсат». У судзе Першамайскага раёна Менска Свабодзе пацьвердзілі гэтую інфармацыю. Паводле канцылярыі суду, Багінскую абвінавачваюць па артыкуле 342-2 Крымінальнага кодэксу Беларусі (аб неаднаразовым парушэньні парадку правядзеньня масавых мерапрыемстваў) з-за адзіночных пікетаў.
Па гэтым артыкуле ёй пагражае да трох гадоў зьняволеньня.
У 2024 годзе на Ніну Багінскую тры разы складалі пратаколы па адміністратыўных справах аб парушэньні парадку правядзеньня масавых мерапрыемстваў. У суме яе аштрафавалі на 7200 рублёў (180 базавых).
Вядома, што падчас сьледзтва па крымінальнай справе Ніну Багінскую некалькі разоў вазілі на псыхіятрычную экспэртызу.
У Ніны Багінскай ужо ня раз вырывалі і забіралі бел-чырвона-белыя сьцягі, зь якімі яна выходзіла на пратэсты.
Аляксандар Лукашэнка ў 2020 годзе сказаў, што аддаў загад не чапаць Багінскую.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Багінская расказала, як сілавікі пасьля затрыманьняў возяць яе ў псыхіятрычны шпіталь «Навінкі» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лецішча Ніны Багінскай за штрафы выставілі на аўкцыён ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ніну Багінскую аштрафавалі на 2000 рублёў за маленькі значок на вопратцы